Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксея Навальнага ў калёніі ўжо ня лічаць «схільным да ўцёкаў», але сталі лічыць «тэрарыстам»


Аляксей Навальны

Апазыцыянэр Аляксей Навальны, які цяпер знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 2 у горадзе Пакрове, расказаў, што яго зьнялі з прафуліку як «схільнага да ўцёкаў», але паставілі на ўлік як «экстрэміста» і «тэрарыста». Пра гэта палітык расказаў у Інстаграме.

У посьце гаворыцца, што на днях Навальнага выклікалі ў калёніі на камісію, дзе паведамілі аб прынятых у дачыненьні да яго рашэньнях.

«Опэрупаўнаважаны такі і такі накіраваў рапарт пра тое, што асуджаны Навальны вызнае экстрэмісцкую і тэрарыстычную ідэалёгію», — цытуе палітык пасяджэньне камісіі.

Паводле яго слоў, ён зьняў з адзеньня біркі з чырвонай паласой і прышыў новыя — зь зялёнай, якая пазначае зьняволеных, схільных да экстрэмізму. Па словах Навальнага, так у калёніях пазначаюць галоўным чынам «мусульман, нацыяналістаў і футбольных фанатаў».

У жніўні расейскія ўлады ўнесьлі заснаваныя Навальным Фонд барацьбы з карупцыяй і Фонд абароны правоў грамадзян у пералік экстрэмісцкіх арганізацый. Пракуратура абгрунтавала гэтае рашэньне тым, што «пад прыкрыцьцём лібэральных лёзунгаў гэтыя арганізацыі займаюцца фармаваньнем умоў для дэстабілізацыі сацыяльнай і грамадзка-палітычнай сытуацыі». Пазьней СК распачаў крымінальную справу аб стварэньні і кіраваньні экстрэмісцкай супольнасьцю ў дачыненьні да Навальнага і яго паплечнікаў Леаніда Волкава і Івана Жданава.

«Навіны гэтыя добрыя. „Экстрэмісцкі“ і „тэрарыстычны“ прафулікі не такія стамляльныя, як „уцякач“», — напісаў Навальны ў сувязі з рашэньнем кіраўніцтва калёніі.

Ён дадаў, што экстрэмісцкі і тэрарыстычны ўлікі не патрабуюць пастаянных праверак.

«Асьцерагаўся, што запатрабуюць, каб я цалаваў партрэты Пуціна і вучыў на памяць цытаты Мядзьведзева, але і гэтага ня трэба. Проста над маімі нарамі цяпер вісіць шыльда, што я тэрарыст», — напісаў палітык у канцы поста.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG