Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба прышчапляцца тым, хто ўжо хварэў на COVID-19


Калі коратка, то навукоўцы сьцьвярджаюць, што так званы натуральны імунітэт вар’іруецца ад пацыента да пацыента. Імунізацыя па-ранейшаму застаецца найлепшым крокам пасьля выздараўленьня ад хваробы.

Пра гэта піша The New York Times.

Стойкасьць імунітэту залежыць ад многіх фактараў

Многія людзі зь ліку тых, хто перанёс COVID-19, могуць не захварэць пасьля другога кантакту зь вірусам. Але сіла і ўстойлівасьць іх імунітэту залежыць ад узросту, стану здароўя і цяжкасьці першага заражэньня.

«Гэта праблема натуральнай інфэкцыі — узровень антыцелаў можа знаходзіцца на вельмі нізкім або вельмі высокім узроўні, у залежнасці ад таго, якое захворваньне ў вас было», — кажа доктарка Акіко Івасакі, імуноляг зь Ельскага ўнівэрсытэту (ЗША).

Людзі з моцным натуральным імунітэтам могуць быць абароненыя ад паўторнага заражэньня на тэрмін да году. Але нават ім ня варта адмаўляцца ад вакцыны, лічаць экспэрты.
Павышэньне імунітэту з дапамогай вакцыны, верагодна, дае працяглую абарону ад усіх варыянтаў вірусу.

«Калі вы заразіліся, а затым прайшлі вакцынацыю, у вас ёсьць звышздольнасьць процістаяць COVID-19», — кажа Джэніфэр Гомэрман, імуноляг з Унівэрсытэту Таронта. Бяз гэтага ўзмацненьня антыцелы пасьля натуральнага заражэньня будуць слабець, у выніку чаго людзі стануць уразьлівымі для паўторнага заражэньня і, магчыма, здольнымі распаўсюджваць вірус.

Які імунітэт мацнейшы — пасьля хваробы ці пасьля вакцынацыі

Параўноўваць імунітэт ад інфэкцыі і ад вакцыны складана. Дзясяткі дасьледаваньняў прыйшлі да супярэчлівых высноў і выклікалі дыскусіі.

Высьветлілася, што існуе заканамернасьць: дзьве дозы мРНК-вакцыны спараджаюць болей антыцелаў і больш надзейна, чым звычайнае заражэньне каронавірусам. Але антыцелы ад натуральнай інфэкцыі больш разнастайныя і здольныя абараняць ад больш шырокага спэктру варыянтаў, чым антыцелы, што ўзьнікаюць пасьля вакцынацыі.

Дасьледаваньні, якія рэклямуюць стойкасьць і сілу натуральнага імунітэту, маюць адзін істотны недахоп. Яны ацэньваюць адказ на інфэкцыю толькі ў людзей, якія выжылі пасьля COVID-19. Паводле імуноляга з Унівэрсытэту Ракфэлера ў Нью-Ёрку Мішэль Нусэнцвэйг, шлях да натуральнага імунітэту небясьпечны і нявызначаны.

Да таго ж, толькі ад 85 да 90% людзей са станоўчым вынікам тэсту на каранавірус маюць выяўленыя антыцелы. Сіла і даўгавечнасьць адказу ў розных людзей розныя.

Напрыклад, у той час як імунітэт, атрыманы ад вакцын і інфэкцыі, супастаўны ў маладых людзей, дзьве дозы мРНК-вакцын абараняюць старэйшых за 65 гадоў людзей лепш, чым натуральная інфэкцыя.

Дасьледаваньне, апублікаванае камандай доктара Івасакі ў траўні, паказала карэляцыю ўзроўню антыцелаў зь цяжарам інфэкцыі — чым цяжэйшая інфэкцыя, тым больш антыцелаў. Паводле іншага дасьледаваньня, каля 43 адсоткаў выздаравеўшых людзей ня мелі нэўтралізуючых антыцелаў, якія б паддаваліся выяўленьню. Антыцелы падаюць да ўзроўню, які не паддаецца вызначэньню, прыкладна праз два месяцы ў 30% ачунялых людзей.

З пункту гледжаньня якасьці антыцелаў уварваньне ў арганізм жывога вірусу выклікае больш шырокі імунны адказ, чым ін’екцыя адзінага бялку з вакцыне, — кажа імуноляг з Арэгонскага ўнівэрсытэту аховы здароўя і навукі Фікаду Тафэсэ.

«Вірус будзе стымуляваць ахоўныя сілы ў носе і горле — менавіта там, дзе яны неабходныя для прадухіленьня другой інфэкцыі, — у той час як вакцыны вырабляюць антыцелы пераважна ў крыві. Гэта дасць вам перавагу для супраціву наступнай інфэкцыі», — кажа доктарка Гомэрман.

Фрагмэнты вірусу могуць захоўвацца ў арганізьме на працягу некалькіх тыдняў пасьля заражэньня, што дае імуннай сыстэме больш часу, каб навучыцца змагацца зь ім, у той час як бялкі вакцыны хутка пакідаюць арганізм.

Як часта хварэюць прышчэпленыя

Некалькі дасьледаваньняў паказалі, што паўторныя заражэньні, прынамсі з больш раньнімі вэрсіямі вірусу, здараюцца рэдка.

У клініцы Кліўлэнда ніводзін з 1359 мэдычных працаўнікоў, якія не прышчапляліся пасьля перанесенай натуральнай інфэкцыі, не захварэлі другі раз, паведаміў доктар Набін Шрэста, лекар-інфэкцыяніст гэтай клінікі.

Але ён прызнаў, што да высноў варта ставіцца з асьцярогай. У клініцы правяралі толькі людзей, якія відавочна хварэлі і маглі прапусціць паўторныя бессымптомныя інфэкцыі. У сярэднім удзельнікам было 39 гадоў, таму вынікі могуць не стасавацца да пажылых людзей, якія з большай верагоднасьцю заразяцца зноў.

Доктар Шрэста адзначае, што ў большасьці дасьледаваньняў за людзьмі сачылі толькі каля году. «Важнае пытаньне, як доўга натуральны імунітэт абараняе. Мы ня маем ніякіх ілюзій і не чакаем, што гэта будзе пажыццёвая абарона», — кажа Шрэста.

Таксама незразумела, наколькі добра імунітэт пасьля заражэньня абараняе ад новых варыянтаў вірусу. Большасьць даследаваньняў скончыліся да таго, як варыянт Дэльта стаў дамінуючым.

Найбольш шырока цытаванае дасьледаваньне на карысць натуральнага імунітэту супраць варыянту Дэльта было праведзенае ў Ізраілі. Яно паказала, што прарыўныя інфэкцыі пасьля вакцынацыі былі ў 13 разоў больш верагодныя, чым паўторныя інфэкцыі ў не прышчэпленых людзей з натуральным імунітэтам. Але экспэрты перасьцераглі ад высновы, што натуральны імунітэт пераўзыходзіць абарону ад вакцын. У групу прышчэпленых уваходзіла значна больш людзей з хваробамі, якія аслаблялі іх імунны адказ. У дасьледаваньні таксама ня ўлічваліся людзі, чыя імунная абарона магла быць узмоцненая пры другім кантакце зь вірусам.

Ці прышчапляцца тым, хто ўжо хварэў

Экспэрты лічаць, што для тых, каму пашчасьціла вылечыцца ад COVID-19, вакцынацыя па-ранейшаму зьяўляецца ідэальным выбарам. Ён забясьпечвае значнае павышэньне ўзроўню антыцелаў і стварае практычна непранікальны імунны шчыт — магчыма, нават, супраць будучых варыянтаў.

Паводле імуноляга Гарвардзкай мэдычнай школы доктара Дуэйна Вэзэмана, маляўнічыя графікі зь яго нядаўняга артыкулу дапамаглі пераканаць выздаравеўшых пацыентаў у велізарнай перавазе, якую ім можа даць нават аднаразовая доза.

Незалежна ад разуменьня натуральнага імунітэту, якое з часам мяняецца, сярод навукоўцаў існуе амаль ўсеагульная згода ў адным — для людзей, якія ніколі не былі інфікаваныя, вакцыны нашмат больш бясьпечныя і значна менш рызыкоўныя, чым COVID-19.

Многія людзі, якія выступаюць супраць вакцын, спасылаюцца на нізкі ўзровень сьмяротнасьці ад COVID-19 сярод маладых людзей. Але нават, здавалася б, лёгкія выпадкі COVID-19 могуць прывесці да доўгатэрміновага пашкоджаньня сэрца, нырак і мозгу або выклікаць у людзей пачуцьцё зьнясіленьня і нямогласьці на тыдні або месяцы, кажа доктарка Івасакі.

«Ніхто не павінен спрабаваць набыць імунітэт шляхам натуральнага заражэньня, — кажа яна. — Гэта занадта небясьпечна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG