Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Вашынгтоне пра Ігара гавораць кожны дзень». Джулі Фішэр пагутарыла з Дар’яй Лосік


Ігар Лосік, архіўнае фота

Дыпляматка затэлефанавала Дар’і раніцай 20 кастрычніка. За дзень да гэтага адбылася сустрэча сваякоў палітвязьняў з прадстаўнікамі Эўразьвязу.

Кансультант Радыё Свабода, палітзьняволены Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. Суд у яго справе ідзе ў гомельскім СІЗА ўжо амаль чатыры месяцы. У аўторак 19 кастрычніка група прадстаўнікоў Эўразьвязу сустрэлася з блізкімі палітвязьняў, у тым ліку з Дар’яй Лосік.

«Учарашняя сустрэча прайшла з прадстаўнікамі ЭЗ, — расказала Дар’я ў размове са Свабодай. — Мы абмяркоўвалі, як яны могуць дапамагчы зьняволеным. Родныя некаторых расказвалі свае гісторыі. Прозьвішчы я не магу назваць, ня ўсе хацелі, каб пра іх ведалі. У асноўным кожны расказваў, што нас насьцярожвае на гэты момант. Чаго мы баімся, чаго б мы хацелі ад Эўразьвязу».

Дар’я Лосік апісвае сустрэчу як сяброўскую, даволі нефармальную. На ёй таксама размаўлялі пра тое, як можна паўплываць на сытуацыю з палітвязьнямі, спрыяць іх хутчэйшаму вызваленьню.

«Я гаварыла, што вельмі важна, каб імёны Ігара і іншых палітвязьняў згадваліся як мага часьцей, — расказала Дар’я Лосік. — І што галоўнае зараз для ўсіх — гэта дастаць людзей з турмы. Я таксама расказала, у якім стане Ігар цяпер знаходзіцца ў турме. Пра суд нічога не змагла паведаміць, бо я нічога пра яго ня ведаю. Зь лістоў, якія даходзяць, я бачу, што ўсё ня так добра. Ягоны псыхічны стан мяне на гэты момант турбуе больш за ўсё. Пра гэта я расказвала на сустрэчы».

Раніцай 20 кастрычніка Дар’і Лосік затэлефанавала прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

«З Джулі Фішэр мы размаўлялі каля 20 хвілінаў, — гаворыць Дар’я. — Я расказала, што зараз адбываецца зь Ігарам. Яна паведаміла мне, што пра Ігара ў Вашынгтоне гавораць практычна кожны дзень. І ніхто ні ў якім выпадку яго не забыў. Любымі спосабамі будуць яму дапамагаць, самае галоўнае — дапамагчы вярнуцца Ігару дадому. Джулі таксама сказала, што мы можам быць на сувязі ў любы момант. Калі раптам нешта здарыцца, альбо я буду ведаць пра тое, што зь Ігарам нешта адбывалася, я заўсёды магу адразу пра гэта ёй паведаміць».

Дар’я таксама гаворыць, што была вельмі радая тэлефанаваньню ад дыпляматкі. Акурат напярэдадні яна атрымала адразу пяць лістоў ад мужа і змагла расказаць пра стан Ігара больш.

«Мне было вельмі прыемна, — кажа Дар’я Лосік. — Я радая, што пра Ігара часта згадваюць. Гэта вельмі добра».

Пра завяршэньне працэсу ў справе Ігара Лосіка і іншых палітзьняволеных, якіх судзяць разам зь ім, нічога не вядома. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прысуд можа быць агучаны ўжо да канца месяца. На пачатку лістапада споўніцца роўна 500 дзён, як Ігар Лосік знаходзіцца ў няволі.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG