Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я сказала, што з лукашыстамі жыць ня буду». Журналістка Кацярына Ерусалімская аб працы ў Nexta, Раману Пратасевічу і «Маланка Мэдыя»


Кацярына Ерусалімская, аўтар фота: Mikalai Maminau

Паразмаўлялі з журналісткай «Маланка Мэдыя» Кацярынай Ерусалімскай пра сям’ю і працу, Рамана Пратасевіча і чаму важна не маўчаць аб тым, што адбываецца.

«Мы яшчэ дзецьмі разумелі, што нешта ня так»

Кацярына нарадзілася і вырасла ў малым Крычаве. Дзяўчына кажа, што пра рэальную сытуацыю ў Беларусі даведалася, калі была падлеткам. Аднагодкі яе падтрымлівалі і разам «разьбіраліся» ва ўсім у мясцовым чаце, дзе людзі дзяліліся інфармацыяй паміж сабой.

«Я памятаю відэа разгону ў Курапатах. У мяне быў шок, бо людзі нічога не рабілі супрацьзаконнага, а іх так жорстка разганялі. Інфармацыі было шмат, працавала „Хартыя-97“, сайт „Эўрапейскай Беларусі“, „Нашай Нівы“, і мы чыталі незалежную прэсу. Тэлебачаньня не глядзелі, мы ў яго ня верылі, разумелі яшчэ дзецьмі, што нешта ня так. Аднойчы нашага хлопца схапілі, ён ноч правёў у „бамжатніку“, але бацькі за яго заступіліся. Тады яшчэ гэта не было так жорстка, хутка выпускалі», — кажа Кацярына Ерусалімская.

Дзяўчына прызнаецца, што на гэтай глебе часта сварылася з бацькамі. Першы канфлікт здарыўся, калі Кацярыне было 14 гадоў, тады яна нават сышла з дому.

«Я сказала, што з лукашыстамі жыць ня буду. Я была малая, разумела, што мне трэба скончыць школу, ліцэй і нікуды я не магу дзецца. Я сышла на суткі з хаты, на наступны дзень вярнулася, бацькі ня моцна панікавалі, разумелі, дзе я. Але сварыліся вельмі часта з бацькам на гэтую тэму, і мяне раздражняла, што ён не разумее, што да яго не даходзіць. Тата быў катэгарычны, цьвердалобы. І толькі потым, пасьля майго затрыманьня, калі мяне пасадзілі на суткі, тата такі: „Маю дачку? За што?“. Ён пачаў разумець, што адбываецца нешта неадэкватнае».

Кацярына кажа, што з бабуляй паразумецца было прасьцей, яна прыслухоўвалася да дзяўчыны.

«Бабулі цяпер 93 гады, і яна ўсё разумела яшчэ тады. І я памятаю, на навіны яна заўсёды казала: „Выключы гэтую брахню“. Калі бабулі было 80, яна адна пайшла на акцыю ў Крычаве. Але потым, калі я паехала жыць у Менск, прыяжджала на выходныя і тлумачыла, што і як, зьяжджала — і за тыдзень ёй сяброўкі яе ўзросту ўбіваюць у галаву, які Лукашэнка добры, і яна ўжо такая: „Каця, а мне тут расказалі...“. Прыходзілася зноў яе пераконваць. Яна цяпер не глядзіць ніякіх навін, кажа, што ў краіне крах, разруха і з гэтай палітыкай нешта ня так».

«Мяне ўдарылі дубінкай у жывот са словамі „С...ка, на калені!“»

У 2010 годзе Кацярына была ў камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Дзяўчына кажа, што дэталёва вывучала праграму кожнага кандыдата, і ягоная была найбольш блізкая.

«Гэта былыя „джынсы“, „Зубры“, я адтуль ведала шмат людзей, мы сябравалі. Мне нават як чалавек імпанаваў Саньнікаў, я глядзела на яго з адкрытым ротам і думала, што хачу такога лідэра. Потым з гадамі я расчаравалася, але ў той момант я за яго гатовая была кашулю ірваць».

Кацярына ўзгадвае Плошчу-2010, кажа, што гэта былі вельмі няпростыя часы.

«Была вельмі складаная праца праведзеная, мы дзень пры дні стаялі на пікетах пад дажджом, у холадзе, у слоце. Нацярпеліся розных рэчаў: нападалі на нас, разьбівалі партрэты кандыдатаў усякія п’яныя пасыльныя „цітушкі“. Але я памятаю, калі мы стаялі на Пушкінскай, сталая парачка, бабуля зь дзядулем кожны дзень прыносілі нам на пікет Саньнікава рондаль з баршчом, пюрэшку з катлетамі, кармілі нас і казалі: „Дзетачкі, вам жа тут холадна стаяць“. А былі такія старыя, якія казалі: „А што вам не падабаецца? Кефіру поўна на прылаўках“».

Дзяўчына кажа, што тае Плошчы вельмі чакалі, верылі, што надыдзе перамога, бо такога размаху не было яшчэ ніколі.

«У 2020-м казалі, што вось прагрэс, такога ніколі не было. Для нас такі прагрэс адбыўся ў 2010-м. Ваў! Столькі людзей выйшла, колькі не выходзіла ніколі, мы думалі, што ўсё атрымаецца. Але ўсіх разагналі, супраціву ніхто не аказваў, і самі кандыдаты былі разгубленыя ад таго, што адбывалася. Яны ня ведалі, як гэтым усім кіраваць, кантраляваць. Было страшна. Людзі, якія білі вокны, — гэта была правакацыя, і многія павяліся на яе. Было так, што мы стаялі на прыступках, каля дзьвярэй будынка, і нейкія незразумелыя хлопцы туды запіхвалі, штурхалі ў дзьверы».

Кацярына тады апынулася ў самым цэнтры падзей.

«Мяне схапілі за галаву, ударылі дубінкай у жывот са словамі „С...ка, на калені!“ і павалілі на зямлю. І тады яшчэ яны [сілавікі] адмыслова раскідалі па ўсёй плошчы купкі яловых галінак. Мы потым зразумелі, што гэта для таго, каб было цяжэй уцякаць, каб людзі, падаючы, драпалі твары. Я баялася больш за ўсё, што мяне раздушаць, таму што іх так было шмат. Я памятаю, як мне крычалі: „Твар прыкрый рукамі!“».

Калі дзяўчына паднялася зь зямлі, людзей заводзілі ў будынак альбо ўжо «запакавалі» па аўтазаках.

«АМАПавец спрабаваў зьняць зь мяне бел-чырвона-белы сьцяг. Потым я ішла па плошчы, там заставаліся ў асноўным журналісты, усіх хутка спакавалі. Сілавікі стаялі сьцяной вакол плошчы, адзін зь іх пачаў сьмяяцца. Мяне тады так трэсла, я проста плюнула ў яго, і гэта трапіла на шчыт, я думала, ён мяне забʼе. Я не разумела, навошта я гэта раблю, але адрэналін і шок быў. Нейкі галоўны зь іх стаяў ля пераходу, і такі: „Ты чаго? Дзіця біць сабраўся?“. Мне было 18 гадоў, апранутая была сьмешна, у каляровым шаліку і шапачцы з пампонам. Гэты галоўны закінуў мяне ў пераход. Там была куча людзей, сядзелі на падлозе, плакалі, хтосьці з разьбітай галавой».

Кацярына прызнаецца, што пазьней да яе прыйшло расчараваньне.

«Адразу пасьля Плошчы была надзея, я была малая, наіўная, і ў мяне былі занадта рамантычныя погляды. Мне здавалася, што ў наступныя дні будуць выходзіць людзі за тых, каго затрымалі і зьбілі, як потым было на Эўрамайдане. Так не адбылося. Пасьля гэтага я пачала расчароўвацца, што людзям усё роўна, таму яны ня сталі выходзіць».

А вось наконт падзеяў 2020-га ў Кацярыны дваякія пачуцьці.

«Людзі, якія цяпер крычаць: як дрэнна, людзей зьбівалі, — гэта было раней, было заўсёды. Большасьць з гэтых людзей усьвядомілі толькі ў 2020 годзе, што адбываецца, а да гэтага году ім было па барабане. Вось чаму я ў беларусах і расчаравалася, і зьехала потым з краіны. Я ня верыла, што беларусы пачнуць думаць аб чымсьці вышэйшым, аб гісторыі, ідэалёгіі, што іх зьневажае ўлада. Мне здавалася, што толькі страўнікі прымусяць выйсьці, калі паліцы будуць пустыя».

Цяпер, кажа Кацярына, яе моцна злуе, калі людзі апраўдваюць ранейшае бязьдзеяньне недахопам інфармацыі пра тое, што адбывалася ў Беларусі.

«Мне было 14 гадоў, я жыла ў вельмі малым горадзе Крычаве, і ў мяне чамусьці знайшоўся доступ да інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне, і хапіла мазгоў зразумець. Людзі ў Менску? У іх не было разуменьня? Я ня веру ў гэта. Мне здаецца, што калі выйшла большасьць, толькі тады і адважыліся. Але лепш позна, чым ніколі, вядома. Але столькі праліта крыві, столькі людзей цяпер катуюць у турмах, столькі іх там памірае... Бярэ страх, што гэта ўсё дарэмна».

«Я зь дзяцінства марыла быць журналістам»

Пасьля свайго расчараваньня ў Плошчы-2010 Кацярына зьехала вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага. Спачатку гэта былі курсы ў Лодзі, потым унівэрсытэт журналістыкі ў Аполі.

«Я зь дзяцінства марыла быць журналістам. Малая любіла садзіцца перад люстэркам і казаць: „Усім прывітаньне! Мяне завуць Кацярына Ерусалімская. З вамі навіны“, — сьмяецца дзяўчына. — Альбо брала газэты, чытала ўголас артыкулы і ўяўляла, быццам я вяду навіны. Зь мяне бабуля заўсёды сьмяялася. Я марыла пра тэлевізію».

У Аполі дырэктар мясцовай тэлевізіі прапанаваў студэнтам прыйсьці да яго на канал, але з усяго патоку прыйшла толькі Каця.

«У мяне была гутарка на дзьве гадзіны, мы размаўлялі літаральна пра ўсё. Дырэктар сказаў, што дзьверы тэлевізіі для мяне адчыненыя, і спытаў, чым я хачу займацца. Я абрала дакумэнтальнае кіно. У іх была выдатная журналістка, яна мяне ўсяму навучыла, яна кідала на глыбокую ваду адразу. Падчас працы я езьдзіла на Майдан. Калі пераехала ў Варшаву, пачала працаваць у ньюзруме на „Белсаце“».

Кацярына Ерусалімская
Кацярына Ерусалімская

Пасьля гэтага Кацярына пачала працаваць у камандзе NEXTA.

«Было цяжка перафарматавацца, бо я прывыкла да стандартнай, клясычнай журналістыкі. Мне падабалася зачапіць словам кагосьці з палітыкаў рэжыму. Але было складана першы час, я нават памятаю, як Сьцёпа мне казаў: „Каця, занадта мякка, трэба больш жорстка, ты ж можаш“. Вядома, NEXTA — гэта не журналістыка. Але тое, што мы цяпер робім на „Маланцы“, — цалкам журналістыка, гэта цікава, што ты можаш і патроліць, пакпіць з улады».

Кацярына адпрацавала ў тэлеграм-канале каля паўгода, а потым зьехала ў Вільню, дзе разам з Паўлам Марынічам далучылася да стварэньня «Маланкі».

«З Пашам мы знаёмыя яшчэ з часоў Плошчы, ён патэлефанаваў і сказаў: „Я хачу рабіць тэлек, калі ты едзеш у Вільню, давай разам“. Ваў! Мая мара, уласны тэлек. Мы пачалі рабіць „Маланку“ з нуля, і яна „стрэліла“. Напачатку было складана, бо было мала людзей, а пляны напалеонаўскія, даводзілася першыя чатыры месяцы працаваць без выходных. Цяпер пачуваюся нармальна. Часам у мяне бывае сум, але мне здаецца, гэта цяпер ва ўсіх ад таго, што адбываецца ў краіне. Хочацца выдыхнуць, а яно кожны дзень набірае абароты, маразм мацнее».

Праз Кацярыніну працу сілавікі прыйшлі да яе бабулі

Некалькі тыдняў таму да 93-гадовай бабулі і брата Кацярыны прыйшлі людзі ў цывільным.

«Прыйшлі да бабулі, і мяне шукалі. Гэта сьмешна, быццам яны ня ведаюць, дзе я. Потым прыйшлі да брата а 7-й раніцы. Нават паказалі пасьведчаньне хутка, разглядзець не далі. На пытаньне брата, чаму мяне шукаюць, яму адказалі, што на мяне заведзеная крыміналка за тое, быццам я на „NEXTA“ заклікала забіваць сілавікоў у жніўні 2020 году. У сямʼі разумелі, што гэта адбудзецца, бо ведалі, чым я займаюся. І калі тата захварэў на рак і загінаўся, казаў: „Нават ня думай сюды ехаць, цябе пасадзяць“. Усе выдатна ўсё разумелі, бо да мяне прыходзілі яшчэ ў 2010 годзе».

«Гэта страшна даросламу мужчыну, а тут малады хлопец»

Кацярына раней была ў стасунках з Раманам Пратасевічам. Яна кажа, што ёй вельмі не падабаецца, калі пра яго выказваюцца нэгатыўна, асабліва замежнікі, якія ня ведаюць, што насамрэч робіцца ў беларускіх турмах.

«Ёсьць беларусы за мяжой і ўнутры краіны, якія выказваюцца, хоць іх нават ніколі не затрымлівалі і яны не ўяўляюць, што такое допыты. Калі затрымалі Рому, у яго абарону выйшлі толькі за мяжой. У Беларусі ніхто ня выйшаў, усе пабаяліся. А Рома павінен не баяцца, знаходзячыся ў турме? У палоне павінен быць героем і нікога не закладваць? Хоць невядома, што там зь ім робяць, як катуюць. Я ня ведаю, хто б зь беларусаў вытрымаў распалены прас на жываце, альбо як нядаўна былі зьлітыя запісы з Расеі, дзе палку засоўваюць. Пачытайце гісторыю былога палітвязьня, як яго вадзілі ў месца, дзе расстрэльваюць, як гэта страшна даросламу мужчыну, а тут малады хлопец».

Кацярына перакананая, што вельмі важна ўвесь час людзям нагадваць, што адбываецца, інакш людзі перастануць заўважаць жорсткасьць, колькасьць зьняволеных, катаваньні.

«Я нават па сваіх навінах бачу гэта. Іх асабліва не глядзяць, калі я шмат даю матэрыялу на тэму затрыманьняў, людзям надакучыла, гэта і так дзень пры дні. Гэта стала беларускай рэальнасьцю. Але пра гэта трэба гаварыць, каб людзі не забывалі. Каб памяталі, што нічога ня скончылася, што ў нас да гэтага часу людзі пакутуюць. Тое, што пратэсты сьціхлі і ў вас пакуль яшчэ ёсьць праца і дах над галавой, ня значыць, што ён ёсьць у іншых ці што яго ў вас заўтра не адбяруць. Пакуль гэта ня скончылася, пра гэта трэба гаварыць».

Дзяўчына кажа, што калі ў Беларусі ўсё зьменіцца, праца журналістаў стане яшчэ больш важнай.

«Мне здаецца, у нас выдатная журналістыка, проста ў нас не было ўмоў для працы. Пасьля падзеньня рэжыму працы будзе валам, бо будзе такі цяжкі пэрыяд перабудовы, калі ўладу пачнуць ірваць розныя асобы. Тады вельмі важна будзе незалежным журналістам вярнуцца ў Беларусь, каб гэта асьвятляць, казаць людзям праўду, каб людзі маглі рабіць свае высновы, каб не зрабілі такіх памылак, як у 94-м».

«Да жорсткасьці я прывыкла»

Штодзень Кацярына працуе на «Маланцы» з навінамі. Дзяўчына прызнаецца, што прапускае ўсё празь сябе, але стараецца ня ўражвацца.

«Я ўжо магу спакойна пісаць пра ўсё. Але часам я пішу матэрыял скрозь сьлёзы, напрыклад, калі расказваем пра Мікіту Залатарова — я заўсёды рыдаю. Чаму, я ня ведаю. У мяне да гэтага хлопчыка нейкае асаблівае стаўленьне. Але да жорсткасьці я прывыкла, напэўна, на мяне яшчэ Эўрамайдан падзейнічаў, калі я там усяго нагледзелася, і нават расстрэлаў. Пасьля гэтага цяжка зьдзівіць».

Кацярына кажа, што здабываць сілы ёй дапамагаюць сябры і любімыя справы.

«Летась я пачала хадзіць да псыхоляга, і яна навучыла мяне правільна знаходзіць рэсурс у зносінах зь сябрамі, у занятках любімай справай, спорце. Вось нарэшце ў нас на „Маланцы“ ўсё разьмеркавалася, што ў кожнага ёсьць выходныя. Я стараюся адключаць у выходны тэлеграм і не чытаць навіны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG