Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак — 319 даляраў. Як жывуць у рэгіёнах з самымі нізкімі даходамі


Запазычанасьць на дзясяткі мільёнаў і адмоўная рэнтабэльнасьць продажаў. У якіх рэгіёнах самыя нізкія заробкі.

Шаркаўшчына — 776 рублёў

У антырэйтынгу рэгіёнаў з самымі нізкімі заробкамі за мінулы год — Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласьці. Сярэдні намінальны заробак тут — 776,1 рубля, або 319 даляраў па сярэднегадавым курсе, падлічвае Белстат.

Крэдыторская запазычанасьць арганізацый раёну на 2021 год — 34,1 мільёна рублёў. 23,4% даўгоў — гэта пратэрмінаваная запазычанасьць, то бок ня сплачаная ў час.

Больш за траціну насельніцтва Шаркаўшчыны старэйшае за працоўны ўзрост. Рэнтабэльнасьць продажаў у арганізацый на Шаркаўшчыне — мінус 0,2%, то бок прадаюць са стратамі.

Дарэчы, у Шаркаўшчынскім раёне самы нізкі заробак у Беларусі ўжо другі год запар.

Аснова эканомікі раёну — гэта сельская гаспадарка. Тут працуе Шаркаўшчынскі кансэрвавы завод — філіял «Полацкай унівэрсальнай базы», ён выпускае пладовыя віны.

Кармянскі раён — 793 рублі

Другі ў антырэйтынгу па сярэдніх заробках — Кармянскі раён: 793 рублі на месяц, або 326 даляраў па сярэднегадавым курсе. З 2019 па 2020 год насельніцтва Кармянскага раёну скарацілася на 223 чалавекі. 20% жыхароў раёну старэйшыя за працаздольны ўзрост.

Арганізацыі раёну вінныя па крэдытах 47 мільёнаў рублёў, 12,3% крэдытаў — пратэрмінаваныя, то бок іх не вярнулі ў час.

У Карме працуе другі філіял «Рэчыцкі тэкстыль», хлебны завод і «Кармянскі ільнозавод», таксама тут працуе сем сельскагаспадарчых арганізацый.

Калі глядзець па вакансіях, то ў Кармянскім раёне заробкіпрапануюць яшчэ меншыя, чым сярэдні за мінулы год. Напрыклад, цырульніку — 417 рублёў, столькі ж гатовыя плаціць лекару.

Амсьціслаўскі раён — 805 рублёў

Сярэдні заробак за мінулы год у Мсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці — 805 рублёў, або 331 даляр па сярэднегадавым курсе. За год (з 2019 па 2020) жыхароў раёну стала менш на 426 чалавек. Запазычанасьць арганізацый раёну — 130 мільёнаў рублёў, 23,7% крэдытаў — пратэрмінаваныя.

У раёне працуе адкрытае акцыянэрнае таварыства «Мсьціслаўлён» і філія булачна-кандытарскай фабрыкі. Сярод вакансій з агульнадзяржаўнага банку вакансій заробкі яшчэ меншыя. Кіроўцу аўтамабіля прапануюць 420 рублёў на месяц, трактарысту — 410 рублёў.

Хоцімскі раён — 826 рублёў

Сярэдні заробак за мінулы год у Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласьці — 826 рублёў, гэта 339 даляраў па сярэднегадавым курсе за мінулы год. За год жыхароў раёну стала менш на 233 чалавекі.

Запазычанасьць усіх арганізацый раёну — 61,3 мільёна рублёў, 21% усіх крэдытаў пратэрмінаваныя. З прамысловасьці ў рэгіёне працуе Хоцімскі ільнозавод. У вакансіях Хоцімскага раёну можна знайсьці працу і за большы заробак, чым сярэдні па рэгіёне.

Напрыклад, прарабу прапануюць ад 1000 рублёў, столькі ж — сьлесару-сантэхніку.

Слаўгарадзкі раён — 831 рубель

Сярэдні заробак у Слаўгарадзкім раёне Магілёўскай вобласьці за мінулы год — 831 рубель за месяц, гэта 341 даляр па сярэднім леташнім курсе.

Жыхароў раёну за год стала менш на 174 чалавекі. Даўгі ўсіх арганізацый раёну — 56,6 мільёна рублёў, 21,7% усіх даўгоў пратэрмінаваныя. Аснова эканомікі раёну — сельская гаспадарка. У агульнарэспубліканскім банку вакансій заробкі прапануюць яшчэ меншыя, чым сярэдні па рэгіёне.

Дарожнаму рабочаму прапануюць заробак у 420 рублёў, машыністу крана — 600 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG