Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Хоча схуднець, просіць сушанага мяса і ягад. Як абаронца «плошчы Перамен» Сьцяпан Латыпаў жыве ў чаканьні калёніі


Сьцяпан Латыпаў

Сяброўка жыхара «Плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава, якога асудзілі на 8,5 года зьняволеньня, расказала, як ён жыве перад пераводам у калёнію.

Сьцяпана Латыпава затрымалі ў верасьні 2020 году, калі ён абараняў мурал «дыджэям перамен» і папрасіў у невядомых паказаць пасьведчаньне. На пачатку суду ён уставіў сабе ў горла востры прадмет і спрабаваў зрабіць самагубства.

Мяркуе, што зьменаў ня будзе яшчэ некалькі гадоў

Сяброўка Сьцяпана, якая папрасіла не называць ейнага імя, расказала, што ён па-ранейшаму на «Валадарцы», чакае разгляду апэляцыі.

У сярэдзіне верасьня Латыпаў пісаў, што знаёміцца з аўдыёзапісамі судовага працэсу і «перажывае ўсё зноў». Ён выказаў думку, што сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца яшчэ некалькі гадоў.

Ліставаньне са Сьцяпанам кепскае. Апошнім часам ён стаў пісаць больш лістоў, але мала што зь іх даходзіць. Прычым ягоныя лісты ад часу знаходжаньня ў «прэс-хаце» (памяшканьне, дзе для вязьня ствараюць невыносныя ўмовы, б’юць, катуюць. — РС) сталі карацейшыя, менш падрабязныя, менш адкрытыя.

Арбарыст па-ранейшаму дасылае сваім карэспандэнтам вожыкаў у малюнках і арыгамі.

«Гэта вожык Матыльда, яна любіць валошкі і сьпяваць», — прадставіў ён адну са сваіх вожычых.

Яму таксама многія шлюць паштоўкі з вожыкамі, нехта складае для яго казкі пра вожыкаў.

Вожык Матыльда ад палітвязьня Сьцяпана Латыпава
Вожык Матыльда ад палітвязьня Сьцяпана Латыпава

Перажывае, што набраў вагу за кратамі

У другой палове жніўня Сьцяпан пісаў, што «вельмі стаміўся, не разумее, што адбываецца і чаго чакаць», што «вельмі перажывае за бацьку і сяброў, за ўсіх».

«Сьцяпан ня мае беспадстаўнага аптымізму наконт сваёй найбліжэйшай будучыні, аднак ён не прыгнечаны і не ў дэпрэсіі. Хоць настрой бывае розны: вядома, сытуацыя зусім ня простая і не вясёлая», — заўважае сяброўка.

Сьцяпан піша, што яго цягне да сьвежага паветра, да дрэваў, туды, дзе ёсьць неба.

Казка пра вожыкаў, якую сяброўка напісала для Сьцяпана Латыпава і даслала ў СІЗА
Казка пра вожыкаў, якую сяброўка напісала для Сьцяпана Латыпава і даслала ў СІЗА

У верасьні палітвязень паведаміў, што да яго дайшла пасылка ад сяброўкі з сушаным мясам, якое ён вельмі любіць.

«Ён шкадуе, што хутка „гэтае шчасьце“ скончыцца, бо ў калёніі яму будуць дазволеныя перадачы і пасылкі толькі ад сваякоў і ў вельмі невялікай колькасьці», — тлумачыць суразмоўца.

Што Латыпаў просіць у сяброў, каб яму дасылалі:

  • сушанае мяса і рыбу, але несалёныя, бо салёнай ежы ў вязьняў шмат;
  • любое дазволенае смачнае мяса («Сьцяпан — вялікі мясаед»);
  • сушаныя ягады бяз цукру.

Салодкага і выпечкі ён ня просіць, бо хоча схуднець.

Сяброўка мяркуе, што Латыпаў пакрысе адаптуецца да існых абставінаў, бо пачаў думаць пра час, які наперадзе. Ён пераймаецца, што набраў вагу. Плянуе ў наступныя 8 год прывесьці сябе ў добрую форму. Вядома, што раней ён займаўся спортам у дворыку для прагулак.

Зрабіў прышчэпку ад каранавірусу, чытае 20 выданьняў штомесяц

Пасьля спробы суіцыду парэз у Сьцяпана загаіўся добра, без ускладненьняў, без запаленьня. Дзеля гэтага яму перадавалі ў СІЗА адпаведныя лекі, плястыры.

Цяпер на здароўе Сьцяпан ня скардзіцца. Адзінае, што ў яго зьявіўся хранічны кашаль, бо ў камэры шмат кураць. Латыпаў перахварэў на каранавірус яшчэ летась увосень. Вядома, што ён рабіў за кратамі прышчэпку ад каранавірусу.

У камэры Латыпава ёсьць тэлевізар. Сябры і знаёмыя падпісалі яго на вялікую колькасьць выданьняў, прыкладна 20 часопісаў і газэт у месяц. Сярод іх навінавыя выданьні: газэты «Ганцавіцкі час», «Инфо Курьер», навукова-папулярныя часопісы і газэты, як Discovery, «Популярная механика», «Родная прырода», «Беларускі гістарычны часопіс», «Краязнаўчая газета». Газэту «Беларусы і рынак», якую яму выпісваюць, вязьню не перадаюць.

Адвакатка наведвае яго штотыдзень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG