Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія сілавікі фармуюць групы ўцекачоў». Як блогер з памежнай вёскі стаў галоўным СМІ пра мігранцкі крызіс


Уцекачы на польска-беларускай мяжы. Верасень 2021

Польскі мікраблогер Exen стаў адной з асноўных крыніц інфармацыі ў Польшчы пра сытуацыю зь мігрантамі, якія трапляюць туды зь Беларусі. У адрозьненьне ад журналістаў, якім забаронена працаваць каля мяжы з прычыны надзвычайнага становішча, Exen — жыхар вёскі Лапічы, усяго за кілямэтар ад беларускай мяжы.

Менавіта дзякуючы гэтаму ў польскага блогера (сапраўднае імя — Матэвуш Вадзіньскі) няма праблемаў з перамяшчэньнем па зоне надзвычайнага становішча. Ён дапамагае журналістам з усяго сьвету асьвятляць сытуацыю на мяжы і вядзе папулярны профіль у Твітэры, дзе штодня піша пра сустрэчы зь мігрантамі і публікуе ўнікальныя здымкі і відэа. Пра яго актыўнасьць на мяжы неаднаразова выказваліся высокапастаўленыя польскія чыноўнікі, якіх блогер часта крытыкуе.

Пра сытуацыю на польска-беларускай мяжы Exen расказаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Пакуль я чуў толькі пра адзін выпадак, калі мігранты вярнуліся ў Менск»

— Крызіс на польска-беларускай мяжы пачаўся з выпадку каля мясцовасьці Горны Уснар. Там былі заблякаваныя некалькі дзясяткаў уцекачоў, якіх да сябе не пускалі ані палякі, ані беларусы. Нядаўна Лукашэнка заявіў, што прапанаваў ім перазімаваць у Беларусі, але тыя нібыта адмовіліся, бо «атрымалі абяцаньне ад палякаў», што тыя дадуць ім прытулак. Ці вядома, што там цяпер адбываецца?

— Як выглядае сытуацыя ў Уснары, невядома, бо туды няма доступу. Але мне здаецца, што на дадзеным этапе гэта правакацыя Лукашэнкі. Пакуль я чуў толькі пра адзін выпадак, калі мігранты вярнуліся ў Менск — пасьля таго як яны заплацілі кантрабандысту, які выцягнуў іх з памежнай зоны. У кожным іншым выпадку мігранты спрабуюць выбрацца з пасткі на мяжы ўсімі магчымымі спосабамі. Гэта значыць, што яны або ідуць далей у Польшчу, альбо вяртаюцца ўглыб Беларусі. Але большасьці зь іх гэта не ўдаецца.

— Нядаўна вы цытавалі ў сваім Твітэры мігранта, які казаў, што беларускія сілавікі іх білі, пагражалі сьмерцю і забаранялі вяртацца ў Беларусь. Ці бачылі вы хоць адзін відэаматэрыял, які б гэта даказваў?

— Асабіста я такога ня бачыў. Пра гэта трэба было б спытаць у польскіх памежнікаў ці спэцслужбаў, у якіх ёсьць доступ да тэлефонаў многіх мігрантаў.

Пераклад: «Беларускія службы:
- спачатку рабуюць мігрантаў (што практычна асуджае іх на блуканьне празь мяжу)
- б'юць іх
- пагражаюць вінтоўкамі, сьмерцю і г.д.
- сілай адганяюць іх да ракі
- забараняюць вяртацца
І гэта толькі справаздачы ўчорашняга дня»

— Польскія ўлады кажуць, што беларускія сілавікі дапамагаюць мігрантам пераходзіць мяжу. Але дагэтуль не было выразнага відэадоказу. Як гэта магчыма?

— Я ня ведаю, у чым справа. Але я ўпэўнены, што польскі бок цалкам прайграў інфармацыйную вайну.

— Як вы самі лічыце, гэта ўцекачы, якім сапраўды пагражае небясьпека на радзіме, ці ўсё ж гэта эканамічныя мігранты?

— Частка зь іх — гэта сапраўдныя ўцекачы, але, на маю думку, большасьць — гэта эканамічныя мігранты.

«Нават ставяць кропкі лякалізацыі на мапе на смартфонах»

— Што ўцекачы расказваюць пра беларускіх памежнікаў? Ці раздае нехта зь іх уцекачам інструкцыі або загады, куды і як яны павінны ісьці?

— Напрыклад, я чуў ад мігрантаў, што беларускія сілавікі вызначаюць склад групаў, якія пазьней перасякаюць мяжу, падвозяць іх і нават ставяць кропкі лякалізацыі на мапе на смартфонах. У сеціве толькі што зьявілася відэа, дзе нібыта паказаны «лягер» для мігрантаў зь беларускага боку. Гэта нешта падобнае да палігона. Шмат пра якія падобныя прыклады ўдзелу беларускіх сілавікоў можна пачуць ад польскіх памежнікаў, але, вядома, неафіцыйна.

— Вы нядаўна пісалі пра часовы лягер для мігрантаў на беларускім баку, дзе яны чакаюць, калі ім дазволяць пераходзіць мяжу. Якая мэта гэтага лягера?

— З таго, што я чуў, некаторыя мігранты трапляюць у такія месцы перад спробай пераходу мяжы. Магчыма, для таго, каб арганізаваць там групы, трасы, падрыхтаваць правіянт. Верагодна, што пасьля няўдалых спробаў перайсьці мяжу некаторыя трапляюць назад у гэтыя лягеры, каб адпачыць, высушыць рэчы і падрыхтавацца да чарговых спробаў.

— Ці рэальна, што беларускія памежнікі ці іншыя сілавікі проста не рэагуюць на прысутнасьць мігрантаў у памежнай зоне, але актыўна ім усё ж не дапамагаюць?

— Наўрад ці. Прынамсі, не рэагуюць, а хутчэй за ўсё — актыўна дапамагаюць або нават прымушаюць.

— Ці сустракалі вы мігрантаў, якія пацьвярджаюць, што беларусы давалі ім наркотыкі або невядомыя лекі?

— Не, я нічога падобнага ня чуў.

Пераклад «Я думаў, што бачыў шмат, але ўбачыўшы гэтага хлопца, які жыў на кукурузе тыдзень наўпрост з поля, я быў зьнішчаны канчаткова».

— Ці разумеюць уцекачы, што сталі закладнікамі палітычнай гульні Лукашэнкі?

— Некалькі чалавек казалі мне, што цудоўна разумеюць, што яны толькі інструмэнт у палітычнай гульні Лукашэнкі і што гэта вельмі несправядліва ў адносінах да іх.

— Нядаўна вы пісалі, што польскія памежнікі давалі ўцекачам ежу і ваду. У той жа час зьявілася відэа, дзе бачна, як польскія памежнікі з сабакамі і палкамі адганяюць уцекачоў ад польскай мяжы. Ад чаго залежыць такое стаўленьне?

— Пра здарэньне зь ежай і вадой я чуў аднойчы ад канкрэтнага мігранта ў канкрэтным месцы. Ня ведаю, як сытуацыя выглядае ў іншых месцах. Шмат што залежыць ад індывідуальнага падыходу людзей, якія непасрэдна гэтым займаюцца.

— Уцекачы ведаюць, што палякі іх не ўпускаюць і што яны могуць нават памерці на мяжы. Чаму яны працягваюць прыяжджаць?

— Я сам не разумею, чаму яны працягваюць прыяжджаць, нягледзячы на сьмяротную небясьпеку. Частка з тых, хто прыехаў раней, маглі ня ведаць, як выглядае сытуацыя на месцы. Але тыя, хто толькі зьбіраецца ў падарожжа, павінны цалкам разумець рызыкі. Прынамсі, у іх ёсьць магчымасьць даведацца пра гэтыя рызыкі перад прыняцьцем рашэньня.

«Самыя драматычныя гісторыі мы наўрад ці калі даведаемся»

— Хто тыя людзі, якія сустракаюць мігрантаў на мяжы і вязуць у Нямеччыну?

— Я думаю, што гэта арганізаваная злачыннасьць. То бок па ўцекачоў высылаюць мафію, каб на гэтым зарабіць. Падаецца, што тут справа выключна ў грошах.

Пераклад: «Яны нават паказваюць падрабязны маршрут перасячэньня мяжы ў сваім фэйсбуку, у тым ліку месца сустрэчы з кур’ерам».

— Вы часта крытыкуеце польскія ўлады за іх падыход да справы мігрантаў. А што павінна рабіць Варшава? Адмовіцца ад аховы мяжы і ўпускаць усіх, хто хоча прыехаць?

— Не! Найперш трэба сапраўды зрабіць мяжу больш шчыльнай. А гэта немагчыма без сапраўднага плота. Гэта на 100% пазбавіць іншых ахвоты прыяжджаць да нас. Па-другое, людзей, якія ўжо ў нас, нельга высылаць назад на мяжу. Узімку гэта будзе азначаць сьмерць. Можна спрабаваць адправіць іх на радзіму або ў іншую бясьпечную краіну, як гэта было падчас мігранцкага крызісу ў Грэцыі. За ўсё гэта павінен заплаціць Эўразьвяз, межы якога фактычна і абараняюць польскія памежнікі і салдаты. А пакуль адсутнасьць цікаўнасьці ЭЗ да гэтай сытуацыі відавочная.

— Якая гісторыя, пачутая ад уцекачоў, была, на вашу думку, самай драматычнай?

— Цяжка сказаць. Такіх гісторый шмат, і ўсе яны больш ці менш драматычныя. Але я думаю, што пра самыя драматычныя мы наўрад ці калі даведаемся.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • 19 верасьня прэм’ер-міністар Польшчы заявіў, што «ў Беларусі звыш 10 тысяч, а можа, і больш асобаў, перамешчаных з Блізкага Ўсходу, пераважна з Іраку, а таксама з Сырыі, каб праводзіць гібрыдную атаку».
  • 23 верасьня памежная служба Польшчы паведаміла пра сьмерць яшчэ аднаго мігранта. Раней было вядома пра сьмерць трох мігрантаў на польскім баку мяжы і аднаго на беларускім.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • У Нямеччыне ў верасьні выявілі некалькіх мігрантаў пераважна з Іраку, якія апынуліся ў краіне транзытам празь Беларусь. У Літве, Польшчы альбо Латвіі ім удалося абмінуць і памежнікаў, і паліцыю і дабрацца да Нямеччыны.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу. Супраць групы грамадзян Беларусі і Польшчы пачалі крымінальную справу за зьнішчэньне ўчасткаў калючага дроту, расьцягнутага на мяжы.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы.
  • Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям. Таксама ён заявіў, што чвэрць затрыманых мігрантаў мае дачыненьне да ўзброеных фармаваньняў на Блізкім Усходзе.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў. Усе папраўкі да тэксту рэзалюцыі, у якіх прапаноўвалася ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў выпадку новага абвастрэньня міграцыйнага крызісу, адхіліў профільны камітэт.
  • 4 кастрычніка Польскія памежнікі знайшлі на беларуска-польскай мяжы ў Падляскім ваяводзтве муляж выбуховага прыстасаваньня. За некалькі дзён да гэтага паведамлялася, што беларускія памежнікі правакуюць польскіх, кідаючы ў іхны бок прадметы і накіроўваючы зброю.
  • 6 кастрычніка Памежная варта Польшчы паведаміла, што за жнівень і верасень спынілі звыш 14 тысяч мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі па-за межамі пунктаў пропуску. Акрамя таго, амаль штодня затрымлівалі памагатых мігрантаў, якія спрыялі парушэньню закону.
  • 8 кастрычніка Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Польшчы Аляксандра Часноўскага выклікалі ў польскі МЗС у сувязі з сытуацыяй на мяжы. Варшава трактуе паводзіны беларускага боку, як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Неаднаразова, зь відэадоказамі заяўлялася, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • 12 кастрычніка міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў пра падрыхтоўку новага закону, згодна зь якім на польска-беларускай мяжы ўзьвядуць агароджу для супрацьдзеяньня нелегальнай міграцыі, скарыстаўшыся досьведам Вугоршчыны з 2015 году, калі тая змагалася з наплывам мігрантаў праз тэрыторыю Сэрбіі.
  • 14 кастрычніка, пасьля чарговай навіны пра сьмерць сырыйскага мігранта на мяжы, польскі Сэйм ухваліў папраўкі ў закон, які рэглямэнтуе пабудову агароджы з датчыкамі руху. Мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу, дзяржаўным службам дазволілі высылаць з краіны, калі тыя зьвярнуліся па атрыманьне прыстанішча, прыбыўшы не з краін, дзе ім пагражала непасрэдная небясьпека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG