Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Раманчук: Лукашэнка на дыялёг зь Ціханоўскай ня пойдзе, а з Пазьняком можа пайсьці


Ці сапраўды эканоміка Беларусі настолькі моцная, што зможа вытрымаць заходнія санкцыі? Або санкцыі ўсё ж дасягнуць сваёй мэты і прымусяць рэжым у Беларусі пачаць дыялёг з грамадзтвам? Пра гэта і пра іншае разважае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Сьцісла

  • 2021 год эканамічна ўдалы для рэжыму. Экспарт вырас на 38 адсоткаў, экспарт у краіны Эўразьвязу павялічыўся больш чым у два разы.
  • Сёлета бюджэт будзе ў эквіваленце 25 млрд даляраў, што дазваляе фінансаваць ня толькі сілавыя структуры, але і шмат чаго яшчэ.
  • Той, хто спадзяваўся, што Лукашэнка сутыкнецца ў 2021 годзе з крызісам, падобным да 2011 году, расчаруюцца — такога крызісу няма.
  • Тое, што санкцыі будуць балючыя, не выклікае сумненьня. Але 2022 год будзе яшчэ больш-менш стабільным.
  • Праблемы для ўлады Лукашэнкі пачнуцца тады, калі агульныя даходы бюджэту будуць меншыя за 15 млрд даляраў.
  • Калі паўмільёна зьяжджае, а яшчэ мільён працуе за мяжой, то хто будзе выказваць незадавальненьне і выстаўляць уладзе патрабаваньні?
  • Ва ўмовах санкцый расейцы могуць зрабіць так, што праз год колькасьць людзей, якія будуць лабіраваць інтарэсы Крамля, будзе большаю за колькасьць тых, хто застанецца ляяльным Лукашэнку.
  • Калі пры цяперашнім стане праз год-два ня будзе зьменаў, то мы будзем размаўляць з генэраламі, якія будуць прадстаўляць ужо іншы вайскова-палітычны рэжым у нашай краіне
  • Патрэбны інклюзіўны дыялёг. Для гэтага можна выкарыстоўваць патэнцыял і аўтарытэт Зянона Пазьняка, каб ён паехаў у краіну і паспрабаваў з чыстага ліста размаўляць з уладамі Беларусі

Пакуль да эканамічнага крызісу далёка

— Як бы вы ацанілі стан беларускай эканомікі на пачатак кастрычніка 2021 году. Гэта паступовы рост, стагнацыя ці крызіс?

— Ніхто не спадзяваўся, што ў беларускай эканоміцы ў 2021 годзе будуць такія экспартныя магчымасьці. Тут вельмі пашанцавала з цэнамі на энэрганосьбіты, на мэтал, на прадукты дрэваапрацоўкі, з хіміяй і т. д. Тое, што мы бачым, беспрэцэдэнтна — экспарт вырас на 38%, экспарт у краіны Эўразьвязу вырас больш чым у два разы. Гэта збалянсоўвае бюджэт, дае валютную выручку і дазваляе забясьпечыць адносную макраэканамічную стабільнасьць.

Ва ўмовах, калі заходнія санкцыі яшчэ не пачалі дзейнічаць, а Беларусь дамовіліся з Расеяй на нейкія фінансавыя патокі, то можна сказаць, што стан эканомікі задавальняючы для таго, каб курс рубля, заробкі і пэнсіі не абваліліся.

Сёлета бюджэт будзе ў эквіваленце 25 млрд даляраў, што дазваляе фінансаваць ня толькі сілавыя структуры, але і шмат чаго яшчэ ў краіне. Той, хто спадзяваўся, што Лукашэнка сутыкнецца ў 2021 годзе з крызісам, падобным да 2011 году, расчаруюцца — такога крызісу няма.

Гэта адбылося дзякуючы палітыцы Нацбанку і прыязнай вонкавай гандлёвай каньюнктуры.

— Цяпер можна пачуць розныя ацэнкі стану беларускай эканомікі — ад самых драматычных да зусім заспакаяльных. Шмат хто, як і вы, кажа, што беларуская эканоміка мае вялікі запас трываласьці. Але ўсё ж, што зьмянілі чатыры месяцы жыцьця ва ўмовах амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый? Наколькі яны ўжо адчувальныя?

— З пачатку лета ўрад Беларусі засакрэціў зьвесткі аб экспарце тавараў прадпрыемстваў, што падпалі пад санкцыі. Таму мы можам толькі здагадвацца.

Але бюджэт за 8 месяцаў мае нават прафіцыт. Пры тым, што міністэрства фінансаў прагназавала дэфіцыт. Так што рэзэрвы яшчэ ёсьць.

Але вось той факт, што мінфін думае зьбіраць падаткі з уласьнікаў кватэр, сьведчыць пра тое, што яны думаюць і пра іншыя крыніцы фінансаваньня бюджэтнай стабільнасьці і зьбіраюцца ўскласьці цяжар на ўласьнікаў кватэр і прадпрымальнікаў.

Як увядзеньне санкцый паўплывае на эканоміку Беларусі

— У канцы кастрычніка можа быць ўведзены пяты пакет санкцый. Ранейшыя санкцыі ўвойдуць у поўную сілу пасьля Новага году. Што гэта будзе азначаць для беларускай эканомікі?

— Мова ідзе пра цярпеньне людзей. Пакуль што сярэдні заробак складае 450-480 даляраў, гэта далёка ад крызісных паказьнікаў. А калі яны стануць на 100-150 даляраў менш, то ўлады гэта патлумачаць вайной з Захадам.

А так, пакуль што мы ня ведаем, як пойдзе перанакіраваньне прадукцыі ў расейскія парты, як будуць гандлявацца калійныя ўгнаеньні, ці знойдуць яны шлях да пакупнікоў. Але тое, што санкцыі будуць балючыя, не выклікае сумненьняў.

Так што тут пытаньне: колькі пратрымаецца беларуская мадэль. Думаю, 2022 год будзе яшчэ больш-менш стабільным. Каля 8 млрд золатавалютных рэзэрваў улада яшчэ мае, і калі яна выкарыстае 3 млрд на аплату даўгоў, то яшчэ нешта застанецца. А калі яшчэ нешта прадаць у Расею, калі возьмуць там новы крэдыт, то я ня думаю, што гэты і наступны гады абнуляць давер да эканомікі Лукашэнкі.

«Ужо няма каму выстаўляць уладзе патрабаваньні»

— Усе мы калісьці ў ВНУ вучылі эканоміку і ведаем, што гэта ня толькі фінансы і вытворчасьць, але і псыхалёгія людзей. Ці могуць нейкія раптоўныя панічныя настроі пахіснуць эканамічную мадэль Лукашэнкі?

— Паніка на роўным месцы не ўзьнікае. Бачыце, як дзейнічаюць улады — цэны на паліва падвышаюць на адну капейку, камуналку таксама павышаюць паступова. Вялікіх падставаў для панікі няма. Мы ня бачым нават буйнога адтоку з Парку высокіх тэхналёгіяў. Хаця вось і дырэктараў садзяць у турму за хабары. Але прадпрыемствы, якія працуюць на дзяржаўны плян, на месцы — попыт на іх тавары і паслугі ёсьць.

Вось 18 месяцаў настроі вытворцаў у нэгатыўнай зоне. Ну і што? Я думаю, што праблемы для ўлады Лукашэнкі пачнуцца тады, калі агульныя даходы бюджэту будуць меншыя за 15 млрд даляраў. Але сёлета, як я ўжо казаў, яны будуць каля 25 млрд. Так што падушка бясьпекі пакуль на месцы.

Што да настрояў, дык і тут — каўбаса пакуль ёсьць, чарка і шкварка ёсьць. А тыя, хто выказваў нейкія патрабаваньні, заціхлі ці зьехалі. Калі паўмільёна зьяжджае, а яшчэ мільён працуе за мяжой, то хто будзе выказваць незадавальненьне і выстаўляць уладзе патрабаваньні? Такіх людзей у Беларусі сёньня няма.

Ці сапраўды санкцыі вядуць да страты сувэрэнітэту

— Ці могуць эканамічныя санкцыі Захаду, на вашу думку, прывесьці да абмежаваньня ці страты беларускага сувэрэнітэту на карысьць Расеі?

— Сёньня адбываецца ўцягваньне Беларусі ў арбіту вайсковай, інфармацыйнай, дыпляматычнай і геастратэгічнай палітыкі Расеі. А гэта ўжо эрозія нашага сувэрэнітэту. Калі раней я выступаў супраць санкцый, я менавіта гэта меў на ўвазе.

Тое, што сёньня столькі беларусаў апынуліся за межамі, той стан грамадзка-палітычнага супраціву і той стан залежнасьці, які мы маем сёньня з 28-мю дарожнымі мапамі... З усім гэтым расейцы могуць зрабіць так, што на восень 2022 году колькасьць людзей, якія будуць лабіраваць інтарэсы Крамля, будзе большаю за колькасьць тых, хто будзе ляяльны Лукашэнку.

Гэта, безумоўна, зьяўляецца пагрозай нашаму сувэрэнітэту і існаваньня незалежнасьці нашай краіны.

«У кароткачасовай пэрспэктыве санкцыі эфэкту не дадуць»

— Ці могуць санкцыі Захаду дасягнуць сваёй мэты — дэмакратызацыі Беларусі і пачатку ўнутрынацыянальнага інклюзіўнага дыялёгу?

— Калі эўрапейцы і амэрыканцы ўводзяць санкцыі, трэба разумець, якія часавыя парамэтры яны маюць на ўвазе. Год — не рэалістычна. 5 гадоў — можа быць і дасягнуць, але за пяць гадоў Беларусь можа страціць сваю незалежнасьць.

Таму ў кароткатэрміновай пэрспэктыве выкананьне таго парадку дня, які маюць на ўвазе аўтары санкцый, — нерэалістычнае. Замест дыялёгу мы маем яшчэ большае закатваньне ў асфальт грамадзка-палітычнай супольнасьці. Замест спробы адматаць назад мы бачым актыўную пракрамлёўскую палітыку, якая яшчэ больш уцягвае ўлады Беларусі ў арбіту расейскіх інтарэсаў.

Так што санкцыі не даюць таго эфэкту, на які разьлічваюць іх аўтары. І гэта, безумоўна, трагедыя тых людзей, якія застаюцца ў Беларусі і працуюць у грамадзтве, якое знаходзіцца ў стане шоку, страху, дэпрэсіі і прыглушанага, унутранага гневу.

Апошнія апытаньні Chatham House паказваюць, што Лукашэнка мае падтрымку недзе 30%. Пры дапамозе свайго «амонаправа» ён можа кансалідаваць яшчэ столькі ж і сказаць: «Я зноў стаў народным прэзыдэнтам».

«Пазьняку трэба ехаць у Беларусь дамаўляцца з Лукашэнкам»

— Якое, на вашу думку, выйсьце з гэтай сытуацыі?

— Выйсьце цяпер няпростае. Цяпер трэба думаць, як адматаць назад і зноў наладзіць масты для грамадзкай і палітычнай працы ў краіне. Так ці іначай, я б ня раіў уводзіць санкцыі ў такім рэжыме, як яны ўводзяцца цяпер. Бо яны б’юць па сьвятая сьвятых — па нашым сувэрэнітэце і незалежнасьці.

Калі пры цяперашнім стане праз год-два ня будзе зьменаў, то я думаю, што мы будзем размаўляць з генэраламі і палкоўнікамі, якія будуць прадстаўляць ужо іншы вайскова-палітычны рэжым у нашай краіне.

Так што ёсьць патрэба на нейкі інклюзіўны дыялёг. Для гэтага можна выкарыстоўваць патэнцыял і аўтарытэт таго ж Зянона Станіслававіча Пазьняка, каб ён паехаў у краіну і паспрабаваў з чыстага ліста размаўляць з уладамі Беларусі.

— Але пакуль што Лукашэнка на ніякі дыялёг ні з кім не ідзе.

— Зь Ціханоўскай на дыялёг ён сапраўды не ідзе, а з Пазьняком можа пайсьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG