Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Адама Бабарэкі; год таму — у Менску прайшоў «Марш матуляў»


Адам Бабарэка

Падзеі 14 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі

14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці.

Год таму ў гэты дзень

  • У «Дзень маці» ў Менску прайшоў «Марш матуляў»
  • Шматразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці
  • Праваслаўны мітрапаліт Веньямін забараніў выконваць гімн «Магутны Божа»

Дзень у гісторыі

1066 — адбылася бітва пры Гастынгсе — першая і апошняя значная спроба процістаяньня нармандзкаму заваяваньню Англіі.

1529 — скончылася аблога туркамі Вены. Турэцкая армія сышла ад гарадзкіх муроў ні з чым.

1773 — у Рэчы Паспалітай створана Адукацыйная камісія — першае ў сьвеце міністэрства адукацыі.

1806 — бітва пры Ене і Аўэрштаце, разгром Напалеонам войска Прусіі, які прывёў да выхаду Прусіі з вайны.

1851 — у Лёндане заснаванае адно з найбольшых прэс-агенцтваў у сьвеце Reuters.

1921 — у Кіеве пачаў працу першы Ўсеўкраінскі сабор украінскай аўтакефальнай царквы.

1942 — нацысты зьнішчылі Кобрынскае гета.

1947 — амэрыканскі пілёт Чарлз Егер упершыню пераадолеў гукавы бар’ер.

1953 — з канвэера Менскага трактарнага заводу сышоў першы трактар «Беларусь».

1962 — амэрыканскі самалёт-выведнік выявіў на Кубе савецкія ракеты, пачатак Карыбскага крызісу.

1964 — пленум ЦК КПСС зьняў з пасады генсека Мікіту Хрушчова і абраў на ягонае месца Леаніда Брэжнева.

1981 — Хосьні Мубарака абралі прэзыдэнтам Эгіпту. На гэтай пасадзе ён заставаўся амаль 30 гадоў.

У гэты дзень нарадзіліся

1890 — Дуайт Эйзэнгаўэр, 34-ы прэзыдэнт ЗША, камандуючы амэрыканскімі войскамі ў Эўропе падчас Другой сусьветнай вайны.

1898 — Яўхім Кіпель, навуковец, палітык, вязень ГУЛАГу, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША

Як і многія з тых, хто, на думку савецкай улады, занадта любіў Беларусь, Кіпель большую частку жыцьця мусіў правесьці далёка ад Дзьвіны й Нёману.

Сыну глускіх сялянаў лёс наканаваў трапіць у самы вір таго пераломнага часу. Франты Першай усясьветнай вайны. Паседжаньні Ўсебеларускага зьезду Саветаў у Смаленску, дзе была абвешчаная БССР... Савецка-польская вайна...

Пасьля заканчэньня БДУ Яўхім працаваў у Інстытуце беларускай культуры й вучыўся ў асьпірантуры, адкуль быў выключаны «за неадпаведнасьць сваёй навуковай дзейнасьці марксісцкай ідэалёгіі».

У чэрвені 1930-га ОГПУ за адну ноч арыштавала ў Менску паводле справы Саюзу вызваленьня Беларусі дзясяткі вядомых асобаў, у ліку якіх апынуўся, безумоўна, і Кіпель.

На допытах яму прыгадалі і арганізацыю Клюбу беларускай моладзі, і ўдзел у падрыхтоўцы зьезду краязнаўцаў, і тое, што ў напісаных Кіпелем падручніках «Расьліны» й «Жывёлы» не знайшлося месца для такога батанічна-заалягічнага паняцьця, як «дыктатура пралетарыяту».

Вяртаючыся зь пяцігадовай высылкі ў Вяцкую вобласьць, ён вёз на свабоду схаваны паміж склейкамі валізы рукапіс слыннага «Тэстамэнту» рэпрэсаванага паэта Ўладзімера Жылкі.

Спатканьне з воляй доўжылася ўсяго хуткія чатыры месяцы.

Пасьля новага арышту сьледчы прапаноўвае маладому навукоўцу магчымасьць жыць у Менску і займацца ўлюбёнай біялёгіяй. Трэба адно «немножко помочь органам». Адмова каштавала пяці гадоў Байкала-Амурскіх лягераў.

Падчас нямецкае акупацыі Кіпель займаецца падрыхтоўкай і выданьнем беларускіх падручнікаў і навучальных праграмаў, рэдагуе газэту «Голас вёскі». Сваім старшынём выбіраюць яго дэлегаты Другога Ўсебеларускага кангрэсу, які ў неверагодна складаных умовах пацьвердзіў імкненьне нацыянальных сілаў да незалежнасьці.

Жывучы на Захадзе, Кіпель не пакідаў грамадзкай і навуковай дзейнасьці. Ён стварыў Аб’яднаньне беларускіх вязьняў савецкіх канцлягераў і Беларускую народную партыю, падрыхтаваў кнігу «Зь іхняга раю» пра жыцьцё ў ГУЛАГу.

Калі Беларусь ужо была незалежная, у Нью-Ёрку выйшла пасьмяротная кніга ягоных успамінаў «Эпізоды». Многія яе старонкі чытаюцца з большай цікавасьцю, чым які дэтэктыўны раман.

Сёньня ў Беларусі й сьвеце шырока вядомае імя Яўхімавага сына — прызнанага вучонага, дырэктара Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўта Кіпеля.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 4-е выданьне. ​С. 282–283.

1899 — Адам Бабарэка, беларускі пісьменьнік, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Ўзвышша».

Адам Бабарэка
Адам Бабарэка

1903 — Сямён Косбэрг, савецкі канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў. Пад ягоным кіраўніцтвам створана сэрыя вадкасных ракетных рухавікоў, якія выводзілі ў космас касьмічныя караблі, спадарожнікі Зямлі і аўтаматычныя міжплянэтныя станцыі. Яго імем названыя вуліца ў Слуцку і кратэр на Месяцы.

1915 — Усевалад Краўчанка, беларускі пісьменьнік, загадкава загінуў у Канах у 1961 годзе.

Усевалад Краўчанка
Усевалад Краўчанка

1940 — Кліф Рычард, брытанскі сьпявак.

1943 — Гары Паганяйла, беларускі адвакат і праваабаронца.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

1946 — Дэн Маккафэрці, заснавальнік і вакаліст рок-гурту «Nazareth».

1973 — Анжаліка Борыс, польская грамадзкая дзяячка Беларусі.

У памяці

2004 — Іван Шамякін, беларускі пісьменьнік.

Іван Шамякін
Іван Шамякін

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG