Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Павал Севярынец за кратамі намаляваў партрэт жонкі


Вольга Севярынец: партрэт ад мужа-палітвязьня

Вольга Севярынец атрымала партрэт ад зьняволенага мужа — Паўла Севярынца асудзілі на 7 гадоў калёніі. Раней палітык даслаў выявы свайго сына Францішка і ўжо нябожчыка бацькі.

«Дома ў нас ужо цэлая галерэя. Францішак па тры разы на дзень просіць мяне схадзіць праверыць, ці прыйшло што ад таты. Лісты зараз ходзяць зусім кепска, раз на пару тыдняў, але сын упарта чакае і спрабуе ўгадаць, што будзе ў наступным канвэрце... Прынамсі ў Магілёўскай турме, як Паша сядзеў там трэці месяц, стараліся акуратна забіраць вялікую капэрту, не складаць удвая, каб не памяць. Ён іх навучыў: унутры — малюнак для сына. Бог даў мне ня мужа, а скарб», — напісала на сваёй старонцы ў Facebook Вольга Севярынец.

Цяпер Павал Севярынец адбывае пакараньне ў Шклове. За гэты час у яго памёр бацька Канстанцін Севярынец, але на пахаваньне вязьня не адпусьцілі.

Апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, пісьменьнік сёлета ў сьнежні адзначыць 45-годзьдзе. Яго затрымалі летась 7 чэрвеня і вынесьлі тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама далучылі 30 сутак арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019-га і студзені 2020-га.

Пасля 75 сутак Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там прад’явілі абавінавачваньне. 24 сьнежня яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на два месяцы — да 20 лютага 2021-га.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе абвясьцілі прысуд у крымінальнай справе супраць сямі палітвязьняў, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках на падставе ч.1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу, а некаторых яшчэ па ч. 3 арт. 293 КК.

Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова і Максіма Вінярскага — да 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Ірыну Шчасную — да 4 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

За сваю грамадзянскую пазыцыю Паўла Севярынца неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафамі і арыштамі.

Вязьняў на «Валадарцы» зь лістапада абмяжоўваюць у падпісках на газэты і часопісы

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што зь лістапада ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску зьняволеным уводзяць абмежаваньні на падпіску на газэты і часопісы: аформіць падпіску змогуць толькі самі вязьні за грошы, што маюць на асабістых рахунках, і толькі на беларускія выданьні. Раней каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова пісала ў адным з лістоў, што зь лістапада будзе немагчыма выпісваць расейскую штодзённую «Независимую газету», зь якой палітвязьні маглі даведвацца актуальныя навіны, у тым ліку і пра сытуацыю ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG