Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Косава абвясьціла пра высылку двух расейскіх дыпляматаў


Прэзыдэнтка Косава Віёса Асмані

Часткова прызнаная Рэспубліка Косава высылае двух расейскіх дыпляматаў. Пра гэта ў пятніцу абвясьціла прэзыдэнт Косава Віёса Асмані.

Як прэзыдэнтка напісала ў фэйсбуку, МЗС Рэспублікі Косава прыняў рашэньне абвясьціць расейцаў непажаданымі асобамі. Раней прэзыдэнтка Косава накіравала ва ўрад запыт на тое, каб абвясьціць расейскіх дыпляматаў пэрсонамі ног грата за іх «шкодную дзейнасьць». Пра якую менавіта дзейнасьць ідзе гаворка — не паведамляецца.

Асмані таксама абвінаваціла Расею і яе «агентаў у рэгіёне» ў імкненьні падарваць дасягненьні Косава, ЗША, NATO і ЭЗ у рэгіёне. Паводле Асмані, разам з амэрыканскімі і эўрапейскімі саюзьнікамі Косава будзе супрацьстаяць спробам Расеі «зрабіць рэгіён ахвярай дэстабілізуючых амбіцыяў Расейскай Фэдэрацыі».

Расея не прызнае незалежнасьць Косава ад Сэрбіі і, адпаведна, ня мае з гэтай краінай дыпляматычных дачыненьняў. У Прышціне аднак працуе канцылярыя амбасады Расеі ў Сэрбіі. Косаўскія ўлады называюць яе «аддзяленьнем сувязі Расейскай Фэдэрацыі ў Косаве».

Расейскі МЗС пакуль не камэнтаваў высылку дыпляматаў.

У апошнія тыдні абвастрылася сытуацыя ў пераважна сэрбскіх раёнах на поўначы Косава, дзе адбыліся сутыкненьні паміж прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва і спэцназам паліцыі Косава, а таксама на мяжы паміж Сэрбіяй і Косавам, незалежнасьць якога Сэрбія не прызнае.

Большая частка краін-удзельніц ААН прызнае абвешчаную ў 2009 годзе незалежнасьць Косава, аднак яна не прызнаная дзьвюма краінамі Рады Бясьпекі ААН (Расеяй і Кітаем), а таксама Сэрбіяй і некалькімі краінамі ЭЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG