Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атачэньне Лукашэнкі таемна здабывае золата ў Афрыцы». Як журналісты раскрылі бізнэс-схемы


Прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва, Аляксандар Лукашэнка і Віктар Шэйман

Кіраўнік Беларускага расьсьледвальнага цэнтру Стась Івашкевіч расказвае пра беларускі эпізод з «Дасье Пандоры».

«Дасье Пандоры» — гэта 11,9 мільёна файлаў вагой 2,94 тэрабайта з 14 розных крыніц. Больш за 650 журналістаў зь Міжнароднага кансорцыюму журналістаў вывучылі мільёны файлаў, у якіх фігуруе інфармацыя пра тры дзясяткі былых і цяперашніх кіраўнікоў дзяржаў і больш як пра тры сотні чыноўнікаў. Упершыню ў падобным расьсьледаваньні паўдзельнічалі і беларусы.

«Праца над гэтым пачалася прыблізна год таму, калі адбыўся гэты зьліў Міжнароднаму кансорцыюму журналістаў-расьсьледвальнікаў. У іх ёсьць партнэр, вядомы пад ангельскім скаротам OCCRP — гэта Цэнтар расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці, а мы — іхны партнэр. Калі яны ўбачылі, што там ёсьць беларускія сьляды, то запрасілі нас. Я паехаў, паглядзеў на матэрыялы, убачыў, што справа сур’ёзная, і адкамандзіраваў туды аднаго з нашых найлепшых дасьледнікаў Алеся Ярашэвіча, які раней працаваў на БелаПАНе. Апошнія два месяцы ён правёў там і аналізаваў гэты вялікі аб’ём дакумэнтаў».

Журналісты ўстанавілі, што сын былога кіраўніка спраў прэзыдэнта Беларусі Віктара Шэймана Сяргей і бізнэсовец Аляксандар Зінгман праз афшорную кампанію валодаюць доляй у фірме Zim Goldfields, якая здабывае золата ў Зымбабвэ.

«Грошы за здабычу золата атрымлівала фірма, зарэгістраваная ў падатковым раі»

«За 30 год незалежнасьці Беларусі ёсьць адзіны раптоўны ўсплёск, зьвязаны з Зымбабвэ — у 2018 годзе. Ён зьвязаны зь візытам туды начальніка кіраўніцтва спраў вамі прэзыдэнта Віктара Шэймана, і да таго ж даверанай асобай Лукашэнкі па Афрыцы. Паводле дакладу Лукашэнку пасьля вяртаньня, ён дамовіўся там на наступную схему: Беларусь пастаўляе туды тэхніку на дзясяткі мільёнаў даляраў, а ў адказ, калі яны ня могуць расплаціцца грашыма, то могуць расплаціцца правамі на здабычу золата», — кажа Івашкевіч.

За два месяцы да гэтага, як тлумачыць журналіст, на Сэйшэльскіх Астравах сын Віктара Шэймана, які дамаўляецца ў Зымбабвэ ад імя дзяржавы, рэгіструе фірму, якая ў выніку зьяўляецца ўласьнікам той кампаніі, што здабывае золата.

«Па вялікім рахунку, бэнэфіцыярам міждзяржаўнай зьдзелкі зьяўляецца непасрэдны блізкі сваяк таго, хто аб ёй дамаўляўся. Грошы за здабычу золата атрымлівала фірма, зарэгістраваная ў падатковым раі, якая належыць Сяргею Шэйману. У нас ёсьць інфармацыя, што была такая зьдзелка, што пастаўлялася тэхніка, ёсьць інфармацыя, што ішоў пошук золата. Але непасрэдна каб было прапісана, што МТЗ высылае бясплатна трактары, а Шэйману бясплатна золата — такога дакумэнта няма. Ёсьць вельмі вялікая колькасьць супадзеньняў, якая па-за разумнымі сумневамі сьведчыць аб тым, што ўсе зьдзелкі могуць быць зьвязаныя», — кажа Івашкевіч.

«Такія падазроныя схемы спачатку даваліся бізнэсоўцам»

Журналіст называе гэта беспрэцэдэнтнай рэччу, бо раней, паводле яго, вялікія кавалкі палітычных субсыдый, як напрыклад нафта, даваліся бізнэсоўцам, якія мелі сувязі зь беларускімі ўрадоўцамі. Ён нагадвае, што ў 1990-я гады найбуйнейшай фігурай у гэтым сэнсе быў Анатоль Тарнаўскі.

«Ён тады працаваў пры Гуцэрыеву (расейскі алігарх, зьвязаны зь Беларусьсю. — РС). Адна зь ягоных фірмаў была трэцім найбуйнейшым падаткаплатнікам у Беларусі пасьля двух нафтаперапрацоўчых заводаў. Можна сабе ўявіць, які вялізарны кавалак нафтавых субсыдый атрымаў Тарнаўскі. У ягонай фірме, дарэчы, працавала нявестка Лукашэнкі Ганна, дачка ягонага сына Дзьмітрыя. Мы знайшлі фірму Тарнаўскага ў Вялікай Брытаніі зь дзясяткамі мільёнамі даляраў ад продажу нафтапрадуктаў. А ўласнасьць гэтых фірмаў хавалася ў Панаме, канчатковым бэнэфіцыярам гэтай кампаніі была дачка Тарнаўскага», — кажа кіраўнік Беларускага расьсьледвальнага цэнтру.

Такія падазроныя схемы, кажа Івашкевіч, спачатку даваліся бізнэсоўцам. А потым у бізнэс пачалі дэлегавацца чыноўнікі. Журналіст прыгадвае памочніка Лукашэнкі Аляксандра Зайцава, які да 2012 году быў дарадцам па бясьпецы.

Станіслаў Івашкевіч
Станіслаў Івашкевіч

«А потым ён раптам сыходзіць і становіцца ўласьнікам 100-мільённага бізнэсу. У тым ліку і SOHRA Group, якая была вельмі таямнічым бэнэфіцыярам зьдзелкі таксама з золатам, калі Лукашэнка асабіста дзякаваў прэзыдэнту Судану Амару аль-Башыру за тое, што той дазволіў Беларусі здабываць золата ў Судане. А ў выніку аказалася, што Беларусь, якая атрымлівае ад гэтага выгаду, — гэта эмірацкая афшорка, уласьнікам якой зьяўляецца Аляксандар Зайцаў. Мы бачылі эвалюцыю, калі кашалькамі станавіліся дэлегаваныя ў бізнэс чыноўнікі. А цяпер мы ўпершыню бачым, як чыноўнікі праз сваіх сваякоў атрымліваюць выгаду самі сабе», — кажа Стась Івашкевіч.

«Лукашэнка прасіў Шэймана скончыць праект па здабычы золата ў інтарэсах сына Шэймана»

Ён узгадвае, як Лукашэнка разьвітваўся нядаўна з Шэйманам, калі той падаваў у адстаўку з пасады кіраўніка Ўпраўленьня спраў прэзыдэнта.

«"Віктар, прашу цябе, не пакінь хвасты па Афрыцы, — казаў Лукашэнка. — Мяне, маўляў, просяць накіраваць давераных асобаў, а ў мяне ёсьць толькі ты і старэйшы сын". Мы зараз бачым, што тое, аб чым прасіў Лукашэнка Шэймана, — гэта скончыць праект па здабычы золата ў інтарэсах сына Шэймана. Чаму Лукашэнка яго аб гэтым прасіў? Адказ кожны можа даць сабе сам, чаму Лукашэнка быў так зацікаўлены, каб сын Шэймана працягнуў здабываць золата, грошы ад якога ідуць на Сейшэльскія Астравы».

Пра якія сумы можа ісьці гаворка? Беларускім журналістам трапілі ў рукі дакумэнты з пэрыяду геолягаразьведкі залатога радовішча ў Зымбабвэ. Там гаворыцца пра мільёны даляраў. Але Івашкевіч падкрэсьлівае, што сума датычыць выключна разьведкі. Сам Шэйман дакладваў Лукашэнку, што золата ідзе ўзамен за тэхніку, то бок тут гаворка можа ісьці пра дзясяткі мільёнаў даляраў, кажа Івашкевіч. Але дадае, што пакуль няма адпаведных дакумэнтаў, каб сьцьвердзіць, колькі яны зарабілі ў 2020 годзе і пазьней. У 2018 годзе Шэйман казаў, што распрацоўка ідзе пэрспэктыўна.

Расьсьледвальнікам удалося знайсьці некалькі зымбабвійскіх дакумэнтаў, якія тычыцца здабычы. У гэтым паспрыяў журналіст «Эўрарадыё» Аляксей Карпека, які таксама вывучаў гэтае пытаньне. У адным з дакумэнтаў муніцыпалітэту ішоў пералік колькасьці золата, якое здабывалі фірмы. Журналісты спадзяюцца знайсьці працяг з інфармацыяй пра кампанію Шэймана-малодшага. Агулам, кажа Івашкевіч, Зымбабвэ — вельмі закрытая краіна, і атрымаць ад іх дакумэнты вельмі складана.

Дарэчы, Сяргей Шэйман ужо раней фігураваў у расьсьледаваньні зьняволенай журналісткі Белсату Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. Фірма Шэймана была зьвязаная з пастаўкамі на расейскую вайсковую замову. Ужо тады гэта выклікала падазрэньне, што кампанія можа быць прыватным адтокам міждзяржаўнай зьдзелкі, лічыць Івашкевіч.

«Тое, што Зінгман хлусіць, сьведчыць аб тым, што нашая знаходка — праўда»

Журналісты спрабавалі атрымаць камэнтар па справе з «Дасье Пандоры» ад Сяргея і Віктара Шэйманаў. Але на запыты і званкі яны не адказалі. З электроннай пошты кампаніі Aftrade, якою валодае Аляксандар Зінгман, расьсьледавальнікам прыйшоў адказ, што бізнэсовец ня мае ніякага дачыненьня ні да супольнага прадпрыемства Zim Goldfields, ні да брытанскай фірмы Midlands Goldfields Limited. «Спадар Зінгман таксама ня ўдзельнічае ў якіх-небудзь дзелавых адносінах і існуючых кампаніях са спадаром Сяргеем Шэйманам», — гаворыцца ў адказе.

«Мяне як журналіста цешаць такія адказы, калі фігуранты наўпрост яўна хлусяць, спадзеючыся, што ты нічога ня ведаеш. Ён кажа, што ніколі ня меў прамых дачыненьняў зь Сяргеем Шэйманам. У нас ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што яны партнэры з долямі 50%/50% зь Сяргеем Шэйманам. Тое, што ён хлусіць, сьведчыць аб тым, што нашая знаходка — праўда», — сказаў Стась Івашкевіч.

З 27 000 кампаніяў, выяўленых у расьсьледаваньні «Дасье Пандоры», 138 зьвязаныя з уласьнікамі ў Беларусі. Паводле Стася Івашкевіча, ягоная каманда займаецца цяпер чарговымі расьсьледаваньнямі з «Дасье Пандоры», якія неўзабаве пабачаць сьвет.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG