Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў кальмара па-беларуску: як улады забіваюць людзей каранавірусам


Трагедыя ня столькі ў тым, што Лукашэнка нясе лухту. Трагедыя ў тым, што гэтай лухце падпарадкоўваюцца прафэсіяналы.

Са сьнежня мінулага году я жыву ў Латвіі, і з кожным днём сытуацыя з ковідам у Беларусі адсюль выглядае ўсё больш абсурднай і злачыннай. Калісьці, у першыя месяцы пандэміі, самадурства Лукашэнкі можна было патлумачыць навізной сытуацыі і неразуменьнем таго, што адбываецца. Цяпер, увосень 2021-га, не засталося ніякіх сумневаў — гэта палітыка фізычнага зьнішчэньня людзей.

Паводле статыстыкі, у Латвіі жыве крыху менш людзей, чым у Менску. 20 кастрычніка тут было зарэгістравана амаль тры тысячы новых выпадкаў ковіду, а ў Менску, паводле зьвестак zerkalo.io, 7 кастрычніка гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі атрымаў інфармацыю пра крыху больш як тры тысячы новых хворых на ковід. Пры гэтым у Латвіі тэст на каранавірус можа зрабіць кожны чалавек пры зьяўленьні любых сымптомаў рэсьпіраторнай інфэкцыі. Раней сямейныя дактары выпісвалі для гэтага накіраваньне, а цяпер і яго ня трэба.

У Беларусі ж атрымаць накіраваньне на тэст — гэта асобны квэст, які часта ўключае ў сябе (калі пашанцуе) шматгадзіннае сядзеньне ў чэргах. З такімі ж хворымі людзьмі. Каб ковід у вас абавязкова зьявіўся, калі раптам яго не было.

Але што самае жудаснае — у той час, як у Латвіі ў такой сытуацыі абвясьцілі локдаўн, у Беларусі фактычна адмянілі толькі-толькі ўведзены масачны рэжым. Прапаганда рапартуе, што ў Беларусі расьце колькасьць вакцынаваных людзей, і пры гэтым ня згадвае таго факту, што паказчык вакцынацыі застаецца вельмі нізкі.

Фактычна ў Беларусі на дзяржаўным узроўні цяпер не прымаецца ніякіх мер для барацьбы з пандэміяй. Я магла б сказаць, што такой мерай зьяўляецца кампанія па вакцынацыі, але ведаю выпадкі, калі людзей вакцынавалі толькі на паперы для паляпшэньня статыстыкі. А яшчэ я добра памятаю, як у Беларусі дасягаюць высокіх паказчыкаў вакцынацыі ад грыпу і як шмат вакцын выліваецца проста ў ракавіну.

Была хоць нейкая надзея на абавязковы масачны рэжым. Няхай амаль праз два гады, няхай пасьля масавай кампаніі па заражэньні затрыманых у ізалятарах. Лепей жа позна, чым ніколі.

Але па старой беларускай традыцыі Лукашэнка пэрсанальна ўмяшаўся ў прыняцьце рашэньняў у сфэры, у якой нічога не разумее, а міністэрства яму падпарадкавалася. Напэўна, у будучыні цяперашнія чыноўнікі ад мэдыцыны скажуць, што яны проста выконвалі загады, што яны баяліся за свае сем’і, што ў іх былі крэдыты, дзеці і старыя бацькі. Асабліва хітрыя нават скажуць, што яны насамрэч партызанілі і дасылалі людзям зашыфраваныя пасланьні ў сваіх афіцыйных прамовах. Яны знойдуць безьліч спосабаў апраўдацца, чаму падчас чацьвёртай хвалі каранавірусу вырашылі забіваць людзей сваімі злачыннымі рашэньнямі.

Трагедыя ж ня столькі ў тым, што Лукашэнка нясе лухту. Трагедыя ў тым, што гэтай лухце падпарадкоўваюцца прафэсіяналы. Яны дазваляюць абсалютна няграматнаму ў сфэры мэдыцыны чалавеку прымаць сьмертаносныя для тысяч людзей мэдычныя рашэньні. І ператвараюцца тым самым у забойцаў.

Усе людзі ў міністэрстве, якія паддаліся чарговаму трызьненьню Лукашэнкі, сталі саўдзельнікамі і саўдзельніцамі масавага забойства. І я вельмі спадзяюся, што аднойчы яны за гэта адкажуць у адкрытым і справядлівым судзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG