Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дальнабойнікі суткамі стаяць у чэргах на беларуска-польскай мяжы


Чарга з фураў, ілюстрацыйнае фота

Яшчэ нядаўна кіроўцы фураў наракалі на вялізныя чэргі ў напрамку Літвы, а цяпер грузавікі суткамі стаяць у бок Польшчы.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, 13 кастрычніка на выезд у Польшчу стаялі 820 грузавікоў. І гэта ня лічачы літоўскага і латыскага напрамкаў.

Кіроўца Максім расказаў Zerkalo.io, што на беларускім баку яго аформілі хутка, а вось на польскім усё адбывалася вельмі павольна.

«У палякаў працуюць чатыры акенцы, — кажа ён. — Адзін супрацоўнік бярэ дакумэнты ў двух-трох кіроўцаў. Аднаго адпраўляе на дагляд, астатніх яшчэ некуды. Пакуль не аформіць ўсіх і яны ня вернуцца назад, новых дакумэнтаў не бярэ».

Берасьцеец Ільля ад 8.30 панядзелка таксама стаў у чаргу ў бок Польшчы.

«Было 13 кілямэтраў да пункту пропуску „Казловічы“. Стаяў 11 гадзін — ніякага руху наогул. Да 4.00 праехаў 8 кілямэтраў і зноў параліч. Некаторыя людзі тут зь нядзелі, праходзяць мяжу за трое сутак. Такога даўно не было. Дарэчы, з польскага боку таксама чарга», — падзяліўся кіроўца.

Мужчына лічыць, што афармленьне адбываецца павольна з-за польскага боку, але «і нашы ледзь жывыя». Плюс да гэтага — вялікі паток транспарту.

Аб праблемах зь пераходам у «Брузгах» на беларуска-польскай мяжы паведаміў і Васіль — чакае афармленьня больш двух сутак.

«Прыехаў у панядзелак, да мяжы было 6 кілямэтраў. Да двух ночы прайшоў каля паловы. Потым стаў на 9-гадзіннага паўзу, аб 11-й мог працягваць рух, але ўся калейка проста стала», — наракае ён.

Мужчына кажа, што «нехта дрэнна на мяжы працуе — альбо нашы, альбо польскі бок».

Калегі Васіля дадаюць, што палякі цяпер усіх адпраўляюць на рэнтген — шукаюць уцекачоў. Дый і самі кіроўцы баяцца, каб уначы мігранты не залезьлі ў прычэп.

З Польшчы ў бок Беларусі таксама чарга з фураў. Кіроўца Ўладзіслаў напісаў, што ў аўторак праходзіў мяжу на пункце «Баброўнікі» — «Бераставіца». Афармленьня чакаў двое сутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG