Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Колькі яшчэ трэба сьмерцяў, каб вы дасталі свае языкі з аднаго месца?». Дактары пра адмену масачнага рэжыму


Ілюстрацыйнае фота

Мэдыкі, якія штодня сутыкаюцца з ахвярамі пандэміі, на ўмовах ананімнасьці камэнтуюць адмену масачнага рэжыму ў Беларусі. Некаторыя ня могуць стрымаць эмоцый і выказваюцца вельмі рэзка.

22 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўнесла зьмены ў Санітарныя нормы і правілы, зьвязаныя з COVID-19. Цяпер зь іх цалкам выключылі пункт 41¹, які абавязваў людзей насіць маскі і трымаць дыстанцыю ва ўстановах, арганізацыях і грамадзкім транспарце. Абавязковы масачны рэжым пратрымаўся 9 дзён.

«Цяпер усе мае намаганьні і высілкі маіх калег, прабачце, кату пад хвост?»

Участковая тэрапэўтка Вольга, якая працуе ў адной зь менскіх паліклінік, кажа, што спачатку не паверыла інфармацыі пра адмену масачнага рэжыму. Яна працуе на паўтары стаўкі, тэлевізар глядзець няма калі, пасьля напружанай працы ўжо не да таго.

«Мы столькі намаганьняў патрацілі, каб прывучыць людзей клапаціцца пра сябе і пра людзей вакол. У мяне пасьля прыёму язык ужо не варочаецца, бо пастаянна тлумачу людзям пажылога ўзросту, што маску трэба насіць не на барадзе, а закрываць ёю нос і рот, і што марлевыя шматразовыя маскі трэба абавязкова праць і прасаваць! Здаецца, сваіх пастаянных пацыентаў пераканала.

Дарэчы, літаральна ўчора, вяртаючыся з працы, у аўтобусе на экране пабачыла сацыяльную рэкляму, як правільна насіць маскі. Яшчэ ўсьміхнулася пра сябе, бо гумку назвалі „вушным фіксатарам“ — тлумачылі, што менавіта за яго трэба надзяваць маску, а ня мацаць рукамі», — кажа Вольга.

А сёньня раніцай яна прачытала ў тэлеграме пра адмену масачнага рэжыму і спачатку не паверыла.

«Прабачце, у мяне слоў няма... Столькі працы мы правялі, прывучылі людзей, пераканалі. Цяпер усе мае намаганьні і высілкі маіх калег, прабачце, кату пад хвост?», — эмацыйна выказваецца ўчастковая Вольга.

«Ніхто з прафэсіяналаў, спэцыялістаў не асьмеліўся запярэчыць. Вельмі сорамна за калег»

Лекар-інфэкцыяніст Аляксандар расказаў, што з прафэсійнага інтарэсу паглядзеў нядаўна па БТ ток-шоў «Зразумелая палітыка плюс», прысьвечанае барацьбе з каранавірусам. А праз пару дзён — нараду ў Лукашэнкі. І параўнаў, як адны і тыя ж адмыслоўцы паводзілі сябе на ток-шоў і на нарадзе з удзелам першай асобы.

«Удзельнічалі ў праграме міністар здароўя, вядомы прафэсар-інфэкцыяніст, рэктар мэдунівэрсытэту, чыноўнікі (дарэчы, я вельмі зьдзівіўся, што яны ўсе былі ў масках і на адлегласьці адзін ад аднаго — „як паложана“). І вядоўцы пастаянна жартавалі, што трэба захоўваць дыстанцыю, адсоўваліся адзін ад аднаго, тэатральна зьвяртаючыся да гледачоў: „Насіце маскі! Захоўвайце дыстанцыю“, „Бяжыце хутчэй вакцынавацца!“.

Міністар Дзьмітры Піневіч гаварыў пра прававыя дакумэнты, якія патрабуюць насіць маскі, пра меры прафіляктыкі. Аўтарытэт, прафэсар Ігар Карпаў — пра тое, што маскі вельмі важныя, важная і дыстанцыя. А тыя ж самыя асобы праз пару дзён на нарадзе ў прэзыдэнта сядзелі бяз масак і ківалі яму ў такт, калі ён нёс, прабачце, поўную ахінею, лухту. І ніхто з прафэсіяналаў, спэцыялістаў не асьмеліўся запярэчыць. Прабачце, вельмі сорамна за калег.

Думаю, што хутка апамятаюцца, адкруцяць усё назад і абвінавацяць СМІ: зноў іх ня так зразумелі і перакруцілі», — кажа доктар-інфэкцыяніст Аляксандар.

«У моладзі, мне здаецца, цяпер трэнд „зрабі наадварот, ня так, як хоча дзяржава“»

Маладая спэцыялістка Настасься, якая толькі ў жніўні пачала працаваць інтэрнам у Бабруйску, лічыць, што прынамсі прасунутая моладзь будзе рабіць дакладна наадварот — нават той, хто не насіў масак, пасьля такога рашэньня ўраду надзене іх.

«У Беларусі заўсёды свой шлях. То ўвесь сьвет сьмяяўся, што ковід трэба лячыць трактарам, гарэлкай, хакеем. Цяпер — што карона перамагае рак і што маскі ў Беларусі адмянілі. Колькі пратрымаўся абавязковы масачны рэжым? Здаецца, дзён 10?

Але, спадзяюся, народ жа не дурны ў нас, чытае нармальныя СМІ і телеграм-каналы, не глядзіць БТ, а сочыць за сусьветнымі тэндэнцыямі. Разумныя людзі будуць насіць маскі. Некоторыя — насуперак, прынцыпова. Бо ў моладзі, мне здаецца, цяпер трэнд „зрабі наадварот, ня так, як хоча дзяржава“. Толькі што гартала фэйсбук — там ужо такі своеасаблівы флэшмоб: людзі публікуюць сэлфі ў масках. Так што разумныя людзі маскі будуць насіць», — перакананая інтэрн Наста.

Вядомы доктар-інфэкцыяніст, кандыдат мэдычных навук Мікіта Салавей на сваёй старонцы ў фэйсбуку выказаў абурэньне адменай масачнага рэжыму. Ён перакананы, што службовым асобам у недалёкай будучыні за гэта яшчэ давядзецца адказаць перад законам і беларускім народам.

«Мяне зьдзіўляе пазыцыя вельмі многіх маіх калег. Няўжо ў санітарна-эпідэміялягічнай службе, інфэкцыйнай службе, анэстэзіялёгіі і рэаніматалёгіі, іншых галінах, сярод штатных і пазаштатных спэцыялістаў не засталося сапраўдных лекараў, для якіх здароўе і дабрабыт ўласнага народу значна важнейшы, чым імгненны дабрабыт купкі чыноўнікаў?

Колькі яшчэ трэба сотняў сьмерцяў пацыентаў на дзень, каб вы дасталі свае языкі з аднаго месца і нарэшце пачалі рабіць усё магчымае для спыненьня таго вар’яцтва, што робіцца вакол ковіду? У тым ліку ўплываючы на ключавыя рашэньні ў прадухіленьні далейшага распаўсюду пандэміі. Напэўна, гэта рытарычнае пытаньне. Але, можа, хоць хтосьці яшчэ зможа задумацца», — спадзяецца Мікіта Салавей.

Доктар-інфэкцыяніст заклікае як мага хутчэй вакцынавацца ўсіх, хто гэтага яшчэ не зрабіў, выкарыстоўваць маскі ў транспарце і месцах масавага збору людзей, адмяніць неабавязковыя паходы ў крамы, гандлёвыя цэнтры, на забаўляльныя мерапрыемствы, клапаціцца ня толькі пра сябе, але і пра людзей побач.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG