Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бяз гэтай дрэні». Якой стане Беларусь, калі ўлада зьнішчыць апошнюю недзяржаўную арганізацыю


Час, калі ўдарам міліцэйскага бота будуць выбітыя дзьверы апошняй недзяржаўнай арганізацыі, ужо блізка. Разгромлена іх за апошнія месяцы, паводле розных падлікаў, каля 300. Яшчэ дзясятак-другі чакае сваёй чаргі: хто ўжо атрымаў позвы і папярэджаньні, каму прызначаны суды аб ліквідацыі. А хто, не чакаючы арыштаў і ператрусаў, сабраў рэчы і выехаў з краіны. Няма сумневу, што да рэфэрэндуму ўся пляцоўка «трэцяга сэктару» будзе зачышчаная да бляску. Што ўзьнікне на яе месцы?

Тэлефануе знаёмы, які даўно займаецца дапамогай беспрытульным жывёлам, пераважна кінутым сабакам і катам. У трывозе і роспачы: прыходзілі зь міліцыі, апытвалі. З раённай адміністрацыі прыслалі папярэджаньне: нейкую справаздачу своечасова ня здаў. Пагражаюць ліквідацыяй. «Няўжо сапраўды закрыюць? За што?», — трывожыцца чалавек. І што цяпер рабіць з гадаванцамі? Хто іх возьме? І чаго чакаць самому, калі наўкол толькі і чуеш: таго арыштавалі, таго пасадзілі, той ледзь уцёк.

Санкцыя на зьнішчэньне

Яшчэ некалькі месяцаў таму здавалася, што «зачыстка» ўсё ж ня будзе татальнай. Што прыменяць нейкія асаблівыя падыходы да тых, хто ня мае ну абсалютна ніякага дачыненьня да палітыкі — абаронцаў жывёлаў і птушак, фондаў дапамогі дзецям, інвалідам, беспрытульным.

Надзея была слабая. На пачатку кастрычніка і яна зьнікла. Што такое грамадзянская супольнасьць у цяперашнім разуменьні ўлады? Вычарпальнае азначэньне прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі на пачатку кастрычніка падчас нарады ў ягонай адміністрацыі:

«Што такое грамадзянская супольнасьць у Беларусі? Надышоў час прыняць закон і прапісаць, што наша грамадзянская супольнасьць — гэта не НДА, НКА і іншая дрэнь. У нас ёсьць грамадзкія арганізацыі, і прама напісаць — якія. Што ў нас ёсьць прафсаюзы, што ў нас ёсьць саюз моладзі, вэтэранскія, жаночыя арганізацыі, тыя, якія сябе паказалі як сапраўдная грамадзянская супольнасьць».

«НДА, НКА і іншая дрэнь» — гэта ў цяперашніх умовах прамоўленая гэтай асобай ня проста думка, гэта і абвінавачаньне, і прысуд. Незалежна ад таго, чым вы займаліся ў папярэднія гады — забясьпечвалі інвалідаў пратэзамі і інваліднымі каляскамі, дамагаліся будаўніцтва ачышчальных збудаваньняў на рэках ці абаранялі рэдкія віды матылькоў і птушак — у разуменьні ўлады вы «рассаднікі заходніх каштоўнасьцяў», «знаходзіліся на ўтрыманьні заходніх грантадаўцаў, якія проста так грошай не даюць», а значыць, «займаліся падрыўной дзейнасьцю» (у двукосьсі — цытаты з газэты «СБ. Беларусь сегодня» на тэму недзяржаўных арганізацый).

Рытуальныя рухі Міністэрства юстыцыі, раённых адміністрацыяў і судоў у выглядзе рассылкі папярэджаньняў, пошуку фармальных падстаў для закрыцьця, збору даведак і справаздач і нават нібыта сур’ёзных судовых разглядаў выглядае сёньня празьмерным бюракратычным марнатраўствам. Недзяржаўных арганізацый — сотні. І дзеля кожнай арганізоўваць судовае вядзеньне, калі загадзя вядома, чым усё павінна скончыцца?

Бессэнсоўнасьць гэтай гульні ў юрыспрудэнцыю, здаецца, стала ўрэшце відавочнай і самому рэжыму. Таму неўзабаве зьявіцца закон, у якім, пэўна, будзе адразу пададзены вычарпальны сьпіс грамадзкіх арганізацый, якія маюць права на жыцьцё. Як гэта можна выглядаць? Прыблізна гэтаксама, як у Канстытуцыі СССР 1977 году. Артыкул 6 — пра панаваньне КПСС, якая адна мае права кіраваць. Артыкул 7 — пра грамадзкія арганізацыі (афіцыйныя прафсаюзы, камсамол, спажывецкія каапэратывы), якія маюць права ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці пад кіраўніцтвам партыі. І ўсё, болей ніякіх «НДА, НКА ды іншай дрэні». Поўная, дыстыляваная ідэалягічная чысьціня.

Залежныя і жабрацкія

Вядома, нейкія грамадзкія суполкі ў Савецкім Саюзе існавалі. ДОСААФ, таварыствы аховы помнікаў, рыбаловаў, паляўнічых, кнігалюбаў і нават Таварыства выратаваньня на водах. Але ўсе гэтыя і падобныя таварыствы — толькі з блаславеньня і пад пільным кантролем партыйных камітэтаў. І, зразумела, безь ніякай самадзейнасьці і замежнага фінансаваньня. А паколькі сама ўлада ўтрымліваць іх не хацела, то разьлічваць яны маглі пераважна на «добраахвотна-прымусовыя» ўнёскі. І хадзілі гэтыя «таварыствы» з працягнутай шапкай па арганізацыях, інстытутах, школах, выбіваючы з дапамогай начальства і настаўнікаў па 30 капеек са злосных студэнтаў і школьнікаў, якія гэтыя 30 капеек, вядома ж, хацелі патраціць на марозіва і кіно, а не на «садзейнічаньне арміі, авіяцыі і флёту».

Што будзе прыблізна гэтак жа, ужо паказаў досьвед ажыўленага нябожчыка — пераемніка ленінскага камсамолу. Рэанімуючы яго, улада, відавочна, разьлічвала на тое, што стане як пры СССР: камсамольцы будуць утрымліваць сваю арганізацыю за кошт уласных жа ўнёскаў. Аднак так проста не атрымалася. Чальцы БРСМ чамусьці ўпарта ня хочуць адлічваць працэнт ад уласнага заробку. Прынамсі, грошай, сабраных у добраахвотна-прымусовым парадку, не хапае нават на самаабслугоўваньне і самавыжываньне. У выніку БРСМ ужо каторы год фактычна на ўтрыманьні дзяржавы. За дзесяць папярэдніх гадоў арганізацыя атрымала з рэспубліканскага бюджэту больш за 50 мільёнаў даляраў. І штогод гэтае ўтрыманства толькі ўзрастае.

Пра гэты бок камсамольскага і партыйнага жыцьця адкрыта гаварыць з чыноўніцкіх трыбунаў не прынята. Але сёе-тое ўсплывае. На той жа нарадзе Аляксандар Лукашэнка даў вычарпальную ацэнку «дасягненьням» БРСМ і Белай Русі:

«У гэтым пляне чакаю якасных, уражальных зьменаў. Ідэалягічныя праблемы і прабелы вы ведаеце. Ушчэнт правалена праца з грамадзкімі арганізацыямі. У першую чаргу такімі, як БРСМ, „Белая Русь“».

Кепскія навіны для «Белай Русі» і БРСМ: калі дойдзе да поўнай рэанімацыі савецкай мадэлі «партыйнага і грамадзкага жыцьця» (а менавіта да вяртаньня такой мадэлі беларускі рэжым крочыць зараз сямімільнымі крокамі), то плаціць за права займацца ідэалягічным абслугоўваньнем улады давядзецца самім партыйцам і камсамольцам. І адлічэньні могуць быць немалыя. Калі арыентавацца на савецкі досьвед (а цяпер гэтая арыентацыя відавочная і татальная), то пералічэньні ў партыйную казну павінны складаць у залежнасьці ад даходу партыйца да 3 працэнтаў заробку.

Такім чынам, чыноўніку сярэдняй рукі, якому налічваюць цяпер каля 3000 рублёў, давядзецца, апроч падаткаў, штомесяц аддаваць яшчэ каля сотні рублёў за сваё сяброўства ў «Белай Русі» ці БРСМ. Ня ўпэўнены, што гэта выкліча вялікі энтузіязм у шэрагах партыйцаў і камсамольцаў. Калі з чыноўнікаў і спэцслужбістаў «стрэсьці» гэтыя грошы яшчэ так-сяк магчыма, то з шырокім працоўным людам, зацягнутым у шэрагі дзеля масавасьці, можна прадбачыць вялікія праблемы.

Вяртаньне ў СССР

Беларусь вяртаецца на 35 гадоў назад — у той пэрыяд, калі любая грамадзкая ініцыятыва магла існаваць толькі са згоды і пад кантролем пільнага ідэалягічнага начальніка. Тыя дзясяткі тысяч людзей, якія па ўсім сьвеце шукалі спонсараў дзеля таго, каб у беларускіх інвалідаў былі зручныя вазкі, каб безнадзейна хворыя і самотныя старыя мелі прытулак, каб кінутыя жывёлы не паміралі ад голаду на вуліцы, каб «чарнобыльскія» дзеці мелі магчымасьць выяжджаць за мяжу на аздараўленьне — усе гэтыя людзі, па сутнасьці, апынаюцца па-за законам. У іх ня будзе афіцыйна зарэгістраваных арганізацый, ім нельга будзе атрымліваць фінансаваньне з-за мяжы. (Што ўжо казаць пра праваабаронцаў, «нячэсных» журналістаў і «ня тых» пісьменьнікаў). Тэарэтычна ўсімі гэтымі сацыяльнымі праблемамі павінны будуць займацца чыноўнікі. Як яны імі займаюцца і як вырашаюць, калі не адчуваюць за сабой пільнага вока грамадзтва, здагадацца няцяжка. Досьвед тут багаты: тым, хто памятае савецкую рэчаіснасьць, расказваць ня трэба. Самы традыцыйны адказ на ўсе просьбы аб дапамозе: «У бюджэце на гэта грошай няма». А каб сацыяльныя язвы ня кідаліся ў вочы — падкантрольнай прэсе (а іншай у краіне хутка ўжо не застанецца) будзе забаронена пісаць пра зьявы і заганы, якія могуць кінуць цень і выклікаць сумнеў у бязгрэшнасьці начальства. І будзе, як у вядомай показцы савецкага часу, апублікаванай калісьці «Литературной газетой»:

Наша Родина прекрасна
И цветет, как маков цвет.
Окромя явлений счастья
Никаких явлений нет.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

• Human Constanta
• Беларуская асацыяцыя журналістаў
• Беларускі Хэльсынскі камітэт
• Беларускі Хэльсінскі камітэт
• Гродна Лайф Медыя
• Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
• Зьвяно
• Мова нанова
• Мэдыяплятформа «Имена»
• Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
• ПЭН-цэнтар
• Прававая ініцыятыва
• Саюз беларускіх пісьменьнікаў
• Тэрыторыя правоў
• Цэнтар прававой трансфармацыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG