Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дактары, якія пакінулі Беларусь, дапамагаюць пацярпелым суайчыньнікам у Літве


Лекары, якія ўцяклі зь Беларусі ад перасьледу, стварылі ў Літве арганізацыю для дапамогі пацярпелым суайчыньнікам. На радзіме на гэтых дактароў завялі крымінальныя справы, у Вільні яны дапамагаюць справіцца з псыхалягічнымі праблемамі іншым палітычным уцекачам і іх сем’ям.

Васіль Завадзкі і Алег Дарашкевіч не былі знаёмыя ў Беларусі. Сустрэліся ўжо тут, у Літве, расказвае Настоящее время.

«Не ўяўляю, што я б проста выцерся ад пляўка ўлады»

«У мяне было ў паштовай скрыні некалькі позваў для яўкі ў міліцыю, а я ўжо адсядзеў 14 сутак за ўдзел у маршы пэнсіянэраў, мяне арыштавалі адразу пасьля маршу. А потым яшчэ пачалі прыходзіць міліцыянты, на допыт выклікаць у РУУС», — распавядае тэрапэўт Алег Дарашкевіч.

Алегу Дарашкевічу 67 гадоў. Некалі ён працаваў у Інстытуце нэўралёгіі, потым дапамагаў пацярпелым у Чарнобыльскай аварыі. Пасьля выхаду на пэнсію Дарашкевіч працаваў у менскім Парку высокіх тэхналёгій, займаўся праектамі па дыягностыцы захворваньняў. Пасьля выбараў 2020 году пачаў актыўна ўдзельнічаць у маршах пэнсіянэраў. Арышт на 14 сутак, кажа, яму даўся вельмі цяжка і фізычна, і псыхалягічна. Перажыць такое ў другі раз ён быў не гатовы.

«Я аддзелены ад сваёй любімай сямʼі, ад дзяцей, ад унукаў. Мне, вядома, вельмі цяжка. Але я лічу, калі б мы паступіліся сумленьнем і моўчкі згаджаліся з тым гвалтам, які супраць нас улада ўжыла, мы б яшчэ горш сябе адчувалі. Не ўяўляю сабе, што я б жыў проста з тым, што я выцерся ад пляўка ўлады», — кажа Алег Дарашкевіч.

«Патрэбу ў дапамозе маюць і былыя вязьні, і сваякі зьняволеных»

Васіль Завадзкі 25 гадоў працаваў у ведамстве, якое адказвала за мэдыцыну ў турмах і калёніях. Пасьля звальненьня ён стварыў у Беларусі грамадзкую арганізацыю па абароне правоў зьняволеных.

«Адмова ў мэдычнай дапамозе, нядопуск лекараў туды — гэта адзін і элемэнтаў сыстэмы па стварэньні атмасфэры страху ў грамадзтве», — кажа былы кіраўнік мэдычнай службы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі Васіль Завадзкі.

У Літве лекары спрабуюць дапамагчы суайчыньнікам, якія пацярпелі ад рэпрэсій, справіцца з дэпрэсіяй і трывогай.

«Вялікую патрэбу ў псыхалягічнай дапамозе маюць ня толькі тыя людзі, якія прайшлі адміністрацыйны арышт, самі адбылі, але і іх блізкія, сваякі, асабліва сваякі людзей, якія цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні», — працягвае Завадзкі.

Ад перажытага стрэсу – фобіі і панічныя атакі

Мэдыкі гавораць, што праз перажыты стрэс у многіх уцекачоў з Беларусі разьвіваюцца фобіі, аж да маніі перасьледу і панічных атак.

«Калі мы працуем з роднымі палітвязьняў, то бачым, што яны перажываюць велізарны постстрэс, посттраўму. Гэта адна палова бяды, а другая палова — гэта дзеці. Да нас да ўсіх стала даходзіць цяпер, што дзеці таксама напоўніцу ўцягнутыя», — адзначае дырэктар дзіцячага хосьпісу ў Горадні Вольга Вялічка.

Вольга Вялічка — адна з сузаснавальнікаў арганізацыі беларускіх лекараў у Літве. Апошнія 13 гадоў жыцьця яна прысьвяціла рабоце ў дзіцячым хосьпісе ў Горадні. У 2007 годзе яна стварыла грамадзкую арганізацыю і кіравала хосьпісам. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Вольга была незалежнай назіральніцай ад штабу Віктара Бабарыкі. З гэтага пачаліся праблемы — ператрусы, праверкі ў хосьпісе і дзьве крымінальныя справы.

Цяпер Вольга Вялічка працуе ў прыватнай беларускай школе ў Вільні, паралельна спрабуе знайсьці грошы, каб дзіцячы хосьпіс у Горадні мог працягваць працу. Па словах Вольгі, грошай у грамадзкай арганізацыі на ўтрыманьне хосьпісу ёсьць на тры месяцы.

«Я не змагла сказаць сабе, што трэба быць па-за палітыкай, трэба думаць пра сябе. Трэба думаць пра крэдыты, пра ўсё тое, пра што зараз думаюць многія беларусы. Нават цяжкахворыя дзеці знаходзяцца ў гэтай сыстэме, і сыстэму трэба мяняць. І гэта шанец», — працягвае Вольга.

У абарону Вольгі Вялічкі і дзіцячага хосьпісу ў лістападзе 2020 году выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Быў апублікаваны заклік спыніць перасьлед Вольгі з палітычных прычынаў. Заклік не дапамог, Вольга зь сямʼёй была вымушана зьехаць. Цяпер яна разам з Васілём Завадзкім і Алегам Дарашкевічам спрабуе дапамагчы сваім калегам, іншым палітычным уцекачам, зьняволеным і іх родным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG