Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз увядзе новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі


У Брусэлі сёньня завяршаецца двухдзённы саміт Эўразьвязу, у якім бяруць удзел кіраўнікі ўрадаў 27 краінаў.

Удзельнікі саміту заявілі, што Эўразьвяз будзе надалей супрацьстаяць няспынным атакам з боку беларускага рэжыму.

«Эўрапейскі Зьвяз, — адзначаецца ў заяве, — не пацярпіць спробаў трэціх краінаў выкарыстоўваць мігрантаў у палітычных мэтах».

Сярод іншага, «будуць ужытыя новыя абмежавальныя захады супраць фізычных і юрыдычных асобаў, згодна з паступовым падыходам, у неадкладным парадку», — сказана ў заяве.

Апрача таго, саміт заявіў, што заклікаў Эўрапейскую камісію прапанаваць неабходныя зьмены ў заканадаўства ЭЗ і канкрэтныя захады дзеля таго, каб спрасьціць вырашэньне праблемы нелегальнай міграцыі празь Беларусь.

ЭЗ мае намер «забясьпечыць эфэктыўны кантроль сваіх вонкавых межаў», — сказана ў дакумэнце.

Камэнтуючы сытуацыю зь Беларусьсю пасьля заканчэньня саміту, кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен сказала:

«Мы вельмі занепакоеныя сытуацыяй на межах зь Беларусьсю. Мы разглядаем паводзіны беларускага ўраду як гібрыдную атаку. Людзі, якіх выкарыстоўвае Лукашэнка, — ахвяры. Мы павінны ім дапамагчы. Нічыё жыцьцё не павінна выкарыстоўвацца дзеля палітычных мэтаў, а гэта інструмэнталізацыя міграцыі дзеля палітычнага ціску на Эўразьвяз. Мы будзем працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі. Мы ўжо прапанавалі адрасныя захады, каб адмяніць спрошчаны візавы рэжым для рэжыму і яго давераных асобаў. І мы гатовыя вывучыць варыянты далейшых санкцый ня толькі для фізычных асобаў, але і для юрыдычных асобаў і кампаній.

Па-другое, мы пагадзіліся, што нам патрэбныя ўзгодненыя дзеяньні. Беларусь, як мы цяпер назіраем, разглядае магчымасьць адкрыцьця новых маршрутаў. Яна прапанавала далейшую адмену візаў для дадатковых трэціх краінаў, і мы будзем працягваць супрацоўніцтва з гэтымі краінамі, каб абмежаваць гэтую кантрабанду, якую фінансуе дзяржава».

Разам з тым Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Эўракамісія ня будзе фінансаваць будаўніцтва агароджаў з калючага дроту на мяжы ЭЗ і Беларусі:

«Эўрапейскі бюджэт фінансуе ўладкаваньне мяжы. Гэта тычыцца ня толькі абсталяваньня, або часткова пэрсаналу, неабходнага электроннага абсталяваньня, але і так званай інфраструктуры. Мы абмяркоўвалі так званую фізычную інфраструктуру. І я вельмі выразна дала зразумець, што існуе даўняе абавязаньне Эўракамісіі і Эўрапарлямэнту, у адпаведнасьці з якім фінансаваньня калючага дроту і сцен ня будзе», — заявіла фон дэр Ляен.

На саміце адзначылі, што міграцыйны крызіс зьвязаны зь дзеяньнямі ўладаў Беларусі, якія прывозяць мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, а затым штурхаюць іх празь мяжу з Польшчай, Літвой і Латвіяй, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў Эўразьвязе.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG