Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпіска на канал у сацсетках ня можа лічыцца экстрэмісцкім дзеяньнем, — юрыст


Сілавікі ў цэнтры Менску, сакавік 2021 году.

14 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову Савету Міністраў № 575 «Аб захадах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». 13 кастрычніка ГУБАЗіК паведаміў, што падпісантаў экстрэмісцкіх каналаў будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці.

Мы папрасілі прадстаўніка Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Сяргея Зікрацкага пракамэнтаваць новую пастанову.

Сяргей Зікрацкі кажа, што пастанова крыху дэталюе, якім чынам будзе весьціся рэестар экстрэмісцкіх матэрыялаў і асобаў.

Што будзе, калі падпісаны на канал, які прызнаны экстрэмісцкім?

Сяргей Зікрацкі.
Сяргей Зікрацкі.

«Гэты акт нічога абсалютна не зьмяняе. Вось той шум, які падняўся, быццам ГУБАЗІК будзе вызначаць і прыцягваць да адказнасьці тых, хто падпісаны на экстрэмісцкія каналы, — гэта няправільна. На сёньняшні момант я такой магчымасьці ня бачу. На мой погляд, тых, хто падпісаны на канал, нельга прызнаць групай асобаў, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць. Той артыкул, на які спасылаўся ГУБАЗІК, патрабуе, каб былі нейкія экстрэмісцкія дзеяньні. А проста падпіска на канал такімі дзеяньнямі зьяўляцца ня можа».

Што будзе за перапост з канала, прызнанага экстрэмісцкім?

За перасылку інфармацыі з каналаў, якія прызналі экстрэмісцкімі, прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасьць.

«Цяпер ёсьць адміністрацыйная адказнасьць за распаўсюджваньне экстрэмісцкай інфармацыі, таму і факт перасылкі яе цягне адміністрацыйную адказнасьць. Сытуацыя вельмі абсурдная, але тое, што 2 чалавекі адно аднаму перасылалі гэтую інфармацыю, фармальна зьяўляецца парушэньнем», — тлумачыць юрыст.

За што сапраўды могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці?

«Што тычыцца крымінальнай адказнасьці, то неабходна, каб дзеяньні, якія ажыцьцяўляюцца, мелі пад сабой гэты экстрэмісцкі характар. Таму само па сабе камэнтаваньне, калі гэтае камэнтаваньне не зьяўляецца экстрэмісцкім (напрыклад, калі я проста камэнтую нейкі артыкул у канале), ня мусіць цягнуць крымінальную адказнасьць. Вядома, у нас у краіне „иногда не до законов“, таму ніхто ніколі ня можа быць дакладна ўпэўнены. Але я ніякага юрыдычнага абгрунтаваньня гэтага ня бачу».

Крымінальную адказнасьць нельга ўвесьці пастановамі Саўміну ці рашэньнямі МУС, яна мусіць быць уведзеная выключна законам. Для гэтага і існуе Крымінальны кодэкс, кажа адвакат.

«Гэты артыкул, на які спасылаюцца цяпер, быў даўно. Таму, каб пашырыць тое, што адносіцца да крымінальнай адказнасьці, ім трэба ўносіць зьмены ў Крымінальны кодэкс. І калі асобаў раней не прыцягвалі да адказнасьці за камэнтаваньне ў гэтых „экстрэмісцкіх“ каналах і тое, што яны былі ў гэтых каналах чытачамі, то проста так пастановай Савету Міністраў гэта зрабіць нельга. Неабходна ўносіць зьмены ў Крымінальны кодэкс, дзе гэта будзе дакладна прапісана. Таму я б цяпер не пачынаў рабіць увесь гэты шум, а проста цьвяроза ставіўся да заканадаўства. Калі будуць зьмены ў Крымінальны кодэкс, тады мы ўжо зможам пра гэта гаварыць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG