Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля крытыкі Лукашэнкі Міністэрства здароўя адкарэктавала плянавую мэдычную дапамогу


Клінічная лякарня №10 у Менску, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства здароўя падпісала загад «аб недапушчэньні зьніжэньня аб’ёмаў аказаньня плянавай мэдычнай дапамогі насельніцтву».

З гэтай нагоды ў ведамстве пракамэнтавалі, што за апошні тыдзень праведзена «дадатковая праца дзеля дэталізацыі аб’ёмаў плянавай мэддапамогі».

18 кастрычніка кіраўніцтва міністэрства аб’явіла аб прыпыненьні аказаньня плянавай дапамогі — дыспансэрызацыі, рэабілітацыі, фізыятэрапіі, стаматалягічнай дапамогі ды іншых працэдур.

Пазьней Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў падобныя меры, пасьля чаго зьявіліся іншыя ўводныя.

«Частка арганізацый аховы здароўя перапрафіляваныя ў інфэкцыйныя шпіталі, аптымізаваная праца паліклінік. Амбуляторная дапамога інфэкцыйным пацыентам і іх кантактам пераарыентаваная на аказаньне дапамогі дома», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Там адзначылі, што ў паліклініках «прыняты дадатковыя захады для недапушчэньні зьніжэньня даступнасьці мэддапамогі, у першую чаргу пажылым асобам і інвалідам».

Загад рэглямэнтуе плянавую стаматалягічную дапамогу, скрынінг раку асноўных лякалізацый, дыспансэрны агляд асобаў, якія перанесьлі інфэкцыю COVID-19, прыём пацыентаў з хваробамі сардэчна-сасудзістай сыстэмы з рызыкай ускладненьняў і зь перадпухліннымі захворваньнямі.

Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, спэцыялізаваныя лякарні ў рэгіёнах працягнуць аказваць спэцыялізаваную дапамогу людзям з неінфэкцыйнай паталёгіяй, у тым ліку з хваробамі сыстэмы кровазвароту, анкалягічнымі захворваньнямі, цукровым дыябэтам і іншымі ў поўным аб’ёме.

Раней Лукашэнка назваў недапушчальным гвалт у адносінах сацыяльнага дыстанцыяваньня і нашэньня мэдычных масак. На яго перакананьне, у гэтай справе мусіць быць прынцып добраахвотнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG