Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд па «справе Ціханоўскага» могуць абвясьціць у канцы кастрычніка


Прысуд па «справе Ціханоўскага» могуць абвясьціць у канцы кастрычніка. Пра гэта напісаў у лісьце жонцы блогер Уладзімер Цыгановіч (МозгOn).

«Ты ведаеш, чым далей — тым больш агідна. Але хутка і гэта скончыцца. Суд паскорыўся. Можа, да канца кастрычніка „асудзяць“, калі гэта можна так назваць», — падзяліўся з жонкай Натальляй палітзьняволены.

Ён напісаў, што рыхтуецца да халадоў, таму схадзіў на склад, узяў свае цёплыя рэчы — куртку, шапку, боты. «На прагулцы хлопцы ацанілі шапку, табе — рэспэкт! (Жонка Ўладзімера займаецца вязаньнем. — РС)», — піша Ўладзімер.

Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым ідзе ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскай турмы з 24 чэрвеня. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошваньні, таму пра акалічнасьці працэсу нічога не вядома. Усім шасьцярым фігурантам справы пагражае да 12–15 гадоў пазбаўленьня волі. Ім інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэксу.

Усе фігуранты справы ўжо больш як год у СІЗА. Сёньня, 13 кастрычніка, 500 дзён, як у турме Мікола Статкевіч.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG