Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат выказаўся за увядзеньне ў Беларусі «падатку на багацьце»


Андрэй Савіных заклапаціўся "прагрэсіўнай шкалой"

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных лічыць, што ў Беларусі раней ці пазьней давядзецца ўводзіць прагрэсіўную шкалу падаходнага падатку. 

«Падаходны падатак — гэта ўжо ў нейкай ступені падатак на багацьце. Адзінае, што рана ці позна нам давядзецца адыходзіць ад плоскай шкалы падаходнага падатку, пераходзіць на прагрэсіўную. Гэта першае. Другое — падатак на нерухомасьць. Гэта значыць, калі чалавек мае некалькі кватэр, машын або дамоў, павінна быць прагрэсіўная стаўка падатку. І мы ў гэтым напрамку ідзём, так рухаецца ўвесь сьвет», — лічыць Андрэй Савіных.

Ад наступнага году ўрад Беларусі маецца спаганяць падатак за першую кватэру — цяпер яго плацяць за другую і наступныя. Гэты збор плянуюць вызначыць на ўзроўні 0,1% ад разьліковага кошту аднаго квадратнага мэтра жыльля. У Міністэрстве фінансаў прагназуюць, што сярэдняя сума ў Менску будзе на ўзроўні 50 рублёў за год, у рэгіёнах — каля 25 рублёў.

Камэнтуючы ўвядзеньне падатку на першую кватэру, Аляксандар Лукашэнка спаслаўся на вёску, дзе падатак плацяць і за зямлю, і за нерухомасьць. А горад, маўляў, застаўся ўбаку.

Да 2009 году ў краіне ўжо прымянялася прагрэсіўная шкала падатку з памерам ставак 9-30%. Але ад такой практыкі адмовіліся, бо многія багацейшыя людзі пачалі масава хаваць даходы.

Паводле статыстычных дадзеных, Беларусь не належыць да краін з высокім узроўнем даходу, значная частка насельніцтва зарабляе, каб толькі закрыць штодзённыя патрэбы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG