Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 кастрычніка: 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах


Ілюстрацыйнае фота. Падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 году ў Менску

У Менску да 3 гадоў калёніі асудзілі пратэстоўца Кастру і Сільва Сержыю

6 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёну Менску вынесьлі прысуд па крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) супраць грамадзяніна Беларусі Кастру і Сільва Сержыю. Судзьдзя Тацяна Пірожнікава прысудзіла яму тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Дзяржаўнае абвінавачваньне па справе падтрымліваў Фёдар Сініцкі, паведамляе «Вясна».

32-гадовага кіроўцу таксі Кастру і Сільва Сержыю затрымалі сёлета 12 ліпеня за ўдзел у леташніх жнівеньскіх пратэстах. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, ён «браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, публічна выкрыкваў лёзунгі, пляскаў рукамі, наўмысна перашкаджаў працы грамадзкага транспарту, разьбіў нявызначаную колькасьць пліткі».

Мужчына прызнаў віну ў поўным аб’ёме і сказаў, што пайшоў на акцыю зь цікавасьці — паглядзець, «якія людзі там будуць», а таксама каб выказаць сваё палітычнае меркаваньне — калі чытаў пра тое, як зьбіваюць людзей, яго гэта трывожыла і не магло пакінуць абыякавым. Паводле яго, лёзунгі ён не выкрыкваў, на дарогу выйшаў, каб зьняць відэа, і ня браў удзелу ў шэсьці. На пытаньне пракурора, ці падбіраў ён якія-небудзь прадметы, абвінавачаны распавёў, што пакуль быў у натоўпе, то «вырашыў падзяцініцца» і на відэа кінуў нейкі камень, каб разьбіць кавалачак пліткі. Але той так і не разьбіўся, таму яшчэ пару разоў кінуў, але нікому пры гэтым не пагражаў, а міліцыі тады наогул не было.

15 сутак за перасыл паведамленьня са старонкі «Белсат» у Instagram у прыватнай перапісцы

У судзе Цэнтральнага раёну Менску сёньня разгледзелі справу 21-гадовага студэнта МІПСА Вадзіма Хахлова. Трэцякурсьніка затрымалі 5 кастрычніка. У яго канфіскавалі тэлефон, у прыватнай перапісцы ў Instagram міліцыянты знайшлі паведамленьне, якое Вадзім пераслаў са старонкі «Белсату» — за гэта ў Цэнтральным РУУС на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць»).

Хлопец на судзе растлумачыў, што ня ведаў пра тое, што старонка выданьня нават у Instagram прызнаная экстрэмісцкай. У выніку судзьдзя Дзьмітры Карсюк прызнаў Хахлова вінаватым і арыштаваў яго на 15 сутак, піша «Вясна назірае».

Шматдзетнаму бацьку Мікалаю Шэметаву пакінулі прысуд бязь зьменаў

Палітвязьня Мікалая Шэметава затрымалі 21 сьнежня на парозе школы, куды ён адводзіў сваю дачку, і абвінавацілі ў «арганізацыі дзеньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» 27 верасьня 2020 году праз адміністраваньне дваровага тэлеграм-чату: нібыта ён разьмяшчаў інфармацыю і каардынаваў дзеяньні па перамяшчэньні калёны, падказваў магчымыя маршруты, паведамляў пра магчымыя месцы знаходжаньня міліцыі і спэцтэхнікі. 16 ліпеня судзьдзя Дзьмітры Карсюк асудзіў яго на 2 гады пазбаўленьня волі. Учора ў Менгарсудзе разглядзелі апэляцыйную скаргу палітвязьня, але прысуд пакінулі бязь зьменаў, піша «Вясна».

Шэметаў мае на ўтрыманьні чацьвярых непаўналетніх дзяцей, самаму малодшаму зь якіх усяго 7 месяцаў.

Журналіста Дзяніса Івашына перавялі ў карцар

Там Дзяніс Івашын прабудзе 5 дзён, пасьля чаго журналіста зь невядомай прычыны зьмесьцяць на 5 дзён на карантын. Такім чынам, палітвязень 10 дзён будзе ў поўнай ізаляцыі і ня зможа атрымліваць перадачы з волі, піша @belsat.

Пракуратура завяла справы на YouTube-блогера «П» за ролік з асабістымі дадзенымі пракурора

Справы па ч.3 ст.203-1 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) завяла пракуратура Гомельскай вобласьці. Згодна з матэрыяламі справы, блогер разьмясьціў відэазапіс, у якім былі пэрсанальныя дадзеныя памочніка пракуроркі Рэчыцкага раёну, пазьней пад відэа пакінулі камэнтары з абразамі ў адрас пракурора Рэчыцкага раёну.

У прэс-рэлізе не ўказваецца імя падазраванага, але пад апісаньне амаль падыходзіць беларускі блогер Андрэй Павук. У яго на канале выходзіў ролік пра прысуд хворай на анкалёгію 65-гадовай пэнсіянэрцы, якая атрымала паўтара года хатняй «хіміі» за абразу міліцыянта. Падчас здымак ён спрабаваў датэлефанавацца да дзяржабвінаваўцы па справе і да пракурора Рэчыцкага раёна. Праўда, даты ў прэс-рэлізе і на відэа не супадаюць: па дадзеных пракуратуры, ролік разьмясьцілі 17 жніўня, а на канале Андрэя Павука дата публікацыі — 17 верасьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG