Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Веранікі Чаркасавай, год таму — тэлеграм-канал NEXTA прызналі экстрэмісцкім


Падзеі 20 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Год таму ў гэты дзень

  • Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Telegram-канал NEXTA-Live і лягатып NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі.
  • Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых рэктараў у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў і Берасьцейскім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце.
  • Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Варшаву сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
  • Міністэрства гандлю ЗША вырашыла захаваць статус Беларусі як краіны зь нярынкавай эканомікай

Дзень у гісторыі

1506 — на княжаньне ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім абралі Жыгімонта І Старога.

1655 — ВКЛ і Швэцыя заключылі Кейданаўскую вунію, ініцыятарам якой была група паноў і шляхты з Жамойці.

1920 — на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага стварылі блёк беларускіх партыяў для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:27 0:00
Наўпроставы лінк

1929 — ЦК ВКП(б) абвясьціў курс на суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

1945 — у Менску адкрыўся Літаратурны музэй Янкі Купалы.

1947 — адкрыўся Гарадзенскі абласны драматычны тэатар.

1953 — у ЗША выйшла ў сьвет антыўтопія Рэя Брэдбэры «451 градус па Фарэнгайту».

1973 — каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II адкрыла будынак Сыднэйскай опэры, прызнанай адным з самых прыгожых будынкаў у сьвеце.

Будынак опэры ў Сіднэі, Аўстралія.
Будынак опэры ў Сіднэі, Аўстралія.

У гэты дзень нарадзіліся

1677 Станіслаў Ляшчынскі, вялікі князь літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай.

1733Адам Станіслаў Нарушэвіч, польскі гісторык, паэт, перакладчык. Выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіюме, рыцарскай школе ў Варшаве. З 1781 году — пісар вялікі ВКЛ і сакратар Сталай Рады.

1854Арцюр Рэмбо, францускі паэт, адзін з заснавальнікаў сымбалізму.

1885 Алесь Бурбіс, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік рэвалюцыі 1905 г. Адзін з заснавальнікаў беларускага прафэсійнага тэатра.

Алесь Бурбіс
Алесь Бурбіс

У памяці

1906 Канстанцін Быліч, беларускі актор.

1937 Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік, паэт. Рэпрэсаваны, асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

1942Флярыян Ждановіч, беларускі актор і рэжысэр.

1953Яўген Хлябцэвіч, бібліятэказнаўца, літаратуразнаўца, публіцыст, пэдагог.

2004 — забілі беларускую журналістку Вераніку Чаркасаву.

Вераніка Чаркасава
Вераніка Чаркасава

Незалежная айчынная журналістыка ў найноўшыя часы нясе цяжкія страты — Iгар Гермянчук, Зьміцер Завадзкі, Васіль Гроднікаў, Вераніка Чаркасава, Алег Бябенін...

Веранiку, супрацоўніцу незалежнай газэты «Салідарнасць», забілі ў яе кватэры. Злачынца зрабіў больш за сорак удараў нажом.

Мы зь ёй не былі сябрамі, але за некалькі тыдняў да зьверскага забойства Вераніка брала ў мяне інтэрвію пра беларуска-расейскія дачыненьні ў гістарычнай рэтраспэктыве. (Дагэтуль памятаю дакладныя й не заўсёды камфортныя пытаньні, скажам, пра нязводную веру часткі нашых продкаў у добрага маскоў-скага цара.) Мой тэлефон знайшлі ў яе ў нататніку, і я апынуўся на допыце.

Сьледчы пацікавіўся ма ёй вэрсіяй трагедыі. «Мяр кую, што прычына — прафэсійная дзейнасьць», — адказаў я. — «На пры клад?» — «Напрыклад, публікацыі кшталту «КГБ усё яшчэ сочыць за табой». Сьледчы забегаў па кабінэце, пераконваючы мяне, што забойства — самая банальная «бытавуха», якую яны хутка, ледзь не на наступным тыдні, раскрыюць.

Вярнуўшыся дадому, я знайшоў у хатнім архіве некалькі публікацыяў Веранікі Чаркасавай. Сабраныя разам, яны ператвараліся ў своеасаблівы гіпэртэкст, дзе адлюстравалася ўся наша найноўшая гісторыя — зь яе перамогамі, трансфармаванымі ў паразы, і паразамі, якія дзіўным чынам запальвалі сьвятло ў канцы тунэлю.

Героямі Веранікі былі дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык, вядомы ўва ўсім сьвеце беларускі мастак зь Беласточчыны Лёнік Тарасэвіч, майстар-самародак Сьцяпан Яфімчык, які стварыў адзіны на плянэце цалкам драўляны, прычым «жывы», а не дэкаратыўны гадзіньнік...

У адным з апошніх сваіх эсэ — «Чырвоным па белым» — Вераніка пісала пра лёс нацыянальнага сьцягу. Пра паталягічную нянавісьць да яго з боку цяперашняга рэжыму, найбольш красамоўна выяўленую ў паводзінах колішняга прэзыдэнцкага дружбана Івана Ціцянкова, які пасьля рэфэрэндуму 1995 году па-нэандэртальску рваў галоўны сымбаль дзяржавы на шматкі, пакідаючы на іх аўтографы.

Але фінал эсэ ня дыхаў безнадзей насьцю: «Тое, што склалася цягам стагодзьдзяў, усё адно будзе прарастаць у народзе знутры. Змагацца за свабоду і незалежнасьць ідуць пад сьцягам, за які паміралі продкі, бо ён — як намоленая ікона...»

Менавіта гэты тэкст даў назву кнізе выбраных публікацыяў Веранікі, выдадзенай сябрамі пасьля яе сьмерці.

«Справу Чаркасавай» не ўдалося раскрыць, і яна была прыпыненая. Правёўшы ўласнае асьсьледаваньне, журналіст Сяргей Сацук прыйшоў да высновы, што на Вераніку была замова, і прафэсійны кілер інсцэнаваў бытавое забойства.

Неяк я сустрэў сьледчага, што так непахісна верыў у «бытавуху». Як прафэсіянал, ён відавочна пазнаў мяне, а таму адвярнуўся і паскорыў крок.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 528–529

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG