Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліткансультант Шкляраў: Пуцін — закладнік Лукашэнкі


Віталь Шкляраў

Паліткансультант Віталь Шкляраў, арыштаваны незадоўга да леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, які правёў за кратамі амаль 3 месяцы, расказаў Deutsche Welle пра падрабязнасьці свайго вызваленьня, уражаньні аб сустрэчы з  Лукашэнкам у СІЗА КДБ, а таксама пра дачыненьні Пуціна і Лукашэнкі.

Прапануем фрагмэнты размовы:

  • Вялікую ролю (у маім вызваленьні. — РС) адыгралі журналісты і грамадзкасьць у Расеі, Украіне, Нямеччыне, Польшчы і ЗША. Але і дыпляматы, Дзярждэпартамэнт, Белы дом. У прыватнасьці, з асабістай ініцыятывы Трампа і спадара Пампэа.
  • Калі б не было жаданьня Лукашэнкі (і тут пытаньне, чаму ён гэта зрабіў), то мяне б ня выпусьцілі... Падоўжыў двойчы мой арышт, да гэтага часу мая справа не закрытая. Хоць я ведаю асабіста ад спадара былога дзяржсакратара, што яму гэта абяцаў Лукашэнка ў тэлефоннай размове — што закрыюць крымінальную справу. Гэтага ня здарылася. Я думаю, што гэта быў прадмет торгу.
  • Ні Ціханоўскі, ні Бабарыка не зьяўляюцца кандыдатамі Крамля. Навошта Крамлю нейкі кандыдат на тых выбарах? Крэмль цалкам задавальняе Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка.
  • У Пуціна найперш няма выбару... Рэвалюцыі або перавароты, ці майданы апошніх 10 гадоў навучылі Пуціна разумець, цаніць і не мяняць коней на пераправе. Асабліва — зразумелых яму гульцоў, прагназаваных і слабых, зь яго пункту гледжаньня. Таму што (Лукашэнка. — РС) усё ж залежны ад яго.
  • Навошта мяняць прэзыдэнта або ставіць свайго кандыдата? Каб што? Пуціна ўсё задавальняе. Цана пытаньня — некалькі мільярдаў даляраў. Яна зусім нікчэмная ў параўнаньні са зьменай шахматнай гульні і, магчыма, прыходам (беларускага. — РС) Зяленскага або нейкага празаходняга палітыка. Пры цяперашніх настроях у Беларусі гэта цалкам магчыма.
  • Мы найперш новая нацыя, мы разам. Па-другое, жанчыны выйшлі на авансцэну, гэта вельмі важна. Па-трэцяе, прызнаньне на Захадзе новай, я нават не называю гэта апазыцыяй, а новай тканкі беларускай нацыі. Па-чацьвёртае, распад вобразу прэзыдэнта-бацькі, які валадарыў 26 гадоў.
  • У Пуціна, на жаль, няма выбару. Я думаю, што Лукашэнка вельмі ўмела шантажуе і трымае на кручку (Пуціна. — рэд.), у роўнай ступені як Пуцін, ці Расея, ці Крэмль трымаюць Беларусь на эканамічным кароткім павадку. Я думаю, Лукашэнка сваёй непрадказальнасьцю і — самае галоўнае — гэтым анклявам на мяжы з Эўропай трымае Пуціна ў тонусе і ў закладніках у такой жа ступені. Пуцін — адназначна закладнік Лукашэнкі.
  • Гэты чалавек (Лукашэнка. — РС), нягледзячы на тое, што ён мне здаецца досыць моцным, баіцца многага. Сіла яго паходзіць не ад таго, што ён круты або разумны. Сіла яго — гэта безвыходнасьць. Калі вас заганяюць у кут, нават калі вы маленькі добры пудзель, у перадсьмяротнай агоніі вы будзеце кусаць і гучна гаўкаць. Няма ў чалавека гэтага выхаду, і я думаю, што ў гэтым яго сіла, таму што гэта ўжо не пра выбары, гэта не пра дэмакратыю альбо нейкую рэзалюцыю АБСЭ. Гэта сьмерць або жыцьцё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG