Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перахварэў на каранавірус, таму вырашыў прышчапіцца». Як беларусы наважваюцца на вакцынацыю


У Беларусі трэці дзень запар рэгіструюць больш за 2 тысячы выпадкаў COVID-19. За ўвесь час афіцыйна ў Беларусі захварэлі на COVID-19 565 865 чалавек, ачунялі 539 252, памерлі 4353.

У Беларусі прайшлі вакцынацыю каля 23% грамадзян. Беларусы могуць атрымаць прышчэпкі расейскай і кітайскай вакцынай.

Што матывуе беларусаў прышчапіцца — спыталася Свабода ў чытачоў.

«Я зараз хварэю на пнэўманію праз каранавірус. Празь некаторы час буду ставіць прышчэпку. Зьбіралася гэта раней зрабіць, да таго як захварэла, але не пасьпела. Я ня супраць прышчэпак. Але ведаю людзей, якія прышчэпленыя, але хварэюць і ляжаць на кіслародзе», — патлумачыла адна з чытачак.

Іншага чытача матывуе прышчапіцца сваяк, які працуе на хуткай. «Я перахварэў яшчэ зімой. На прышчэпку не пагаджаўся празь недавер да расейскай і кітайскай вакцыны. Ад сваяка, які працуе на хуткай, наслухаўся пра колькасьць тых, хто захварэў, недахоп ложкаў у шпіталі і кіслароду, высокую сьмяротнасьць. Але канчаткова вырашыў прышчапіцца, калі працадаўца паабяцаў прэмію», — расказаў чытач.

Людзі пішуць, што канчаткова вырашылі прышчапіцца, калі па два разы ўжо перахварэлі.

Адна з чытачак паведаміла, што зьбіраецца паехаць у Львоў, каб зрабіць там прышчэпку, узгодненую Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя. Такія прышчэпкі даюць магчымасьць падарожнічаць без карантыну. Паслугу прапануюць зь нядаўняга часу беларускія турыстычныя фірмы. Пакуль у прапановах — Румынія і Ўкраіна.

«Я хварэла ў лютым, у лёгкай форме. Толькі нюх прапаў. Зусім, і дагэтуль не вярнуўся. Зараз зрабіла першую прышчэпку кітайскай вакцынай, праз тыдзень будзе другая. Адмыслова чакала кітайскай вакцыны, каб мець магчымасьць езьдзіць ва Ўкраіну — там сэртыфікат прымаюць. Цікава, што праз тыдзень пасьля першай прышчэпкі да мяне вярнуўся нюх», — расказала чытачка Свабоды.

Андрэй хварэў у траўні, з 4 па 22 быў на бальнічным. Прымаў антыбіётыкі, ачуняў. «Цяпер жонка настойвае на вакцынацыі, думаю, што варта пагадзіцца», — лічыць чытач.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG