Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі праграміст, які паведаміў пра катаваньні ў расейскай турме: «Адчуваў сябе хутчэй прыстасаванцам»


Ілюстрацыйнае фота

Праграміст заявіў, што ўдзелу ў катаваньнях ня браў, але бачыў усё, што тварыла адміністрацыя турмы.

Інтэрнэт-рэсурс пра сучасныя рэпрэсіі ў Расеі Gulagu.net апублікаваў аўдыёінтэрвію зь беларускім IT-спэцыялістам Сяргеем, які перадаў інфармацыю пра масавыя катаваньні ў расейскіх турмах у шырокі доступ.

Паводле інфармацыі кіраўніка праекту, які апублікаваў відэазапісы з катаваньнямі, Уладзіміра Асечкіна, Сяргей знаходзіўся ў Саратаўскай турме і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжаньню. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забясьпечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы.

На YouTube-канале праекту беларускі праграміст расказаў, якую меў матывацыю зрабіць гэта, пры гэтым адзначыўшы, што не чакаў падобнага рэзанансу.

Паводле яго слоў, многае з архіву карыстальнікі ўжо бачылі.

Сяргей кажа, што знаходзячыся ў турме, не адчуваў трывогу і небясьпеку, а адчуваў сябе хутчэй прыстасаванцам.

«Я прыстасаваўся да сыстэмы, здолеў свае навыкі падладзіць, стаць даволі высокай велічынёй там, але ніколі, ніколі я не гвалтаваў, ня зьдзекаваўся, не спрабаваў неяк зьняважыць іншых людзей. Я ўсё гэта бачыў», — прызнаўся мужчына.

Праваабарончы праект Gulagu.net раней паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаваньняў і згвалтаваньняў зьняволеных у расейскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.

5 кастрычніка, пасьля публікацыі трох запісаў зьдзекаў зь вязьняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, Генэральная пракуратура Расеі пачала праверку, распачата крымінальная справа. Аўтары праваабарончага праекту паведамляюць, што плянуюць паступова публікаваць атрыманую імі інфармацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG