Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 кастрычніка: валянтэра штабу Ціханоўскай пакаралі «хіміяй», горадзенца затрымалі на мяжы

абноўлена

На акцыі ў Менску, 16 жніўня 2020 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі: не спыняюцца ператрусы, працягваюцца суды паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў за пратэставыя дзеяньні.

Валянтэру штабу Ціханоўскай прысудзілі 3 гады «хіміі»

Вынесены прысуд у крымінальнай справе палітвязьня Аляксандра Дабрыяніка паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Як піша «Вясна», яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў Маршы Свабоды 16 жніўня 2020 году. Нібыта разам зь іншымі «парушаў грамадзкі парадак, выкрыкваў лёзунгі, пляскаў у далоні, выходзіў на праезную частку і перакрываў рух грамадзкага транспарту».

У сваім апошнім слове Аляксандар казаў, што ня быў актыўным удзельнікам масавага мерапрыемства, а таксама ня згодны, што перакрываў вуліцы, і прасіў суд разабрацца справядліва.

У выніку судзьдзя Сяргей Шаціла прысудзіў палітвязьню 3 гады «хіміі» і вызваліў да прызначэньня яму месца і ўмоваў пакараньня.

«Менсктранс» спагнаў зь вязьняў за «блякаваньне дарог»

Суд Савецкага раёну Менску вынес рашэньне ў грамадзянскай справе на пазоў прадпрыемства «Менсктранс» да 17 палітвязьняў і асуджаных з палітычных матываў.

Вырашана спагнаць шкоду ў памеры 21 667 рублёў за перакрыцьцё дарог у Менску 10 жніўня 2020 году з Івана Красоўскага, Дзьмітрыя Дубкова, Сяргея Брыля, Рыгора Давыдава, Арцёма Хвашчэўскага, Аляксея Мельнікава, Ганны Сунгуравай, Аляксандры Патрасаевай, Анастасіі і Вікторыі Міронцавых, Аляксандра Савосьціна, Ігара Рудчыка, Арцёма Саўчука, Яраслава Збароўскага, Ільлі Гагіева, Віктара Сядова, Дзьмітрыя Кубарава.

Нягледзячы на тое, што летась 10 жніўня 17 чалавек знаходзіліся ў розных месцах сталіцы, зь іх салідарна спагналі кампэнсацыю за «перакрыцьцё дарог» за адну гадзіну.

На мяжы затрымалі горадзенца за камэнтары ў Тэлеграме

У Горадні пад варту зьмясьцілі 36-гадовага шматдзетнага бацьку, якога затрымалі, калі ён спрабаваў перасекчы беларуска-польскую мяжу. Раней на яго завялі крымінальную справу за камэнтары ў тэлеграм-каналах.

За 13 камэнтароў, якія мужчыына пакідаў ад жніўня мінулага году і да сёлетняга траўня, прад’явілі абвінавачаньне паводле трох артыкулаў КК: «абраза прэзыдэнта», «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза судзьдзі або народнага засядацеля».

Акрамя таго, дома ў яго падчас ператрусу сілавікі выявілі гумовую дубінку, дымавыя шашкі, пярцовыя балёнчыкі, пэтарды і газавыя балёны, праз што дадаўся яшчэ адзін артыкул: «незаконныя выраб, захоўваньне, перавозка прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў».

Пакуль ішло сьледзтва, мужчына быў на волі: у яго на ўтрыманьні адно непаўналетняе дзіця і трое малалетніх. Цяпер ён пад вартай.

Прысуд вясельнаму фатографу

Вынесены прысуд 46-гадоваму вясельнаму фатографу Дзьмітрыю Сончыку, якога абвінавацілі паводле арт.364 і арт. 369 Крымінальнага кодэксу. Паводле сьледзтва, Дзьмітры абразіў чатырох чалавек і выказаў пагрозу іх жыцьцю ў камэнтарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020–2021 гадоў, піша «Вясна».

Пацярпелыя — А.Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік Нясьвіскага РАУС А.Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясьвіскага РАУС Р.Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКу А.Алёкса. На паседжаньне яны не зьявіліся, але раней казалі, што «ўспрымалі пагрозы як рэальныя».

Сончык прызнаў віну, адмовіўся даваць паказаньні на паседжаньні, а ў апошнім слове павіншаваў сястру і маці, якія былі ў судовай залі, з надыходзячым Днём маці.

Пракурор Арцём Цьвяткоў запрасіў для абвінавачанага 3 гады калёніі агульнага рэжыму — менавіта такое пакараньне і прызначыў судзьдзя Дзьмітры Карсюк. Таксама Сончык мусіць выплаціць двум пацярпелым па 3 тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG