Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгушаў аб’явіў набор у арт-рэзыдэнцыю для беларускіх творцаў у Польшчы


Плякат арт-рэзыдэнцыі «Дом творцаў»

Да 28 кастрычніка беларускія музыкі могуць падаць заяўку на ўдзел у арт-рэзыдэнцыі «Дом творцаў».

Арт-рэзыдэнцыя «Дом творцаў» пройдзе ў лістападзе-сьнежні ў сталіцы Польшчы. Асноўны напрамак — сучасная экспэрымэнтальная музыка і сучасная акадэмічная музыка. Падчас рэзыдэнцыі створаць музычна-літаратурны твор, які прэзэнтуюць па завяршэньні праекту.

У рэзыдэнцыі могуць узяць удзел прафэсійныя музыкі: інструмэнталісты і вакалісты. Таксама вітаюцца музыкі, якія працуюць з электроннай музыкай.

Аўтар беларускіх творчых праектаў Варшавы, музыка Сяржук Доўгушаў паведаміў Свабодзе, што займаецца арганізацыяй «Дома творцаў» разам са сваімі аднадумцамі, і першая арт-рэзыдэнцыя ўжо адбылася.

Першы праект арганізавалі ў польскім мястэчку Бялка Татранская. У рэзыдэнцыі бралі ўдзел рэжысэр Юры Дзівакоў, кампазытарка Вольга Падгайская, мастачка Тацяна Дзівакова і розныя рэпрэсаваныя рэжымам беларусы: па 5 музыкаў, актораў-аматараў і сьпевакоў.

«Мы працавалі зь іхнымі эмоцыямі, а ў канцы праекту напісалі эмацыйную опэру. Пасьля таго праекту зьявілася ідэя зрабіць больш сталы праект, каб беларусы сапраўды мелі такі „дом“ тут, каб праходзілі розныя рэзыдэнцыі. І ў выніку мы цяпер дайшлі да першай з трох заплянаваных: гэта музычная, якая пройдзе ў лістападзе-сьнежні. Потым будуць яшчэ тэатральная і мастацкая».

Прыём заявак на музычную арт-рэзыдэнцыю праходзіць да 28 кастрычніка. Арганізатары забясьпечаць удзельнікам бясплатнае пражываньне на час рэзыдэнцыі, праграму і актыўнасьці, пакрыюць кошт праезду да месца рэзыдэнцыі і харчаваньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG