Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія спэцслужбы анансавалі хуткі канец мігранцкага крызісу. Успамінаем, як ён разьвіваўся


Група мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, архіўнае фота

Ад першых іракцаў на беларуска-літоўскай мяжы ў лютым — да амаль 800 спробаў за дзень перасячы беларуска-польскую мяжу ў кастрычніку.

За жнівень і верасень польскія памежнікі зафіксавалі больш за 16 тысяч спробаў перайсьці мяжу мігрантамі, амаль 1500 чалавек затрымалі, іншых вярнулі на тэрыторыю Беларусі.

6 кастрычніка афіцыйны прадстаўнік спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын паведаміў, што Беларусь перастала прымаць пасажыраў з ірацкага гораду Эрбіль. Таксама, паводле зьвестак польскіх спэцслужбаў, беларускі МЗС ад пачатку кастрычніка перастаў прымаць заявы на візы ад грамадзянаў Ірану, Нігерыі, Пакістану, Сырыі і Эгіпту. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі беларускім бокам пакуль няма. Калі яна адпавядае рэчаіснасьці, міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Эўразьвязу можа скончыцца. Аднак усяго праз тры дні пасля заявы прадстаўніка польскіх спецслужбаў колькасьць спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы вырасла да амаль 800 за суткі.

Свабода прыгадвае яго самыя значныя моманты.

27 траўня

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла пра рэзкае пагаршэньне сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю. «Той факт, што кіраўнік суседняй краіны, зь якой Літва мае амаль 680 кілямэтраў агульнай мяжы, адкрыта пагражае дазволам на перамяшчэньне нелегальных мігрантаў і наркотыкаў праз агульную мяжу, зьяўляецца сур’ёзным сыгналам для нас і ўсёй Эўропы, — сказала Білатайце. — Я мушу прызнаць, што гэтыя выказваньні нас не зьдзіўляюць. Ужо некаторы час мы адсочваем рост плыні нелегальных мігрантаў».

2 ліпеня

Памежная служба Літвы паведаміла пра затрыманьне 150 мігрантаў за дзень. Большасьць зь іх спрабавалі перасячы мяжу Беларусі і Літвы ў Друскінінкайскім раёне. Вялікія арганізаваныя групы мігрантаў з Іраку, Сырыі, Ірану і іншых краін затрымліваюць на мяжы Беларусі і Літвы кожны дзень. Агульная колькасьць затрыманых літоўскімі памежнікамі да 19 ліпеня дасягае 2096 чалавек. Улады Літвы тэрмінова арганізоўваюць часовыя лягеры для іх утрыманьня.

3 жніўня

Літоўскія сілавікі пачалі спыняць мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю і вяртаць іх назад, выконваючы такім чынам даручэньне міністаркі ўнутраных спраў Агне Білатайце. За першую ж ноч памежнікі Літвы разьвярнулі некалькі груп мігрантаў. Білатайце афіцыйна дазволіла памежнікам прымяняць сілу да тых, хто перасякае мяжу па-за пунктамі пропуску.

4 жніўня

Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца на беларуска-літоўскай мяжы, непадалёк ад пункту пропуску Беняконі. Мужчыну, які паміраў, нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі. Па стане на пачатак кастрычніка аб расьсьледаваньні сьмерці грамадзяніна Іраку на тэрыторыі Беларусі нічога не вядома.

11 жніўня

Латвія ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з рэзкім павелічэньнем колькасьці мігрантаў, якія спрабуюць трапіць на тэрыторыю краіны зь Беларусі па-за межамі пунктаў пропуску.

23 жніўня

Польшча пачынае будаваць новую агароджу на мяжы зь Беларусьсю. Плынь мігрантаў у гэтую краіну з тэрыторыі Беларусі значна павялічылася пасьля рашэньня ўладаў Літвы разварочваць людзей на мяжы і вяртаць іх на беларускую тэрыторыю.

2 верасьня

Польскі ўрад увёў рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю. Доступ у памежныя рэгіёны значна абмежавалі, трапіць туды могуць толькі памежнікі, паліцыя і мясцовыя жыхары. Рэжым надзвычайнага становішча ў Польшчы ўвялі ўпершыню з 1981 году, калі яго абвяшчаў урад Ярузэльскага ў сувязі з палітычнай напружанасьцю ў краіне.

19 верасьня

Польскія і беларускія памежнікі адначасова паведамілі аб тым, што на мяжы былі знойдзеныя целы загінулых мігрантаў. Агенцтва БелТА расказала пра труп жанчыны з Іраку, побач зь якой знаходзіліся непаўналетнія дзеці, мужчына і старая. Памежная служба Польшчы ў той жа дзень паінфармавала адразу пра тры знойдзеныя на беларуска-польскай мяжы трупы мігрантаў. Падрабязнасьцяў расьсьледаваньня інцыдэнтаў няма.

27 верасьня

На адмысловай прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікі польскага МУС, Памежнай службы і Міністэрства абароны расказалі, што польскія афіцэры штодня сутыкаюцца з правакацыямі зь беларускага боку. У якасьці прыкладаў былі прыведзеныя выпадкі, што беларусы асьляпляюць палякаў сьвятлом ліхтарыкаў, крычаць на іх, а таксама абвінавачваюць у выкарыстаньні «мэтадаў, падобных да гестапа».

Акрамя гэтага, па словах прадстаўнікоў польскіх сілавых службаў, беларусы імітуюць кіданьне гранат празь мяжу або «халастыя стрэлы» ў бок палякаў.

30 верасьня

ПАРЭ асудзіла практыку Літвы, Польшчы і Латвіі, якія вырашылі вяртаць затрыманых на мяжы мігрантаў на тэрыторыю Беларусі.

4 кастрычніка

Польскія памежнікі знайшлі на беларуска-польскай мяжы ў Падляскім ваяводзтве муляж выбуховага прыстасаваньня. За некалькі дзён да гэтага паведамлялася, што беларускія памежнікі правакуюць польскіх, кідаючы ў іхны бок прадметы і накіроўваючы зброю.

6 кастрычніка

Памежныя службы Польшчы паведамілі, што за жнівень і верасень спынілі звыш 14 тысяч мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі па-за межамі пунктаў пропуску.

7 кастрычніка

Беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ля беларуска-літоўскай мяжы 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.

8 кастрычніка

Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Польшчы Аляксандра Часноўскага выклікалі ў польскі МЗС у сувязі з сытуацыяй на польска-беларускай мяжы. Варшава трактуе паводзіны беларускага боку, як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы».

11 кастрычніка

Памежная служба Польшчы паведаміла, што за тры дні 9–11 кастрычніка з боку Беларусі зафіксавана каля 2 тысяч спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • 19 верасьня прэм’ер-міністар Польшчы заявіў, што «ў Беларусі звыш 10 тысяч, а можа, і больш асобаў, перамешчаных з Блізкага Ўсходу, пераважна з Іраку, а таксама з Сырыі, каб праводзіць гібрыдную атаку».
  • 23 верасьня памежная служба Польшчы паведаміла пра сьмерць яшчэ аднаго мігранта. Раней было вядома пра сьмерць трох мігрантаў на польскім баку мяжы і аднаго на беларускім.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • У Нямеччыне ў верасьні выявілі некалькіх мігрантаў пераважна з Іраку, якія апынуліся ў краіне транзытам празь Беларусь. У Літве, Польшчы альбо Латвіі ім удалося абмінуць і памежнікаў, і паліцыю і дабрацца да Нямеччыны.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу. Супраць групы грамадзян Беларусі і Польшчы пачалі крымінальную справу за зьнішчэньне ўчасткаў калючага дроту, расьцягнутага на мяжы.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы.
  • Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям. Таксама ён заявіў, што чвэрць затрыманых мігрантаў мае дачыненьне да ўзброеных фармаваньняў на Блізкім Усходзе.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў. Усе папраўкі да тэксту рэзалюцыі, у якіх прапаноўвалася ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў выпадку новага абвастрэньня міграцыйнага крызісу, адхіліў профільны камітэт.
  • 4 кастрычніка польскія памежнікі знайшлі на беларуска-польскай мяжы ў Падляскім ваяводзтве муляж выбуховага прыстасаваньня. За некалькі дзён да гэтага паведамлялася, што беларускія памежнікі правакуюць польскіх, кідаючы ў іхны бок прадметы і накіроўваючы зброю.
  • 6 кастрычніка Памежная варта Польшчы паведаміла, што за жнівень і верасень спынілі звыш 14 тысяч мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі па-за межамі пунктаў пропуску. Акрамя таго, амаль штодня затрымлівалі памагатых мігрантаў, якія спрыялі парушэньню закону.
  • 8 кастрычніка Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Польшчы Аляксандра Часноўскага выклікалі ў польскі МЗС у сувязі з сытуацыяй на мяжы. Варшава трактуе паводзіны беларускага боку, як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Неаднаразова, зь відэадоказамі заяўлялася, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • 12 кастрычніка міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў пра падрыхтоўку новага закону, згодна зь якім на польска-беларускай мяжы ўзьвядуць агароджу для супрацьдзеяньня нелегальнай міграцыі, скарыстаўшыся досьведам Вугоршчыны з 2015 году, калі тая змагалася з наплывам мігрантаў праз тэрыторыю Сэрбіі.
  • 14 кастрычніка, пасьля чарговай навіны пра сьмерць сырыйскага мігранта на мяжы, польскі Сэйм ухваліў папраўкі ў закон, які рэглямэнтуе пабудову агароджы з датчыкамі руху. Мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу, дзяржаўным службам дазволілі высылаць з краіны, калі тыя зьвярнуліся па атрыманьне прыстанішча, прыбыўшы не з краін, дзе ім пагражала непасрэдная небясьпека.
  • Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас 18 кастрычніка заявіў: «Лукашэнка — кіраўнік дзяржаўнай сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў». Перад гэтым прафсаюз паліцыянтаў Нямеччыны выступіў за ўвядзеньне кантролю на мяжы з Польшчай з прычыны патоку мігрантаў. У Нямеччыну празь Беларусь нелегальным чынам на той момант трапілі звыш 4300 мігрантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG