Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, у чым вінавацяць праваабаронцу Алеся Бяляцкага, якога пакінулі пад арыштам


Зьняволеныя беларускія праваабаронцы Ўладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч

Суд пакінуў кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» за кратамі. Стала вядома, што яму выставілі абвінавачаньне толькі паводле аднаго артыкулу Крымінальнага кодэксу.

6 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе разглядзелі скаргу палітзьняволенага старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага на падаўжэньне тэрміну ўзяцьця пад варту. Судзьдзя Яўген Хаткевіч пакінуў скаргу без задавальненьня — праваабаронца застаецца за кратамі, піша тэлеграм-канал «Вясны».

У СІЗА Бяляцкага ўтрымліваюць з 14 ліпеня.

Стала дакладна вядома, што Алесю Бяляцкаму выставілі абвінавачаньне толькі па адным артыкуле Крымінальнага кодэксу — ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Санкцыя па ім прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.

Гэтая інфармацыя раней была невядомая, бо адвакат праваабаронцы знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні, а лісты вясноўца зь СІЗА жорстка цэнзуруюцца. Раней паведамлялася, што, акрамя артыкула за падаткі, яго абвінавачваюць паводле двух частак арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Паводле абвінавачаньня, Алесь Бяляцкі сумесна з Уладзімерам Лабковічам, Валянцінам Стэфановічам, Дзьмітрыем Салаўёвым «і іншымі нявызначанымі асобамі» кіравалі працай «Вясны» пасьля яе ліквідацыі Вярхоўным судом у 2003 годзе.

Нібыта яны «ў парушэньне нормаў Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў не зарэгістравалі «Вясну» ў якасьці юрыдычнай асобы і падаткаплатніка і не падавалі дакумэнты ў падатковую. Тым самым яны «схавалі ад падатковых органаў зьвесткі аб ажыцьцёўленых выплатах і ўхіліліся ад прызнаньня арганізацыі падатковым агентам». Такім чынам праваабаронцы нібыта «зьдзейсьнілі ўхіленьне ад выплаты сум падаходнага падатку шляхам утойваньня падатковай базы за пэрыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме ня менш за 113 тысяч 428 рублёў».

Раней улады ўжо перасьледавалі Бяляцкага паводле артыкулу аб нясплаце падаткаў. 24 кастрычніка 2011 году старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» асудзілі на 4,5 года ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд — палітычна матываваным.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG