Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія Сэнату Чэхіі прапанавала пазбавіць Мілаша Зэмана прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў


Мілаш Зэман падчас прэс-канфэрэнцыі ў Бялградзе, верасень 2019

Камісія Сэнату Рэспублікі Чэхія па Канстытуцыі і парлямэнцкіх працэдурах прыйшла да высновы, што прэзыдэнт Мілаш Земан павінен быць пазбаўлены сваіх паўнамоцтваў праз стан здароўя.

Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс Novinky.cz, Сэнат можа абмеркаваць гэтае пытаньне яшчэ да першай сэсіі новавыбранай ніжняй палаты.

«Стан здароўя прэзыдэнта рэспублікі не дазваляе яму выконваць свае функцыі, прагноз такі, што ён ня зможа вярнуцца на пасаду і празь некалькі тыдняў», — растлумачыў выснову камісіі сэнатар Здэнэк Граба.

Артыкул 66 Канстытуцыі Чэскай Рэспублікі дазваляе пазбавіць прэзыдэнта паўнамоцтваў, калі абедзьве палаты парлямэнту вырашаць, што кіраўнік дзяржавы ня можа выконваць сваіх функцый з сур’ёзных прычын. У такім выпадку паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы разьдзяляюць прэмʼер-міністар і сьпікер Палаты дэпутатаў. Калі Палата дэпутатаў распушчаная, частку прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў бярэ на сябе старшыня верхняй палаты, г. зн. Сэнату.

«На падставе інфармацыі, дадзенай Цэнтральным вайсковым шпіталём, камісія заяўляе, што выкананыя ўмовы для актывацыі артыкулу 66», — гаворыцца ў заяве камісіі Сэнату па Канстытуцыі і парлямэнцкіх працэдурах.

Паводле высновы лекараў Цэнтральнага вайсковага шпіталю, дзе цяпер знаходзіцца Мілаш Зэман, прэзыдэнт ня здольны выконваць свае функцыі. Лекары ацэньваюць доўгатэрміновы прагноз пацыента як надзвычай няпэўны і лічаць вяртаньне Зэмана да выкананьня прэзыдэнцкіх абавязкаў малаімаверным.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG