Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне пашанцавала нарадзіцца ў Беларусі». Што піша з калёніі Віктар Бабарыка


Ліст ад Віктара Бабарыкі

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка раіць у лістах, якія кнігі пачытаць, разважае пра мастацтва, расказвае пра свой побыт і непакоіцца пра незалежнасьць Беларусі.

Чытачы Свабоды падзяліліся лістамі ад Віктара Бабарыкі, якія ён пісаў ім сёлета са жніўня па кастрычнік.

Яму пішуць шмат тэматычных лістоў пра сваю або ягоную сфэру дзейнасьці, пра мастацтва, кнігі, беларускія падзеі апошняга году. Віктар Дзьмітрыевіч адказвае разгорнута. Балянсуе паміж жартаўлівым тонам і сур’ёзнымі разважаньнямі. Многія адзначаюць почырк Бабарыкі — яго досыць складана разабраць.

Фрагмэнт ліста ад Віктара Бабарыкі
Фрагмэнт ліста ад Віктара Бабарыкі

Ён адказвае на расейскай і беларускай мовах. Ставіць па тэксьце вясёлыя або сумныя смайлікі. Заўжды піша, на які па нумары ліст адказвае, ставіць дату і подпіс. Свае лісты часта заканчвае фразай «Мы — Разам!», некаторыя карэктары слова «разам» замазваюць.

«І ўсё роўна мы „Разам“ — Маша, Макс і іншыя», — так скончыў ён адзін зь лістоў.

Адна з суразмоўцаў расказала, што пісала Віктару Дзьмітрыевічу летась з восені, а першы адказ ад яго атрымала толькі сёлета ў жніўні.

«На жаль, я не магу сказаць, што мне піша мноства людзей. Раней да мяне ўвогуле амаль нічога не даходзіла. Цяпер стала лепш, але я ўсё ж магу адказваць на ўсе лісты, якія да мяне прапускаюць», — патлумачыў сытуацыю зь ліставаньнем палітвязень.

«Качагарка — занадта ўжо сымбалічнае месца»

Цяпер былы банкір працуе ў пякарні наваполацкай калёніі.

«Мяне прыбралі з качагаркі і перавялі ў фармовачны цэх хлебабулачных вырабаў. Не патлумачылі, ці то гэта ўзнагарода, ці то наадварот. Можа, качагарка — занадта ўжо сымбалічнае месца :-)», — жартуе ён.


Вядома, што ў цэху вельмі горача, да таго ж Бабарыку забаранілі рабіць фізычныя практыкаваньні ў перапынках паміж працай.

Раней у палітвязьня была праблема ўзяць кнігі, бо рэжым ягонай працы супадаў з працай бібліятэкі. Гэтае пытаньне вырашылі. Аднак засталіся дзьве іншыя праблемы. Праз працу ў яго амаль няма часу чытаць і пісаць лісты. Ён мае толькі адзін выходны ў тыдзень. Да таго ж ён не знайшоў у бібліятэцы патрэбных яму кніг. Плянуе шукаць выхад і з гэтых абставін.

«Прытрымліваюся пазыцыі Рабіновіча: не дачакаецеся»

«Са здароўем і настроем стараюся прытрымлівацца пазыцыі Рабіновіча: не дачакаецеся», — пісаў Бабарыка ў верасьні.

Адначасна ён не пагадзіўся зь меркаваньнем Аляксандра Кныровіча, які пасьля вызваленьня выказаўся, што рэжым калёніі добра адбіўся на ягоным здароўі.

Фрагмэнт ліста Віктара Бабарыкі
Фрагмэнт ліста Віктара Бабарыкі

«Шчыра за яго цешуся. Мне з гэтым пашчасьціла менш. Можа, пазьней я ўсьвядомлю, што нечага не разумеў», — напісаў зьняволены бізнэсовец.

Ён расказаў у лістах, што любіць восень і зьмены сэзонаў.

«Для мяне не выдзяляліся раней месяцы, гады. Я люблю восень, люблю абавязковую сэзоннасьць. Ня здолеў бы выжыць у вечным леце або зіме. Або па-іншаму: выжыў бы, але без асаблівай радасьці», — прызнаўся ён.

Палітык цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, у якім стане цяпер беларусы. Прызнаецца, што камунікацыя ў яго моцна абмежаваная, яму не хапае і кантактаў у сацыяльных сетках. Даведаўся, што нядаўна памерлі паэты Алесь Разанаў і Канстанцін Севярынец, гісторык Уладзімер Ляхоўскі.

«Уразілі вершы Ганны Севярынец. Чуў, што ў Паўла памёр бацька. Вельмі шкада. Мае яму спачуваньні. І хоць я яго ня ведаю, але ж ён годны і мужны чалавек», — напісаў вязень.

Парады кніг для чытаньня ад Віктара Бабарыкі

Ліст ад Віктара Бабарыкі
Ліст ад Віктара Бабарыкі

Бабарыка адзначыў, што адкрыцьцём у беларускай паэзіі для яго стала Ларыса Геніюш. Ён працягвае шукаць ейныя творы.

У літаратурным часопісе ён прачытаў артыкул пра беларускіх паэтаў, таму хацеў бы знайсьці больш вершаў Ганны Комар, Крысьціны Бандурынай, Уладзімера Лянкевіча, а таксама вершы, якія былі напісаныя пасьля жніўня 2020 году.

«Мяне моцна ўразіла, што нашыя суайчыньнікі выдалі „на гара“ шмат чаго цікавага. Было б прыемна пачытаць іхнія творы», — напісаў вязень.

Бабарыка таксама просіць рэцэнзію на «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, думае, каб і самому здабыць гэты раман і прачытаць.

У адказ на згадку пра пісьменьніка Кадзуо Ісігура ён параіў пачынаць зь ягонай кнігі «Не адпускай мяне», а працягнуць кнігай «Рэшта дня» і іншымі. Таксама вязень параіў пачытаць кнігу «Забіць перасьмешніка» Харпэр Лі.

Адна з карэспандэнтак даслала Бабарыку цытаты Марыны Цьвятаевай.

«Цьвятаева — вельмі жаноцкая, а Ахматава — не. Мне здаецца, жанчыны дзеляцца на дзьве катэгорыі: хто любіць паэзію, а хто — не. А вось першыя яшчэ на дзьве — хто любіць Ахматаву, а хто — Цьвятаеву. Я не сустракаў тых, хто любіць абедзьвюх аднолькава», — напісаў палітык.

«Няма ў сьвеце скарбу, каб можна было купіць за яго каханьне»

У адказ на ліст пра жонак палітвязьняў Бабарыка напісаў, што яму і прыемна, і балюча чытаць пра каханьне праз краты.

«Няма ў сьвеце такога скарбу, каб можна было купіць за яго такое каханьне. Ведаю, што тыя пары, якія пройдуць праз гэтыя катаваньні, застануцца назаўсёды. Ня дай жа ж Божа такіх выпрабаваньняў у жыцьці нашых дзяцей, але такая пяшчота і любоў каштуе таго», — выказаў ён думку.

Былы кандыдат у прэзыдэнты адрэагаваў на новаўвядзеньні ў школах і напісаў, што ў яго выклікае сум тое, якім прадметам будуць вучыць дзяцей і хто будзе за настаўнікаў.

Калі адна з карэспандэнтак, Алена, згадала перадачу «Мой бізнэс», якая ішла на АНТ і ў якой браў удзел «Белгазпрамбанк», Бабарыка пракамэнтаваў, што ў перадачы быў «някепскі патэнцыял», аднак, яго не рэалізавалі.

«Галоўнае, што вашая дачка расьце з пачуцьцём прыгожага»

Многія пішуць мэцэнату за краты пра карціны і выставы. Ён расказаў, што навучыўся адрозьніваць многіх мастакоў у межах «Восеньскага салёну» і «Арт-Мінска». Бабарыка прызнаўся, што любіць мастакоў «другога пляну», прыкладам, Файбіш-Шрагу Зарфіна. На дасланую паштоўку з карцінай Леаніда Шчамялёва ён адказаў, што не прыхільнік гэтага мастака, як і сацыяльнага арта агулам.

«Пра працы ў калекцыі „Арт-Беларусь“ магу пісаць бясконца. Яны ўсе вельмі каштоўныя. Амаль кожную я набываў сам або быў удзельнікам гэтага працэсу. Неяк праводзіў экскурсію па галерэі, дзе расказваў не пра карціны, а пра факты іх пакупкі. Кажуць, было вельмі цікава», — успамінае былы банкір.

Калі мянчанка расказала, што хадзіла на выставу «Арт-Мінск» разам з дачкой, якую асабліва пазабавіла карціна Марка Шагала «Лунацікі», Бабарыка з усьмешкай адзначыў, што на карціне Шагала толькі адзін лунацік.

«Галоўнае, што вашая дачка расьце з пачуцьцём прыгожага. З такіх дзяцей ня могуць вырасьці злыя і няўдзячныя дарослыя», — напісаў ён.

Мэцэнату цікава будзе прачытаць у лістах уражаньні і іншых наведнікаў «Арт-Мінска».

«Я ганаруся людзьмі Беларусі»

Пра падзеі жніўня 2020 году Бабарыка піша з доляй самаіроніі. Нехта даслаў яму малюнак з выявай бегемоціка з сэрцайкам. Палітык пазнаў у выяве сябе і адзначыў, што гэта «ня самы горшы вобраз».

«Шкада, што не дайшоў ваш першы ліст з прызнаньнем у любові і павазе. Заўжды прыемна пачытаць, што ты некаму патрэбны», — напісаў ён адной са знаёмых па ліставаньні.

Зь лістоў відаць, што палітык не шкадуе пра тое, што пайшоў у выбарчую кампанію 2020 году.

«Спадзяюся, што тых, хто салідарныя і памятаюць пра людзей за кратамі, — вялікая колькасьць. Я таксама ганаруся людзьмі Беларусі. Мне пашанцавала нарадзіцца ў гэтай краіне і паўдзельнічаць у тым, што адбылося ў 2020-м годзе. Быць сьведкам і нейкім бокам удзельнікам адраджэньня сапраўднай нацыі — вялікі гонар і шанец. Ня кожнаму такое выпадае. Хаця і плаціць за гэта даводзіцца многім», — пісаў ён у жніўні.

Бабарыка засмуціўся ад навіны пра чарговае абмеркаваньне «дарожных мапаў» з Расеяй.

«Гэтыя падзеі нясуць велізарныя рызыкі для нашай краіны і незалежнасьці... Я веру, што беларусы маюць свой характар і сілы, каб працягнуць барацьбу і жыць у сваёй незалежнай Беларусі!» — выказаў ён спадзеў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG