Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пашырыў пералік падставаў, каб прыцягваць чыноўнікаў да крымінальнай адказнасьці


Беларускія чыноўнікі, ілюстрацыйнае фота

Чыноўнікаў могуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за парушэньні парадку прыёму на працу, прызначэньня на пасаду або выдачу ілжывых характарыстык, якія прывялі да «прычыненьня шкоды дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».

Гэта вынікае з дэкрэта № 6, якім уносяцца зьмены ў дэкрэт «Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».

Сярод іншага адзначаецца: парушэньне прапісанага ў зьмененым дэкрэце парадку прыёму на працу, прызначэньня на пасаду, выдачы характарыстык зь недакладнай інфармацыяй або невыкананьне тэрмінаў іх выдачы прызнаецца грубым парушэньнем працоўных абавязкаў і цягне адказнасьць у адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам.

Новы дэкрэт таксама абавязвае кіраўнікоў дзяржаўных органаў пры прыёме на працу запытваць характарыстыкі з папярэдніх месцаў працы, а таксама зьвесткі з адзінага дзяржаўнага банку дадзеных аб правапарушэньнях у дачыненьні да кандыдатаў на кіроўныя пасады.

Характарыстыка павінна адпавядаць выразным патрабаваньням: «прафэсійныя, дзелавыя і маральныя якасьці работніка, зьвесткі аб захаваньні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, стаўленьне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў».

Акрамя таго, у дакумэнце зьявіліся новыя падставы, паводле якіх наймальнік можа дачасна скасаваць працоўную дамову. Так, звольніць могуць за «парушэньне работнікам парадку збору, сыстэматызацыі, захоўваньня, выкарыстаньня, блякаваньня, распаўсюду, выдаленьня пэрсанальных дадзеных».

Працадаўца можа адхіляць супрацоўніка ад працы і ў выпадку, калі той «заклікае іншых работнікаў да спыненьня выкананьня працоўных абавязкаў без паважных прычынаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG