Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы скандал з удзелам беларускіх дарожнікаў. Аднаму з мэнэджараў забаранілі выезд з Украіны


Дарожныя працы. Ілюстрацыйнае фота.

З 2017 году беларускія дарожнікі стала ўдзельнічаюць у тэндэрах на будаўніцтва і рамонт дарог ва Ўкраіне, выйграюць іх, рамантуюць і будуюць дарогі. Але здараюцца пры гэтым і скандалы.

Сьледчыя ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Валынскай вобласьці ўручылі галоўнаму інжынэру ТАА «Дарожна-будаўнічы трэст № 4» (Берасьце) Аляксандру Зарэцкаму падазрэньні ў прысваеньні чужой маёмасьці з выкарыстаньнем службовага становішча, а таксама ў падробцы афіцыйных дакумэнтаў.

Зарэцкаму 61 год, ён грамадзянін Беларусі,

Згодна з украінскім заканадаўствам, прысваеньне чужой маёмасьці караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай на тры гады займаць пэўныя пасады, а падробка афіцыйных дакумэнтаў — штрафам у памеры ад 34 да 68 тысяч грыўняў або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў.

На падставе гэтага сьледчыя зьвярнуліся ў суд па абраньне Аляксандру Зарэцкаму меры папярэдняга стрыманьня ў выглядзе закладу ў памеры 227 тысяч грыўняў (прыкладна 8500 даляраў у эквіваленце).

Адначасова суд абавязаў падазраванага зьяўляцца на выклік сьледчага, пракурора і сьледчага судзьдзі, не выяжджаць з Кіева без дазволу, паведамляць пра зьмену месца працы і пражываньня, не сустракацца са сьведкамі, а таксама здаць на захоўваньне пашпарт і іншыя дакумэнты, якія дазваляюць выезд за межы Ўкраіны. Такія абмежаваньні будуць дзейнічаць два месяцы, але пры неабходнасьці пракурор можа зьвярнуцца ў суд па працяг гэтай меры папярэдняга стрыманьня.

У чым падазраюць беларускага будаўніка

Першапачаткова справу завялі паводле ч.3 артыкула 191 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — прысваеньне чужой маёмасьці шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненае паўторна або ў папярэдняй змове групай асобаў. Гэта адбылося 6 траўня 2020 году.

У чэрвені 2020-га на падставе адпаведных рашэньняў суду сьледчыя правялі вобшук у памяшканьні ўкраінскага прадстаўніцтва ТАА «Дарожна-будаўнічы трэст № 4» у Кіеве, у кватэры Аляксандра Зарэцкага, у дэпартамэнце інфраструктуры Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, а таксама ў беларуска-ўкраінскай кампаніі «Белаўтадар-Украіна», зь якой прадстаўніцтва берасьцейскага трэсту падпісвала пагадненьні аб пастаўках будаўнічых матэрыялаў. Адметна, што гэты трэст — адзін з заснавальнікаў кампаніі «Белаўтадар-Украіна».

Падчас вобшукаў сьледчыя забралі дакумэнтацыю, якая тычылася арганізацыі і правядзеньня працаў паводле тэндэру на сярэдні рамонт 3,2 кілямэтра дарогі ў Старавыжаўскім раёне Валынскай вобласьці, а таксама паставак будаўнічых матэрыялаў і актаў аб прыманьні выкананьня працаў. Тэндэр у 2019 годзе выйграла кампанія «Белаўтадар-Украіна», а працы выконвала прадстаўніцтва берасьцейскага трэсту. Згодна з дамовай, кошт працаў склаў 13 мільёнаў 491 тысяч грыўняў (крыху больш як паўмільёна даляраў у эквіваленце паводле курсу 2019 году. — РС).

Свабода зьвярнулася па камэнтар у кампанію «Белаўтадар-Украіна». У прыёмнай паабяцалі перадаць просьбу юрыстам, але самога камэнтара рэдакцыя пакуль не атрымала.

У 2019 годзе аналягічная справа, дзе таксама фігуравала кіраўніцтва берасьцейскага «Дарожна-будаўнічага трэсту № 4», расьсьледавалася ў Жытомірскай вобласьці.

Тады ў беларуска-ўкраінскім прадпрыемстве «Белаўтадар-Украіна» назвалі такі перасьлед «замовай, каб выціснуць беларускіх дарожнікаў з украінскага рынку».

Статутны капітал — тысяча, прыбытак — мільёны

Кампанія «Белаўтадар-Украіна» створана ў 2015 годзе са статутным капіталам у 1 тысячу грыўняў.

Яе заснавальнікі:

  • ТАА «Фінансавая кампанія „Фінанс Капітал“» (Кіеў, уласьнік — грамадзянін Украіны Генадзь Часьцякоў) — 50%
  • Рэспубліканскае гандлёвае прадпрыемства «Белзарубежгандаль» — 20% акцый
  • Дарожна-будаўнічы трэст № 4 (Берасьце) — 10%
  • Дарожна-будаўнічы трэст № 6 (Горадня) — 10%
  • Дарожна-будаўнічы трэст № 2 (Гомель) — 10%

Паводле інфармацыі з адкрытых рэестраў Украіны, у 2020 годзе «Белаўтадар-Украіна» атрымала даход 43 329 000 грыўняў. Чысты прыбытак склаў 22 193 000 грыўняў, актывы — 72 541 000 грыўняў, і абавязаньні — 42 591 000 грыўняў.

Беларускія дарожнікі ва Ўкраіне

З 2017 году беларускія дарожнікі стала ўдзельнічаюць у тэндэрах на будаўніцтва і рамонт дарог ва Ўкраіне. У жніўні 2019 году яны выйгралі адзін з найбольшых тэндэраў у Ровенскай вобласьці вартасьцю больш як 30 мільёнаў даляраў.
Пасьля гэтага беларускія перамогі на тэндэрах часта суправаджаліся скандальнымі і нават крымінальнымі навінамі: у лютым 2019 году ва ўкраінскім горадзе Новы Буг на Мікалаеўшчыне невядомыя падпалілі беларускі асфальтабэтонны завод, у красавіку 2019-га у Навабускім раёне Мікалаеўскай вобласьці мясцовыя жыхары, незадаволеныя якасьцю працы беларускіх аўтадарожнікаў, перакрывалі трасу.

Цягам апошніх некалькіх гадоў у памяшканьні беларуска-украінскай кампаніі «Белаўтадор-Украіна» адбыліся некалькі вобшукаў. Цяпер аднаго з мэнэджэраў падазраюць у крымінальных злачынствах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG