Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўпаў рэйтынг Уладзіміра Зяленскага і яго партыі. Якія прычыны?


Пікет у Кіеве

Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі абнародаваў вынікі тэлефонных апытаньняў, паводле якіх прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і ягоная партыя «Слуга народу» пачалі страчваць свае электаральныя пазыцыі.

У прыватнасьці, паводле вынікаў апытаньня, прэзыдэнцкі рэйтынг ва Ўладзіміра Зяленскага зьнізіўся з 25,4% у верасьні да 19,1% у кастрычніку. Але пры гэтым ён застаецца лідэрам сымпатый — калі б выбары адбыліся ў наступныя выходныя. На другім месцы Пятро Парашэнка (12,8% падтрымкі ў верасьні і 12,1% — у кастрычніку), на трэцім — Юлія Цімашэнка (7,8% у верасьні і 9,4% у кастрычніку).

У партыйным рэйтынгу партыя ўлады «Слуга народу» перамясьцілася на другое месца з 13,7% падтрымкі, саступіўшы лідэрства партыі «Эўрапейская салідарнасьць» з 13,9% падтрымкі. На трэцім месцы партыя «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі (12,0%), на чацьвёртым — Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» Віктара Медзьведчука (11,5%).

Паводле сацыёлягаў, 44,9% рэспандэнтаў лічаць, што цяперашняя ўлада ва Ўкраіне не адрозьніваецца ад мінулай, 29,9% — што горшая за мінулую, а 22% — што лепшая.

У той жа час, сацыёлягі зьвяртаюць увагу на тое, што мэтады правядзеньня апытаньня могуць істотна паўплываць на ягоныя вынікі.

«Рэспандэнты, апытаныя мэтадам тэлефоннага інтэрвію, больш заможныя, маюць вышэйшы ўзровень адукацыі і больш актыўныя, чым рэспандэнты, якія апытваюцца мэтадам асабістага інтэрвію. У выніку гэта можа ўплываць на рэйтынг палітычных сілаў», — патлумачыў адзін з сацыёлягаў інстытуту Антон Грушэцкі.

Палітоляг Уладзімір Фясенка перакананы, што для высноў аб зьніжэньні рэйтынгу прэзыдэнта і партыі ўлады трэба супастаўляць розныя сацыялягічныя апытаньні і зь асьцярогай ставіцца менавіта да тэлефонных апытаньняў, у якіх адлюстроўваюцца ня вельмі дакладныя тэндэнцыі.

«Усе сацыялягічныя апытаньні паказалі, што зь лютага рэйтынгі Зяленскага пачалі павялічвацца, яны расьлі да вясны, потым была паўза, яшчэ адзін скачок быў у канцы жніўня – пачатку верасьня. Дакладна можна сказаць, што санкцыі супраць Медзьведчука, закрыцьцё ягоных тэлеканалаў спрацавалі на карысьць Зяленскаму», — сказаў Свабодзе Ўладзімір Фясенка.

Палітоляг прагназуе, што канец восені і зіма будуць вельмі складаным часам для ўкраінскага прэзыдэнта, але далей усё будзе залежаць ад ягоных дзеяньняў.

«Восеньню і зімой рэйтынгі партыі ўлады і чыннага прэзыдэнта, як правіла зьніжаюцца. У Зяленскага так было, так было ў Парашэнкі і практычна ва ўсіх прэзыдэнтаў (Украіны). Увосень павялічваецца сацыяльная напружанасьць — тут і тарыфы, тут і ацяпляльны сэзон. І ўсё гэта, безумоўна, нэгатыўна ўплывае на рэйтынгі. На гэты раз для Зяленскага спрацавала канцэнтрацыя некалькіх праблемных для яго падзеяў: гэта звальненьне Разумкова (з пасады кіраўніка парлямэнту. — РС), афшорны скандал з адкрыцьцём дакумэнтаў з «Дасье Пандоры», сытуацыя з вагнэраўцамі», — удакладніў палітоляг.

Уладзімір Фясенка падкрэсьліў, што рэальны рэйтынг палітыкаў вызначаецца толькі ў часе выбараў:

«Рэйтынгі могуць вагацца. Сытуацыя між выбарамі — гэта адно, дадаткова вось гэтыя сэзонныя ваганьні, пра якія я сказаў і якія таксама вельмі ўплываюць. Але на выбарах асаблівая сытуацыя, якая будзе залежаць ад эфэктыўнасьці выбарчай кампаніі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG