Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядаюць новыя крыжовыя паходы ў школы


Ілюстрацыйнае фота

Беларуская школа заўжды была рэпрэсіўным мэханізмам, накіраваным на тое, каб выгадаваць зь дзяцей ідэалягічна правільных дарослых. Але раней у бацькоў было дастаткова мэханізмаў, каб супрацьстаяць ідэалягічнай апрацоўцы, і яны маглі супрацьстаяць у тым ліку таму, каб са школ рабілі палігоны для царкоўных вучэньняў. Цяпер жа, ва ўмовах дзяржаўнага тэрору, гэтых мэханізмаў паменшала, бо людзям сапраўды ёсьць чаго баяцца.

І дзяржава, і царква гэтым пасьпяхова карыстаюцца. Фармальна дзеля абароны дзяцей у школах цяпер дзяжураць міліцыянты замест вахтароў. Бацькі да такога новаўвядзеньня ставяцца па-рознаму, і сярод маіх знаёмых шмат хто лічыць, што робіцца гэта зусім ня дзеля бясьпекі. У Дэпартамэнце аховы ж кажуць, што на дзіцячыя бойкі цяпер будуць выклікаць групу затрыманьня і што гэта трэба для зьмяншэньня колькасьці канфліктаў і стварэньня псыхалягічна камфортнага асяродзьдзя.

Немагчыма ўявіць, што супрацоўнікі МУС, якія за апошні год здабылі рэпутацыю садыстаў, могуць паляпшаць псыхалягічную атмасфэру ў школах. Затое запужваць адным фактам сваёй прысутнасьці — колькі заўгодна. Але для дзяржаўных органаў у Беларусі гэтага дастаткова, бо там дагэтуль не адрозьніваюць страх і павагу, а цішыню, выкліканую страхам, лёгка выдаюць за здаровае і спрыяльнае ў псыхалягічным пляне асяродзьдзе.

Царква таксама напоўніцу выкарыстоўвае запужанасьць дзяцей і бацькоў. Па словах протаярэя Фёдара Поўнага, сьвятары туды ідуць не прапаведаваць, а ачалавечваць. Аказалася, што пасьля больш чым году бесьперапынных катаваньняў у ізалятарах і турмах ачалавечваць трэба акурат дзяцей. Гэта надзвычай цынічны падыход, але чаго ня зробіць царкоўны функцыянэр, каб застацца ў міласьці Лукашэнкі?

Але ён жа і схлусіў! Царква працягвае прапаведаваць у школах і далей будзе рабіць гэта яшчэ актыўней, бо ведае, што цяпер бацькоўскага супраціву і патрабаваньняў выконваць Канстытуцыю будзе яшчэ менш.

Вось у Кіраўску ў звычайную гарадзкую школу прыйшла выкладчыца нядзельнай школы і правяла там клясную гадзіну на тэму «Цнатлівасьць — падмурак моцнай асобы». Жанчына казала, што да вясельля ня трэба займацца сэксам, паказвала цацкі, якія называла мадэлямі эмбрыёнаў (калісьці цэнтар «Матуля» зьбіраў грошы на такія цацкі і сутыкнуўся з хваляй крытыкі з прычыны нерэалістычнасьці «мадэляў»).

Такія клясныя гадзіны можна было б назваць формай праявы свабоды слова ў дэмакратычным грамадзтве, але ў Беларусі няма ні дэмакратыі, ні свабоды слова. І царкоўная прапаганда — гэта не адзін з розных падыходаў да сэксуальнай адукацыі у школах, а адзіны. Ініцыятывам, якія гатовыя апавядаць дзецям і падлеткам аб праве на недатыкальнасьць, асабістых межах і кантрацэпцыі, доступ у школы забаронены. Гэтая інфармацыя лічыцца на афіцыйным узроўні нечым сярэднім паміж вычварэнствам і экстрэмізмам. Іншая справа — запужваць небясьпечнасьцю абортаў, даючы састарэлую ці папросту лжывую інфармацыю, навешваць пачуцьцё віны і сораму за сэксуальныя жаданьні, якія ўзьнікаюць у падлеткавым узросьце.

Царква не навучыць, як найбольш бясьпечна ўжывацца з гэтымі жаданьнямі, як распазнаць гвалт і як максымальна абараніць сябе ад чужых маніпуляцый. Бо царква бачыць сваю задачу ў школе не ў дапамозе падлеткам, а ў перацягненьні на свой бок як мага большай колькасьці людзей, каб яны прытрымліваліся самі і прапагандавалі сярод іншых кансэрватыўныя каштоўнасьці і адпаведны погляд на сьвет.

Нічога асабістага, проста бізнэс. Які, па сумяшчальніцтве, вельмі выгадны дзяржаве, бо ўсяляк яе падтрымлівае і апраўдвае любы гвалт зь яе боку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG