Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас пагражалі забраць сына». Уцекачы ў Кіеве патрабавалі спыніць рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць дзяцей. ФОТА


Сярод удзельнікаў акцыі — беларускія актывісты, якія ўцяклі з краіны праз пагрозу пазбавіцца дзяцей

У Кіеве каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне беларускія і ўкраінскія актывісты правялі акцыю «Абаронім беларускіх дзяцей ад рэпрэсій».

Цэнтар грамадзянскіх свабодаў (Украіна) супольна зь беларускімі праваабронцамі пачынаюць сыстэматызаваць інфармацыю аб грамадзянах Беларусі, якія вымушаныя былі ўцякаць зь Беларусі празь ціск на сваіх дзяцей і пагрозу беларускіх уладаў перадаць іх пад апеку дзяржавы.

«Мы зрабілі першае дасьледаваньне, але цяпер будзем зьбіраць інфармацыю, бо гэта толькі невялікая частка гэтага айсбэрга. Большасьць такіх сямей у падвешаным стане, яны баяцца даваць такую інфармацыю, бо частка іхных сем’яў усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Цэнтру грамадзянскіх свабодаў, праваабаронца Ўладзімер Яворскі.

Уладзімер Яворскі кажа, што шмат беларускіх ўцекачоў усё яшчэ баяцца расказваць пра рэпрэсіі супраць сваіх дзяцей
Уладзімер Яворскі кажа, што шмат беларускіх ўцекачоў усё яшчэ баяцца расказваць пра рэпрэсіі супраць сваіх дзяцей

«Тацяна ня бачыла сына ўжо 6 месяцаў, нашу сям’ю разлучылі»

Уладзімер Яворскі сам сутыкнуўся з такой праблемай. Сёлета на ягоную жонку Тацяну завялі крымінальную справу, а яго выслалі з тэрыторыі Беларусі, на зборы даўшы толькі 48 гадзін. Тацяна Гацура-Яворская — заснавальніца грамадзкай арганізацыі «Зьвяно», якая маніторыла сыстэму аховы здароўя ва ўмовах пандэміі. У кастрычніку арганізацыю ліквідаваў менскі гарадзкі суд. У красавіку Тацяну затрымалі, яна правяла за кратамі больш за 10 дзён. Зь СІЗА № 1 на Валадарскага выйшла ў статусе падазраванай у крымінальнай справе.

«Мая гісторыя яшчэ не завяршылася, мне забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў. Я выехаў з адным сынам, а супраць маёй жонкі працягваецца крымінальны перасьлед, таму яна ня можа выехаць зь Беларусі. Тацяна ня бачыла сына ўжо 6 месяцаў, нашу сям’ю разлучылі, і мы фактычна ня маем ніякіх магчымасьцяў пабачыцца. Мы падавалі заяву на дазвол часовага выезду зь Беларусі, але нам адмовілі», — паведаміў Уладзімер Яворскі.

Праваабаронца кажа, што цяпер вельмі важна, каб міжнародная супольнасьць зьвярнула ўвагу на праблему дзяцей беларускіх актывістаў.

«У нас маглі забраць сына і пагражалі гэта зрабіць, таму мы яго вывезьлі зь Беларусі, і цяпер не рызыкуем яго туды прывезьці. Мы хочам, каб такую практыку спынілі, каб міжнародныя структуры ўключыліся ў гэты рух, бо такіх прыкладаў дзясяткі», — удакладніў Уладзімер Яворскі.

Паводле яго, ціск на грамадзкіх актывістаў празь іхных дзяцей у такіх маштабах, як у Беларусі, не выкарыстоўваюць нават тыя краіны, у якіх міжнародныя арганізацыі традыцыйна адзначаюць найбольшы ўзровень парушэньня правоў чалавека.

«Сказаў, што мае дзеці адправяцца ў прытулак»

Праз пагрозу забраць дваіх дзяцей пераехала ва Ўкраіну тэлевізійная вядоўца і сьпявачка Кацярына Ваданосава.

«Школа, у якой вучылася мая дачка, накіроўвала яе на рознага кшталту алімпіяды і конкурсы, ейны партрэт вісеў на дошцы гонару, а з другога боку, нас паставілі на ўлік як сям’ю праблемную, асацыяльную, у сацыяльна небясьпечнай сытуацыі. Самая вялікая наша правіна была ў тым, што мы ўдзельнічалі ў дваровых канцэртах», — расказала Кацярына Ваданосава.

Кацярына Ваданосава са сваімі дзецьмі (у цэнтры), украінскі дэпутат Тарас Тарасенка (справа)
Кацярына Ваданосава са сваімі дзецьмі (у цэнтры), украінскі дэпутат Тарас Тарасенка (справа)

Паводле яе, сям’я спачатку спрабавала існаваць у такіх умовах.

«Але калі на адной з прафіляктычных гутарак са мной чалавек, які не прадставіўся, сказаў, што мае дзеці адправяцца ў прытулак, вырашылі выяжджаць», — дадала яна.

Кацярына ўдакладніла, што яе папярэдзілі: у выпадку яе затрыманьня апекі над дзецьмі не атрымае ні ейны муж (бо не зьяўляецца біялягічным бацькам малых), ні ейная маці, бо ёй ужо 70 гадоў.

«Гэта была апошняя кропля, пасьля якой мы пакінулі краіну. Да адседкі гатовыя ўсе беларусы, а да таго, што дзеці пры жывых бацьках будуць у дзіцячым доме... Гэта вельмі страшна».

«На практыцы адчула, што такое дзіцячая дэпрэсія»

З траімі дзецьмі зьехала ва Ўкраіну і журналістка Алена Прыходзька — пасьля таго, як яе выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт.

«Мой кейс можна лічыць ідэальным, бо дзякуючы добрым людзям атрымалася і са школай, і зь дзіцячым садком (ва Ўкраіне). Але ў нас ёсьць прыклад, калі ў Адэсе адмовіліся прыняць дзяцей у школу, таму што няма віду на жыхарства, а яны толькі месяц таму прыехалі. Адмовіла нават ня школа, а раённы аддзел адукацыі. Не таму, што беларусы тут не патрэбны, а таму, што аддзелы адукацыі і дырэктары школаў ня маюць альгарытмаў, як прымаць іншаземцаў, асабліва калі ў іх няма дакумэнтаў», — паведаміла яна.

Апроч таго, паводле Алены, беларусы ўсё яшчэ маюць праблемы зь легалізацыяй і атрыманьнем права на працу.

«Усё гэта стварае стрэсавую сытуацыю. І дзеці становяцца закладнікамі. Я на сваім досьведзе адчула, што такое дзіцячая дэпрэсія, калі першыя два месяцы дачка амаль што не ўставала з ложка. Яна спала да абеду, нікуды не хадзіла, нічога не хацела, яна нават прачынацца не хацела, бо вельмі сумавала, плакала, казала, што ў яе аднялі сяброў, сям’ю, што яна не разумее, навошта сюды прыехалі... Праходзіць праз такія сытуацыі вельмі цяжка», — дадала Алена Прыходзька.

Украінскія і беларускія праваабаронцы зьвярнуліся да ўкраінскай улады па спрыяньне ў рэабілітацыі дзяцей палітычных мігрантаў ва Ўкраіну.

Народны дэпутат Украіны Тарас Тарасенка паведаміў, што цяпер у парлямэнце знаходзяцца два праекты закону, закліканыя дапамагчы беларускім мігрантам.

«Адзін праект ужо прайшоў праз камітэт правоў чалавека, другі ўжо ўключаны ў парадак дня. Мы робім усё, каб беларусы атрымалі ўсе належныя ўмовы пражываньня ва Ўкраіне, і далей будзем намагацца, каб усе факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі былі зафіксаваныя, і мы будзем адстойваць правы беларусаў на міжнароднай арэне», — заявіў дэпутат.

Праваабаронцы паведамілі, што ў часе доўгатэрміновай кампаніі абароны беларускіх дзяцей ад рэпрэсій яны накіруюць звароты ў шэраг міжнародных дзіцячых арганізацый, у тым ліку ў Камітэт правоў чалавека, UNICEF і ААН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG