Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне абвінавачвалі ў выдаваньні дзяржаўнай тайны». Інтэрвію айцішніка зь Беларусі, які захаваў запісы катаваньняў у расейскіх турмах


Сяргей Савельеў, інфарматар Gulagu.net

Праграміст зь Беларусі Сяргей Савельеў — той самы чалавек, дзякуючы якому ў інтэрнэце зьявіліся гігабайты здымак катаваньняў у расейскіх калёніях.

Савельеў быў асуджаны ў Расеі за перавозку і збыт наркотыкаў, і ўжо ў калёніі пад Саратавам яго паставілі на працу сакратаром і сыстэмным адміністратарам. Ён адказваў за лякальную сетку і відэакамэры і выдаваў відэарэгістратары супрацоўнікам. Пасьля вызваленьня Савельеў скапіяваў усё, што змог, на вонкавы дыск, вывез з калёніі і перадаў заснавальніку Gulagu.net Уладзіміру Асечкіну гадзіны запісаў зьдзекаў зь вязьняў. Цяпер ён у Францыі, дзе папрасіў палітычнага прытулку.

У інтэрвію карэспандэнту «Настоящего времени» Аляксею Аляксандраву Савельеў расказаў, як яму ўдалося атрымаць так шмат кадраў з калёній па ўсёй краіне і ад каго атрымаў пагрозы ў Расеі.

— Я правільна зразумеў, што вы адбывалі пакараньне ў гэтай калёніі ў Саратаве? Можаце расказаць, як вы атрымалі доступ да архіваў турмы і як наогул гэта стала магчыма? Куды вы гэтыя відэа выгружалі і як адпраўлялі іх на свабоду?

— Доступ я атрымаў, бо мне прапанавалі працу ў аддзеле бясьпекі. Пяць гадоў я працаваў там, седзячы за кампутарам, разьбіраючы дакумэнты, працуючы зь відэаархівам — і з камэр відэаназіраньня, і са службовых відэарэгістратараў — гэта ўваходзіла ў мае абавязкі. А перадаць іх на свабоду ўдалося толькі пасьля майго вызваленьня.

— Вы былі ў калёніі ў Саратаве. Раскажыце, адкуль зьявіліся кадры з катаваньнямі ў Забайкальлі, і яшчэ аднекуль, зь Белгародзкай вобласьці, якія былі, наколькі я разумею, у тым жа масіве?

— Так, яны былі ў тым жа масіве. Натуральна, мне не хацелася б зараз раскрываць усе дэталі гэтага працэсу. Але каб прыкладна растлумачыць у агульных рысах — усе кампутары ўсіх устаноў ФСВП Расеі аб’яднаныя ў адзіную лякальную сетку. І пры наяўнасьці некаторых тэхнічных магчымасьцяў можна атрымліваць доступ да любога пункту гэтай сеткі.

— Значыць, гэта працуе прыкладна гэтаксама, як лякальная сетка ўнутры адной кампаніі, калі чалавек з аднаго кампутара можа паглядзець нешта, што ляжыць недзе ў сетцы яшчэ?

— Так, прыкладна так.

— Вы зразумелі, для чаго гэтыя відэа наогул захоўваліся і што пра гэта казалі супрацоўнікі, якія працавалі ў адміністрацыі калёніі?

— Як правіла, гэтыя відэа не былі прызначаныя менавіта для захоўваньня на кампутарах у папраўчых установах. Яны перадаваліся вышэйшым кіраўніцтвам у цэнтральны апарат альбо ў ФСБ — тым людзям, якія непасрэдна заказвалі і былі куратарамі ўсіх гэтых працэсаў.

— Вам удалося фізычна вынесьці цьвёрды дыск з гэтымі запісамі?

— Так.

— Як гэта было магчыма?

— Як я ўжо згадваў, я правёў там пяць гадоў, меў доступ практычна ўсюды па тэрыторыі калёніі, свабодна там перасоўваўся. І я ведаў, як працуе ўся сыстэма надгляду, як праходзіць працэс вызваленьня асуджаных. Я ня раз гэта назіраў. Ведаючы ўсе працэсы, можна знайсьці ў іх слабыя месцы і выкарыстоўваць іх.

— Ці можна атрымаць доступ да гэтай сыстэмы ФСВП звонку? Не знаходзячыся ўнутры калёніі, турмы ці нейкай установы ФСВП, а зусім звонку? Яна дастаткова абароненая?

— Яна абароненая менавіта тым, што яна лякальная, гэта значыць яна ня мае падлучэньня да інтэрнэту. Прынамсі, не павінна. Але я не выключаю такой магчымасьці, што недзе ў нейкіх установах ФСВП настолькі інфармацыйная бясьпека не разьвітая, што цалкам магу дапусьціць такое.

— Чаму вы адважыліся на такі крок? Выносіць цьвёрды дыск з такімі запісамі — гэта вялікая рызыка. Чаму вы на гэта пайшлі?

— Так, гэта сапраўды вялікая рызыка, але я пайшоў менавіта для таго, каб гэта паказаць, каб стала магчымым тое, што адбываецца цяпер.

— Стала магчымым расьсьледаваньне?

— Стала магчымым расьсьледаваньне. Я ўжо неаднаразова бачыў, колькі пішацца скаргаў, колькі зваротаў, колькі ёсьць публікацый з нагоды гэтых катаваньняў, гэтых скаргаў у розных галінах, у розных установах, але яны ніколі ні да чога не прыводзілі, бо ніколі не было важкіх доказаў. І я паспрабаваў такія доказы праваабаронцам даць.

— Вы самі зазналі гэтыя катаваньні ў нейкія з гэтых пяці гадоў, пакуль вы былі ў саратаўскай калёніі?

— Менавіта ў саратаўскай калёніі — не.

— У якіх-небудзь іншых?

— Так. У СІЗА ФСБ і падчас майго затрыманьня. Так, гэта было.

— Цяпер вы верыце ў тое, што сапраўды вінаватыя людзі будуць пакараныя? І што ня толькі людзі будуць пакараныя, але і наагул гэтая сыстэма, якую Gulagu. net называе «катоўні канвэерам», будзе спыненая?

— Прынамсі цяпер я бачу надзею на гэта.

— Чаму вы вырашылі ў выніку паехаць з Расеі? Наколькі я разумею, вы зь Беларусі, але і ў Беларусі вы таксама не засталіся. Чаму вырашылі пакінуць прастору саюзнай дзяржавы, як яе называюць у Расеі?

— Таму што мне пагражалі сілавікі. Нягледзячы на тое, што я доўгі час, перадаючы гэтыя запісы праваабаронцам, стараўся захоўваць інкогніта, яны вылічылі мяне. Яны зразумелі, што гэта я. Я быў затрыманы ў аэрапорце групай сілавых структур, мяне некалькі гадзінаў дапытвалі, выстаўлялі абвінавачаньне ў выдаваньні дзяржаўнай тайны.

— Гэта адбылося ўжо пасьля публікацыі відэа ці да?

— Гэта было пасьля публікацыі, але яшчэ да публікацыі самых страшных відэа.

— А як яны даведаліся, што вы тады гэта вывезьлі? Як яны даведаліся пра факт таго, што вы атрымалі доступ да гэтых запісаў?

— Яны ведалі той факт, што гэта я перадаю. У іх былі мае лагіны пошты, мае перапіскі, запісы размоў. Яны ведалі, што гэта я перадаю гэтыя відэазапісы. Але адкуль і як я іх атрымаў, ім на той момант яшчэ не было вядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG