Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпарацыя кілераў. Замежныя апэрацыі маскоўскіх чэкістаў


7 кастрычніка, у дзень нараджэньня прэзыдэнта Расеі Пуціна, у Кіеве прайшла прэзэнтацыя кнігі «Як Пуцін забівае за мяжой».

Яе аўтар — правазнаўца, дырэктар міжнароднай асацыяцыі «Інстытут нацыянальнай палітыкі» Юры Шуліпа — нагадвае чытачам пра забойствы Аляксандра Літвіненкі ў Лёндане, Зелімхана Хангашвілі ў Бэрліне і Зелімхана Яндарбіева ў Катары, спробы атруціць Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры і Эміліяна Гебрэва ў Сафіі, а таксама пра многія іншыя злачынствы, і прыходзіць да высновы, што ў пуцінскія часы «забойствы людзей па-за межамі Расеі зьяўляюцца складовай і неад’емнай часткай унутранай і зьнешняй палітыкі».

«Ніводная краіна ў сьвеце не вядзе такой маштабнай, сыстэмнай і скаардынаванай падрыўной дзейнасьці на тэрыторыі замежных дзяржаў супраць іх каштоўнасьцяў, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, як пуцінская Расея», — піша Юры Шуліпа. Аўтар спрабуе рэканструяваць працэс прыняцьця рашэньняў аб такіх злачынствах, разглядае ролю розных ведамстваў і спэцслужбаў у іх плянаваньні і падрыхтоўцы. На ягоную думку, мы цяпер сьведкі «чацьвёртай сусьветнай гібрыднай вайны», і санкцыянаваныя ў Маскве «забойствы за мяжой падрываюць архітэктуру амэрыканскай і эўрапейскай бясьпекі».

Юрый Шуліпа не сумняецца, што ўсе гэтыя «вострыя чэкісцкія мерапрыемствы» санкцыянаваў асабіста Ўладзімір Пуцін, і спадзяецца, што ягоная кніга дапаможа юрыстам на будучым міжнародным працэсе над расейскім кіраўніцтвам.

Юрый Шуліпа — былы масквіч і знутры ведае сытуацыю на Лубянцы і ў Крамлі. Ён скончыў памежную акадэмію ФСБ Расеі і працаваў ва Ўпраўленьні спраў прэзыдэнта Расеі. Пасьля анэксіі Крыму зьехаў ва Ўкраіну і адмовіўся ад расейскага грамадзянства. У мінулым годзе ён напісаў кнігу «Будучыня Данбасу па формуле Штайнмаера».

Юрый Шуліпа расказаў карэспандэнту расейскай службы Радыё Свабода Дзьмітрыю Волчаку, што вырашыў выпусьціць манаграфію «Як Пуцін забівае за мяжой», каб сыстэматызаваць зьвесткі пра гэтыя злачынствы і паказаць, як яны задумваліся і ажыцьцяўляліся. Ён выкарыстоўвае матэрыялы расьсьледаваньняў Bellingcat, цэнтру «Дасье» і часта спасылаецца на публікацыі Свабоды.

— Вы расказваеце ў кнізе пра тое, як дзейнічаюць расейскія спэцслужбы на тэрыторыі Ўкраіны, і спыняецеся на забойстве ў Роўне маёра Івана Мамчура (украінскі вайсковец. — рэд.). Раскажыце, калі ласка, пра гэтую справу.

— У 2016 годзе Ровенскі гарадзкі суд вынес абвінаваўчы прысуд агенту-баевіку, які забіў Мамчура і рыхтаваў забойства яшчэ шасьці чалавек па заданьні супрацоўнікаў Першай службы контравыведкі ФСБ. Гэты прысуд дастаткова абʼёмны. Важна, што ў прысудзе вызначаныя ня толькі імёны, прозьвішчы і званьні канкрэтных супрацоўнікаў ФСБ, якія арганізоўвалі гэтыя злачынствы з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, але таксама і матывы, па якіх супрацоўнікі ФСБ вэрбавалі агентаў-баевікоў.

Палітычная мэта Расеі цалкам прасочваецца і выцякае з прысуду і паказаньняў абвінавачанага. Яна палягала ў тым, каб шляхам сэрыі забойстваў удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны запалохаць украінскіх вайскоўцаў.

Прысуд апублікаваны ў кнізе, я сам яго перакладаў на расейскую мову. Там ідзе гаворка пра тое, як супрацоўнікі ФСБ рыхтуюць такога роду забойствы. Гэты прысуд вельмі важны. На жаль, судовых рашэньняў, зьвязаных з забойствамі людзей расейскімі спэцслужбамі і іх агентамі-баевікамі за мяжой, ня так шмат, і не заўсёды апэратыўныя супрацоўнікі ФСБ, якія арганізуюць гэтыя забойствы, прыцягваюцца ў якасьці абвінавачаных. Як правіла, асуджаюцца сыстэмныя выканаўцы і іх агенты-баевікі, і за гэтыя межы ні сьледзтва, ні суд не выходзяць.

Але ў крымінальным праве ёсьць такое паняцьце, як унівэрсальная юрысдыкцыя. Нормы крымінальнага заканадаўства павінны распаўсюджвацца на супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якія займаюцца плянаваньнем злачынстваў, і потым на іх кіраўніцтва. Судзьдзі і сьледчыя павінны пашыраць сваю базу абвінавачаньняў, выходзіць на кіраўніцтва ФСБ альбо Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу ўзброеных сілаў Расеі, у залежнасьці ад таго, чые агенты-баевікі або кадравыя супрацоўнікі ўчынілі злачынства.

Юры Шуліпа
Юры Шуліпа

І, урэшце, на Мікалая Патрушава і Ўладзіміра Пуціна. Гэтых асобаў таксама трэба судзіць. Я разумею, што ў суд яны ня прыйдуць, яны будуць сьмяяцца, але неабходна выносіць у дачыненьні да іх завочныя прысуды. Любое зло павінна быць пакарана. Я разумею, што нават калі ў дачыненьні да Мікалая Патрушава, Уладзіміра Пуціна і кіраўнікоў ФСБ будзе вынесены абвінаваўчы прысуд, то ў Расеі, як звычайна, абмяжуюцца прапагандысцкімі заявамі альбо дыпляматычнымі нотамі пратэсту. Але гэтыя прысуды важныя для будучага міжнароднага крымінальнага суду над Уладзімірам Пуціным і вайскова-палітычным кіраўніцтвам РФ. Яны, такім чынам, робяцца доказнай базай і могуць паслужыць для таго, каб злачынцы не пазьбеглі міжнароднай крымінальнай адказнасьці.

— Вы пішаце, што вызначыць дакладную колькасьць забітых за мяжой або спробаў забойства цяпер немагчыма. Мяркуючы па ўсім, мы ведаем толькі пра невялікую частку падобных апэрацый, якія скончыліся правалам. Калі б Сяргей Скрыпаль быў адзін, без дачкі, ціха памёр бы ў сябе дома, яго атручваньне магло б прайсьці незаўважаным. Верагодна, такіх выпадкаў шмат.

— Гэта праўда. Наўрад ці мы даведаемся, колькі людзей было забіта. Напэўна, нават сам Пуцін толкам ня ведае колькасьць асобаў, на забойства якіх ён даваў адмашку. Хоць XXI стагодзьдзе — гэта стагодзьдзе інфармацыйнай адкрытасьці, і кібэрвыведка будзе спрыяць раскрыцьцю падобных злачынстваў.

— Адна з задач такога роду «мерапрыемстваў» — гэта запалохваньне, як у справе аб забойстве Івана Мамчура. Дамагліся расейскія спэцслужбы свайго? Ва Ўкраіне, у асяродзьдзі палітэмігрантаў, існуе страх перад імі?

— Страх, вядома ж, існуе. У шматлікіх апазыцыянэраў ён ужо сфармаваны ў Расеі, калі яны ўступілі на сьцежку барацьбы з гэтым рэжымам. Але страх праходзіць, і ўзьнікае дадатковая матывацыя для барацьбы. Некаторыя мае рэспандэнты ва Ўкраіне нават казалі, што яны былі б ня супраць памерці ад рук расейскіх забойцаў і такім чынам упісаць сваё імя ў гісторыю барацьбы з пуцінізмам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG