Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заканспэктавала беларуска-расейскі слоўнік». Што адбываецца зь фігурантамі справы студэнтаў?


Палітзьняволеная студэнтка Марыя Каленік

У ліпені вынесьлі прысуды 12 фігурантам справы студэнтаў, якіх вінавацілі ў арганізацыі пратэстаў у вышэйшых навучальных установах Менску восеньню мінулага году. 9 студэнтаў, адна выпускніца і адна выкладчыца былі асуджаныя на 2,5 года зьняволеньня кожны, яшчэ адзін фігурант атрымаў 2 гады калёніі.

На пачатку верасьня адбыўся разгляд апэляцыйных скаргаў на прысуд, але Менскі гарадзкі суд пакінуў яго бязь зьмены. Што вядома пра фігурантаў справы: дзе іх трымаюць і куды накіруюць адбываць пакараньне?

«У камэры захварэла на ковід»

Былую студэнтку факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенію Сырамалот яшчэ ў канцы жніўня перавялі ў СІЗА Гомля, дзе яна і чакала выніку апэляцыі. Пасьля разгляду скаргі дзяўчыне далі магчымасьць сустрэцца з сваякамі. Сястра палітзьняволенай Кася расказала, як Ксенія пачуваецца, які ў яе настрой і здароўе, а таксама куды яе маюць накіраваць.

«Настрой быў добры, і выглядала лепш, чым калі сядзела на „Валадарцы“. Патлумачыла, што цяпер сядзець спакайней, а кормяць лепш, дакладней, гатуюць лепш. Адмены прысуду не чакала, і таму гатовая да будучыні, што давядзецца правесьці ў калёніі яшчэ больш за год. Ні пра што не шкадуе і ня скардзіцца», — расказала пра сястру Кася Сырамалот.

Паводле яе, Ксенію накіруюць у жаночую калёнію Гомля, гэта павінна адбыцца пасьля 22 верасьня.

«Там Ксенію чакае 2 тыдні карантыну, і тады атрад, праца. Якая, стане вядома потым. Цёплыя і цёмнага колеру рэчы, якія ёй спатрэбяцца, мы ўжо перадалі. Ксюша вельмі дзякавала ўсім сябрам за перавод ёй грошай. Іх можна атаварыць у турэмнай краме, і цяпер ёй хопіць на ўсё, што патрэбна. Гэта вельмі добра», — кажа сястра палітзьняволенай.

Ксенія Сырамалот
Ксенія Сырамалот

Неўзабаве пасьля этапаваньня з «Валадаркі» Ксенія Сырамалот захварэла на ковід, паведаміла яе сястра Кася.

«Хутчэй за ўсё, падхапіла яшчэ ў СІЗА на Валадарскага ці на этапе. Расказвала, што некалькі дзён запар была высокая тэмпэратура, біў кашаль. Пахі зьніклі настолькі, што нават не заўважала, як у камэры кураць. Прымала лекі, на нагах перахварэла і выздаравела. Сказала, што цяпер пачуваецца нармальна», — расказала Кася Сырамалот пра сястру.

Як і іншых фігурантаў справы студэнтаў, Ксенію Сырамалот яшчэ ў СІЗА на Валадарскага занесьлі ў сьпісы арыштантаў, схільных да экстрэмізму. Як гэта паўплывала на яе знаходжаньне ў вязьніцы?

«Расказвала, што мусіць знаходзіцца бліжэй да дзьвярэй камэры, дакладаць пра сябе гэтую інфармацыю, што на асобным уліку. Пакуль усе асаблівасьці. Нібыта ў калёніі яшчэ нешта зьявіцца, але гэта будзе потым. Сказала толькі, што ў Гомлі парадкі больш строгія, але ёсьць і плюсы. Часьцей выводзяць на прагулкі. Нядаўна была прагулка цягам ажно 45 хвілін, то добрыя ўражаньні засталіся. Яшчэ расказала, што там уключылі ацяпленьне, у камэры цёпла і няма вільгаці. На „Валадарцы“ якраз было наадварот», — расказала сястра пра ўмовы ўтрыманьня Ксеніі Сырамалот у СІЗА Гомля.

«Ліст сына пра ўмовы ў камэры не прапусьцілі»

Паводле інфармацыі Ксеніі Сырамалот, яшчэ да разгляду апэляцыйнай скаргі з «Валадаркі» ў Гомельскае СІЗА, акрамя яе, этапавалі таксама студэнтак Марыю Каленік, Яну Арабейку, Анастасію Булыбенку і выкладчыцу Вольгу Філатчанкаву. Вось што дадаў да гэтых зьвестак Віталь Трахтэнбэрг, бацька палітвязьня, былога студэнта БДУ Ільлі Трахтэнбэрга.

«Пра майго сына Ільлю зьвесткі такія. Ён і Глеб Фіцнэр ужо другі месяц як у Магілёве, турма № 4. Чакаюць адпраўкі па этапе. Хутка сына перавязуць у магілёўскую калёнію № 15. Ягора Канецкага 10 верасьня адправілі з „Валадаркі“ ў ІК-3 у Віцебск. А Тацяну Якельчык, Вікторыю Гранкоўскую і Алану Гебрэмарыям яшчэ 8 верасьня накіравалі ў гомельскую калёнію», — расказаў бацька палітвязьня Ільлі Трахтэнбэрга.

Пасьля паседжаньня апэляцыйнага суду, якое адбылося 5 верасьня, Віталь Трахтэнбэрг пабачыўся з сынам на спатканьні.

«Расказваў на спатканьні, як напісаў камусьці пра ўмовы. Што 14 чалавек у камэры, столькі чалавек кураць, а ў камэры вось гэтак, столькі вокнаў. Дык ліст завярнула цэнзура — нельга пра дэталі ўтрыманьня нічога паведамляць. Таму пра новыя ўмовы ведаю няшмат. Казаў, што ў Магілёве лепш з прагулкамі, там у адным дворыку для прагулак ёсьць турнік, брусы, іншыя прылады для фізычных практыкаваньняў. Ужо двойчы ў тым дворыку пабываў, быў вельмі задаволены», — расказаў Віталь Трахтэнбэрг пра сына.

Ільля Трахтэнбэрг
Ільля Трахтэнбэрг

Паводле бацькі палітвязьня, Ільля перанёс у вязьніцы ковід «у лёгкай форме» і цяпер пачуваецца нармальна. Вітамінамі, якія перадаюць сыну, ён дзеліцца з сукамэрнікамі, кажа Віталь Трахтэнбэрг. На спатканьні бацька ня мог не заўважыць унутраных зьменаў, якія адбыліся зь ягоным сынам.

«Вельмі пасталеў. Разважлівы стаў, больш стрыманы — гэта вельмі было заўважна падчас размовы», — падзяліўся ўражаньнямі Віталь Трахтэнбэрг.

Ільля Трахтэнбэрг вучыўся на матэматычным факультэце БДУ. Паводле бацькі, Ільля марыць у будучыні, як і ягоны вядомы прадзед Навум Трахтэнбэрг [аўтар генпляну і аднаўленьня Менску. — РС], зьвязаць жыцьцё з архітэктурай і будаўніцтвам. На судзе ў апошнім слове Ільля казаў, што, «нягледзячы ні на які прысуд, застанецца вольным чалавекам».

«Заканспэктавала беларуска-расейскі слоўнік»

Былая студэнтка Беларускай акадэміі мастацтваў Марыя Каленік працягвае ў лістах на волю дасылаць свае малюнкі. Пра гэта расказала сястра Марыі Паліна.

«Маша не стамілася маляваць у няволі і, мяркую, ніколі ня стоміцца. Працуе вельмі таленавіта і шмат. Ня толькі сваякі, усе сябры і тыя, хто зь ёй лістуецца, цяпер маюць яе малюнкі. І гэта выдатна, мы ўсе бачым, што яна не скарылася», — мяркуе Паліна.

Марыя Каленік ужо ў СІЗА Гомля, яе таксама чакае накіраваньне ў гомельскую жаночую калёнію № 4.

Акрамя маляваньня, паводле сястры палітзьняволенай, Марыя Каленік шмат чытае і ўдасканальвае сваю беларускую мову.

«Ведаю, што Маша рабіла выпіскі зь беларуска-расейскага слоўніка, падрыхтавалася да калёніі. Па магчымасьці яна карыстаецца роднай мовай, і гэта выдатна», — кажа Паліна пра сястру.

Марыя Каленік
Марыя Каленік

Паліна спадзяецца, што пры пераводзе ў калёнію становішча сястры не пагоршыцца.

«Маша вельмі кантактны чалавек, добразычлівы, стараецца з усімі мець добрыя адносіны, усё будзе добра», — запэўнівае сястра Марыі Каленік Паліна.

На мінулым тыдні сваякі мелі спатканьне з Марыяй Каленік.

«Выглядала яна добра — касмэтыка, стрэлкі на вачах — усё як мае быць для прыгожай дзяўчыны. Яна малайчына, даглядае сябе і там», — кажа сястра Паліна.

Апэляцыйны суд пакінуў прысуды ўсім фігурантам справы студэнтаў бязь зьмены, але пастанавіў залічыць ім кожны дзень, праведзены пад сьледзтвам, за паўтара. У выніку тэрмін адбыцьця пакараньня для 11 фігурантаў справы закончыцца ў сьнежні 2022 году. Былы студэнт МДЛУ Глеб Фіцнэр, які адзіны прызнаў віну і павініўся, выйдзе на волю на 6 месяцаў раней.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG