Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Капітан сыходзіць апошнім». Рэдактар «Нашай нівы» даў інтэрвію з-за кратаў


Ягор Марціновіч

Галоўны рэдактар выданьня «Наша ніва» Ягор Марціновіч знаходзіцца ў СІЗА зь ліпеня 2021 году. Фармальна — праз абвінавачаньне ў эканамічным злачынстве, але ўлады ўжо двойчы блякавалі сайт выданьня, а яго журналісты мусілі пакінуць Беларусь. BBC змагло задаць пытаньні Марціновічу.

«Са мной не размаўлялі, мяне білі, ім было няважна, што я скажу, — апавядае Марціновіч у лісьце пра абставіны свайго затрыманьня 8 ліпеня 2021 году. — Пыталіся: „За каго галасаваў на выбарах?“ І адразу ўдар. „Хто зараз прэзыдэнт?“ Нават калі адказваеш, што Лукашэнка, атрымліваеш па галаве кулаком. Апэратыўнікі, якія везьлі мяне, самі крычалі „Перамен“, „Верым, можам, пераможам“ — і працягвалі біць мяне. Яны лічылі гэта вельмі сьмешным».

Проста ўсё вакол выбухала

«Пасьля таго, як улады разграмілі Tut.by — найбуйнейшае онлайн-мэдыя ў краіне — стала зразумела, што прыйдуць па ўсіх, — камэнтуе Ягор Марціновіч. — Ці былі нейкія сыгналы, што будуць біць канкрэтна па нас? Ды не, проста ўсё вакол выбухала. Але мы працягвалі працаваць падкрэсьлена легальна».

«Зь мяне сьмяюцца нават ахоўнікі»

Ягору Марціновічу выставілі абвінавачаньне паводле эканамічнага артыкулу: прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу. Ён прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

«Зь мяне сьмяюцца нават ахоўнікі, мне сорамна сукамэрнікам казаць, у чым мяне абвінавачваюць, — кажа Марціновіч. — Нібыта „Наша ніва“ плаціла за электраэнэргію не па тым тарыфе, па якім была павінна [для фізычных асобаў, а не для юрыдычных], і электрасеткам нанесена шкода на суму 3500 рублёў. Пры гэтым само прадпрыемства ніколі не зьвярталася да нас з прэтэнзіямі. І нават цяпер, наколькі я ведаю, сьцьвярджае, што няма ніякай запазычанасьці».

Марціновіч дадае, што зь ліпеня зь ім не праводзілася ўвогуле ніякіх сьледчых дзеяньняў.

«Мяне проста замкнулі з помсты за маю прафэсійную дзейнасьць, — кажа ён. — Самае складанае — разумець, што марнуеш час, які можна было б правесьці з карысьцю. Прычым гэта ведаюць усе ўдзельнікі — і сьледчыя, і пракуроры. Але яны жывуць па прынцыпе „вы самі ўсё разумееце“. І яшчэ цяжка ўсьведамляць, што гэтая сытуацыя вымотвае родных».

«Капітан сыходзіць апошні»

«18-гадовы наркадылер, у якога за сьпінай ужо некалькі судзімасьцяў, разьвітваўся са мной словамі „Жыве Беларусь“. 22-гадовы турак, якому далі больш за 10 гадоў, адказваў мне „Дзякуй“ і „Смачна есьці“. У адну камэру трапілі фізрук і яго былы вучань», — апісвае Марціновіч атмасфэру ў СІЗА.

Марціновіч кажа, што сядзіць зь вялікай колькасьцю людзей, якія шкадуюць пра тыя выпадкі ў жыцьці, што прывялі іх за краты.

«Але ў мяне не было моманту, калі або „так“ або „інакш“. Галоўны рэдактар ня можа ноччу зьехаць з краіны, а потым напісаць у рэдакцыйным чаце: „Я ў бясьпецы, а вы трымайцеся“, — тлумачыць ён. — Капітан сыходзіць апошні, а ня першы. І я ня мог адправіць зь Беларусі ўсю каманду, пакуль заставаліся ўмовы для працы ўнутры краіны».

У сваім апошнім кароткім паведамленьні зь СІЗА Марціновіч перадаў, што яго і яшчэ 19 чалавек цяпер трымаюць у падвальным памяшканьні, дзе няма вокнаў і толькі невялікі праём пад стольлю для вэнтыляцыі. Марціновіч напісаў, што задыхаецца і пакуль ня можа падрабязна адказваць на лісты.

Справа «Нашай Нівы»

  • Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі сёлета 8 ліпеня: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
  • Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
  • «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
  • Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
  • Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
  • Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
  • Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG