Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы стварылі плятформу «Банк ідэй». Што гэта такое і хто можа паўдзельнічаць


Ілюстрацыйнае фота

На плятформе можна паўдзельнічаць у абмеркаваньні патрэбных Беларусі рэформаў і самому прапанаваць іх. Як гэта працуе і на што разьлічваюць стваральнікі?

«Банк ідэй — плятформа для стварэньня, абмеркаваньня і прасоўваньня праектаў рэформаў і разьвіцьця Беларусі», — так стваральнікі апісваюць новую ініцыятыву. Разьбіраемся, што гэта такое.

Чаму менавіта цяпер

Чаканьні зьменаў і рэформаў у Беларусі нікуды не падзеліся, пра гэта кажа адзін з ініцыятараў праекту, эканаміст Дзьмітры Крук.

Дзьмітры Крук, архіўнае фота
Дзьмітры Крук, архіўнае фота

«Павінна быць візія будучыні, у множным ліку. 2020 год — гэта рэакцыя людзей, незадаволенасьць існым становішчам. І тут паўстае пытаньне: а што можа быць далей? Незадаволенасьць цяперашняй сытуацыяй не прыводзіць да адназначнага кансэнсусу, і падыходы да таго, як уладкаваць Беларусь, могуць быць розныя.

У звычайнай сытуацыі такія пытаньні выходзяць у грамадзкасьць праз палітычны ўзровень. Палітычныя партыі робяць свае прапановы, праз галасы абіраюцца прыярытэты. У нашай сытуацыі такое цяпер немагчыма. Таму ў экспэртнай, дасьледчай супольнасьці пачало ўзьнікаць усё больш думак, што гэты працэс трэба падштурхоўваць. Таму ўзьнікла ініцыятыва „Банку ідэй“, дзе могуць распрацоўвацца праекты рэформаў у розных сфэрах», — кажа Дзьмітры Крук.

Якая мэта

У межах плятформы плянуюць распрацоўваць праекты рэформаў, візіі будучыні ў розных сфэрах сацыяльнага жыцьця.

«Гэты працэс будзе выглядаць не зусім стандартным чынам. Праекты, якія мы зьбіраемся ствараць і абмяркоўваць, — гэта мэню магчымых варыянтаў будучыні, зь якога і палітычныя сілы, і грамадзкасьць змогуць выбіраць, што ім падабаецца і на чым можна засяродзіцца. Гэта спроба стварыць менавіта мэню магчымых праектаў», — кажа Дзьмітры Крук.

Паводле аўтараў праекту, «цяпер беларусы хочуць быць ня толькі выканаўцамі, а і ўдзельнічаць у распрацоўцы праектаў на будучыню».

«Мы бяром на сябе функцыю экспэртызы, будзем спрабаваць забясьпечыць стандарты якасьці праектаў, якія публікуюцца на плятформе. Паспрабуем балянсаваць, адсейваючы зусім фантастычныя ідэі», — прагназуе Дзьмітры Крук.

Як гэта будзе працаваць

У стварэньні прапаноў і іх абмеркаваньні, па словах ініцыятараў праекту, можа паўдзельнічаць кожны беларус.

«Мы хочам прыцягваць да гэтай актыўнасьці як мага больш людзей, каб яны ўдзельнічалі ў выпрацоўцы візіі будучыні. Мы хочам прывабліваць на пляцоўку як мага больш экспэртаў з розных сфэраў. Зараз месяц-паўтара ў нас пойдзе на наладжваньне ўсіх працэсаў на сайце.

Прапанаваць ідэю ці праект будзе проста: там ёсьць спасылка на сайце — „стаць экспэртам“. Чалавек зможа загрузіць сваю ідэю на сайт. Асобны дасьледчык, экспэрт у гэтай сфэры, зробіць рэцэнзію на гэты праект. Таксама мы бяромся абмяркоўваць гэтыя праекты», — кажа Дзьмітры Крук.

Ад чалавека, які будзе прапаноўваць ідэю, спатрэбіцца пацьвердзіць кваліфікацыю, то бок прадэманстраваць, што ў гэтай сфэры ў яго ёсьць нейкі вопыт. «Гэта ня нейкая навуковая ступень, а проста пацьверджаньне кваліфікацыі».

Ці можна падаць ідэю ананімна?

Падаваць зьнешнія праекты на сайт, па задуме ініцыятараў праекту, можна будзе са студзеня. Што да ананімнасьці, то пакуль «вырашэньне гэтага пытаньня ў працэсе».

«Хутчэй за ўсё, нейкую частковую інфармацыю пра сябе, хаця б для экспэртаў, аўтар ідэі мусіць прадэманстраваць. Пры гэтым, калі праект прафэсійны, а чалавек хоча захаваць сваю ананімнасьць, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе магчыма», — прагназуе Дзьмітры Крук.

Якія праекты ўжо ёсьць на сайце

Пакуль першы праект — праграмны. Ён спрабуе даць адказ на пытаньне: «Пра якія рэформы сёньня трэба размаўляць?».

«Гэта стартавы падыход, дзе ідзе гаворка аб прынцыпах, як настроіцца на адну хвалю, каб размаўляць. У самы бліжэйшы пэрыяд пачнуцца два праекты на месяц. Бліжэйшыя тры, якія будуць зьяўляцца зь лістапада, — гэта пэрспэктыва рэформы пэнсійнай сфэры, другі — стандарты зьнешняй палітыкі, і трэці — пра судовую сыстэму», — анансуе Дзьмітры Крук.

А калі сайт заблякуюць?

Цяпер у Беларусі амаль кожны тыдзень блякуюць сайты ці прызнаюць нешта «экстрэмісцкім».

«Мы не надаём гэтаму занадта шмат увагі. З пункту гледжаньня аўдыторыі могуць быць праблемы, але гэта не канал, а сайт, там няма падпісак. Ня думаю, што, калі будзе блякаваньне, гэта істотна зьменіць нашы пляны», — кажа Дзьмітры Крук.

А што па часе?

На думку Дзьмітрыя Крука, «мэню праектаў» можна будзе стварыць за год-паўтара.

«Мяркую, што праз год-паўтара сытуацыя зьменіцца, і той ці іншы сцэнар рэформаў непазьбежны. Дзяржава сама ўжо вымушаная нешта рабіць у той жа пэнсійнай сфэры. Нас можа напаткаць сцэнар рэформаў пад ціскам зьнешніх абставін. Мы гаворым пра рэформы, якія выпрацоўваюцца і рэалізуюцца, зыходзячы з запыту грамадзтва і з рэвізіяй грамадзтва», — тлумачыць Дзьмітры Крук.

Хто стаіць за «Банкам ідэй»?

Супольнасьць найбольш буйных і вядомых беларускіх дасьледчых цэнтраў:

  • BEROC,
  • BISS,
  • Belarus Security Blog,
  • CASE-Belarus,
  • East Center,
  • SYMPA/BIPART,
  • Палітычная сфэра,
  • Цэнтар новых ідэй,
  • Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG