Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыялёг памяці». Ва Ўкраіне стварылі вялікі мэдыяпраект памяці расстраляных у 30-я гады беларускіх і ўкраінскіх паэтаў


Апошнія дні кастрычніка 1937 году сталі аднолькава сымбалічнымі для гісторыі Беларусі і Ўкраіны. Тады супрацоўнікі НКВД расстралялі сотні прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі — гісторыкаў, навукоўцаў, пісьменьнікаў, драматургаў і мастакоў.

У Беларусі масавы расстрэл інтэлігенцыі адбыўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Цяпер гэтая дата стала вядомая як «Ноч расстраляных паэтаў».

Ва Ўкраіне гэтыя падзеі называюць «Расстраляным адраджэньнем» — 27 кастрычніка ва ўрочышчы Сандармох, што на тэрыторыі Карэліі (Расея), пачаліся масавыя расстрэлы ўкраінскіх гісторыкаў, мастакоў і пісьменьнікаў.

З ініцыятывы беларускай праваабарончай арганізацыі Free Belarus Center, створанай ва Ўкраіне для дапамогі беларускім уцекачам, гэтыя дзьве памятныя падзеі вырашылі аб’яднаць у адным вялікім мэдыяпраекце Executed Poetry.

Творы расстраляных беларускіх і ўкраінскіх літаратараў прагучаць у выкананьні іхных сучасных калег, каб актуалізаваць творчасьць рэпрэсаваных паэтаў і ініцыяваць дыялёг памяці беларускага і ўкраінскага народаў.

Зь беларускага боку ў праекце ўзялі ўдзел:

  • музыкі гурту «Разьбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка і Павал Гардніцкі,
  • сьпявачка і актрыса Анастасія Шпакоўская,
  • паэт Алесь Плотка,
  • вядоўца і актор Дзяніс Дудзінскі.

А з украінскага —

  • прадстаўніцы гурту Dakh Daughters,
  • заснавальніца «Дикого театра», тэлевядоўца Яраслава Краўчанка,
  • франтмэн гурту «Хамерман знищує віруси» Альберт Цукрэнка.

Прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай культуры прачытаюць вершы ўкраінскіх паэтаў Міхайля Семянка, Веранікі Чарняхоўскай, Алексы Ўлызька, а таксама беларускіх — Уладзімера Дубоўкі, Алеся Дудара, Юлія Таўбіна, Міхася Чарота і Валерыя Маракова.

Апэратарам і рэжысэрам праекту стала ўкраінка Аляксандра Луніна. Цалкам праект апублікуюць у другой палове 29 кастрычніка.

Сёньня ж увечары ў Кіеве адбудзецца адмысловая імпрэза, прысьвечаная ўшанаваньню памяці расстраляных беларускіх паэтаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG