Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чатырох легіянэраў хакейнага «Дынама» (Менск) ідзе 50% клюбнага фонду заработнай платы


Легіянэры менскага «Дынама», ілюстрацыйнае фота

Расейскае выданьне «Спорт-Экспресс» апублікавала рэйтынг 150 самых дарагіх хакеістаў Кантынэнтальнай хакейнай лігі. У гэтым сьпісе і некалькі гульцоў менскага «Дынама».

У рэйтынгу ідзе гаворка пра базавы заробак, без уліку бонусаў за камандныя перамогі і выніковую гульню паводле схемы гол+пас.

Узначальвае рэйтынг абаронца каманды «Барыс» з Нур-Султану Дарэн Дзіц з заробкам за сэзон памерам 1,4 млн даляраў. Сьледам ідзе форвард «Дынама» з Масквы Вадзім Шыпачоў — 1,3 млн даляраў.

З істотна меншымі прыбыткамі фігуруюць чатыры легіянэры менскага «Дынама». Тэйлар Бэк і Лукас Бэнгтсан, паводле спартовага выданьня, атрымліваюць па 627 тысяч даляраў, Марыё Кемпэ — 599 тысяч, Мальтэ Стромваль — 557 тысяч. Гэта значыць, прыкладна 50 тысяч даляраў штомесяц.

Зыходзячы з агульнага бюджэту на сёлетні заробак, на аплату гульні квартэту іншаземцаў менскае «Дынама» траціць больш за 50% яго сродкаў.

Раней Аляксандар Лукашэнка рэзка крытыкаваў вынікі адзінага беларускага прадстаўніка ў КХЛ, загадаўшы спонсарам (найперш гаворка пра «Беларуськалій») «урэзаць апэтыты бяздарных гульцоў», якія па выніках сэзону ня могуць трапіць нават у стадыю плэй-оф ці вылятаюць у першай жа сэрыі на выбываньне. У свой час заробкі некаторых легіянэраў менскага «Дынама» перавышалі 1 млн даляраў.

Таксама ў рэйтынгу самых высокааплатных хакеістаў ёсьць тры натуралізаваныя беларусы з Паўночнай Амэрыкі, якія выступаюць за зборную Беларусі.

Гэта форвард «Аўтамабіліста» з Екацерынбургу Шэйн Прынс мае кантракт на 836 тысяч даляраў, абаронца «Трактара» з Чалябінску Нік Бэйл — на 766 тысяч, нападнік «Салавата Юлаева» з Уфы Джэф Плэт — 488 тысяч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG