Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячае агенцтва прадавала пэдафілам фатаграфіі беларускіх дзяўчатак


Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі гучная крымінальная справа супраць стваральніка дзіцячага агенцтва. Яму дапамагалі некаторыя маці дзяўчатак, адна зь іх, настаўніца, ня толькі прыводзіла сваю дачку на двухсэнсоўныя фатасэсіі, але й вяла перапіску з пэдафіламі аб продажы здымкаў.

37-гадовы стваральнік дзіцячага фотаагенцтва прыцягнуты да адказнасьці за сэксуальны гвалт над дзецьмі. Мужчына ладзіў у Беларусі парнаграфічныя фатасэсіі, а здымкі прадаваў пэдафілам: ахвярамі сталі 20 дзяўчатак ад 5 да 12 гадоў, паведамляе газэта МУС Беларусі «На страже».

Два гады таму абвінавачаны адкрыў Instagram-агенцтва для прасоўваньня непаўналетніх мадэляў у сацыяльных сетках. Заняцца гэтым прапанавала яму бізнэс-партнэрка: жанчына зарэгістравала ў сацсетцы акаўнт сваёй 7-гадовай дачкі і публікавала там яе здымкі. Маці разьлічвала, што дачку заўважаць агенты і запросяць на модныя паказы. Але на жанчыну выйшлі пэдафілы, якія прапанавалі ёй прадаць ім больш адкрытыя здымкі дзіцяці. І яна знайшла фатографа, які пагодзіцца зладзіць такія здымкі.

Адзначаецца, што большасьць маці прысутнічалі на фатасэсіях сваіх дзяцей. Фатограф ставіў дзяўчатак у двухсэнсоўныя позы, прасіў прыспусьціць бялізну. Калі маці абураліся, ён прасіў прабачэньня, кажучы, што яго «няправільна зразумелі». Некаторыя кліенткі атрымлівалі прапановы паздымаць дзяцей з цацкамі з сэкс-шопу. Пазьней фатасэсіі рабіліся ўсё больш адкрытымі.

Усе здымкі абвінавачаны прадаваў замежным кліентам. Маці за фатаздымкі таксама атрымлівалі грошы. З адной з памагатых абвінавачаны разьлічыўся плязьменным тэлевізарам за 1500 даляраў. Адна з абвінавачаных — настаўніца замежнай мовы, маці 5-гадовай дзяўчынкі. Яна, згодна з матэрыяламі сьледзтва, вяла перапіску з пэдафіламі-іншаземцамі.

Фатограф быў вядомы — ён удзельнічаў у модных паказах і перамагаў на прэстыжных фатаконкурсах. Сілавікі знайшлі ў яго 5 тэрабайт здымкаў непаўналетніх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG