Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт Расеі параўнаў прэзыдэнта Ўкраіны з габрэйскімі інтэлігентамі, якія з ідэйных прычынаў папрасіліся б на службу ў СС


Дзьмітры Мядзьведзеў і былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, 17 траўня 2010

Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што кантакты з кіраўніцтвам Украіны бессэнсоўныя, а Расея ўмее чакаць.

Украіна зьяўляецца «васалам» краін Захаду, яе кіраўнікі — несамастойныя, неадукаваныя і неабавязковыя людзі, таму весьці перамовы з кіраўніцтвам Украіны для Масквы «бессэнсоўна». Такоую думку выказаў былы прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў, які цяпер займае пасаду намесьніка старшыні Савету бясьпекі. Артыкул пад назвай «Чаму бессэнсоўныя кантакты зь цяперашнім украінскім кіраўніцтвам» ён апублікаваў у газэце «Коммерсантъ».

Мядзьведзеў абрынуўся зь беспрэцэдэнтна рэзкай крытыкай на прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, не назваўшы яго пры гэтым па імені. Мядзьведзеў назваў Зяленскага «няшчасным» і «вывернутым на левы бок чалавекам». Намякнуўшы на габрэйскія карані Зяленскага, Мядзьведзеў выступіў зь сьцьвярджэньнем, што той «адмовіўся ад сваёй ідэнтычнасьці» і «пачаў апантана служыць найбольш ашалелым нацыяналістычным сілам Украіны», а яго дзейнасьць параўнаў з сытуацыяй, «калі прадстаўнікі яўрэйскай інтэлігенцыі ў нацысцкай Нямеччыне з ідэйных прычынаў папрасіліся б на службу ў СС».

Спаслаўшыся на нядаўні артыкул свайго начальніка, прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, Мядзьведзеў заявіў, што Ўкраіна знаходзіцца «пад непасрэдным замежным кіраваньнем», і, такім чынам, Расеі няма сэнсу мець зь ёй справу — «справы трэба весьці зь сюзэрэнам». Пры гэтым, на думку Мядзьведзева, ЗША «нічога ня трэба ад Украіны, акрамя супрацьстаяньня з Расеяй». Праз два сказы, зрэшты, Мядзьведзеў выказвае іншую думку: «Сама Ўкраіна ня мае ніякай каштоўнасьці на лініі прамога супрацьстаяньня заходніх сілаў (у тым ліку патэнцыйна ваеннага) з нашай краінай».

Таксама Мядзьведзеў абвінаваціў кіраўніцтва Ўкраіны ў карупцыі, згадаўшы і «афшоры», хоць і ўстрымаўшыся ад згадкі так званага «Архіва Пандоры», у якім маюцца дадзеныя пра афшорныя кампаніі, зьвязаныя зь Зяленскім (як і з прадстаўнікамі расейскага кіраўніцтва).

Завяршаецца артыкул пытаньнем «Што рабіць у гэтай сытуацыі?». «А нічога», — адказвае Мядзьведзеў, дадаючы, што неабходна «дачакацца зьяўленьня ва Ўкраіне сьвядомага кіраўніцтва». «Расея ўмее чакаць. Мы людзі цярплівыя», — піша былы прэзыдэнт.

Мядзьведзеў ня першы раз піша артыкулы пра расейска-ўкраінскія адносіны, прычым яго папярэдні артыкул, напісаны ў канцы 2014 году, экспэрты трактавалі як адносна мяккі.

Зь нядаўняга расьсьледаваньня Расейскай службы BBC вынікае, што Мядзьведзеў паступова страчвае ўплыў у расейскім кіраўніцтве. Ён нават не ўзначальваў сьпіс «Адзінай Расеі», лідэрам якой фармальна зьяўляецца, на выбарах у Дзяржаўную Думу. Крэмль яго артыкулу пакуль не камэнтаваў.

Пакуль няма камэнтароў і ўкраінскага боку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG