Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана на газ у Эўропе зноў абнавіла гістарычны максымум


Біржавая цана на газ у Эўропе ў сераду, 6 кастрычніка, на лёнданскай біржы ICE перавысіла 1700 даляраў за тысячу кубамэтраў, абнавіўшы гістарычны максымум.

Эўракамісія назвала прычынай росту цэн попыт на энэргарэсурсы. Паводле зьвестак ведамства, ён дасягнуў максымуму за апошнія 25 гадоў.

Францыя, Гішпанія, Чэхія, Грэцыя і Румынія прапанавалі расьсьледаваць прычыны рэкорднага росту цэн на газ у Эўропе. Міністры фінансаў гэтых краін прапанавалі стварыць агульны інструмэнтар для краін Эўразьвязу, каб рэагаваць на скачкі цэн на энэргарэсурсы. Краіны ЭЗ павінны каардынаваць закупкі газу, каб узмацніць свае перамоўныя інтарэсы, гаворыцца ў заяве міністраў.

Цана газу ў Эўропе пачала расьці летам. Адной з прычын для скачка экспэрты называюць халодную зіму 2020 году і анамальную сьпякоту летам.

Эўрапейскія сховішчы фіксуюць дэфіцыт запасаў паліва. Да пачатку ацяпляльнага сэзону ў Эўропе 1 кастрычніка яны аказаліся запоўненыя прыкладна на 70 працэнтаў — гэта мінімум з 2011 году. Летась сховішчы былі запоўненыя амаль на 95 адсоткаў.

Расейскае выданьне РБК паведамляла, што на цэнах адбіліся вынікі аўкцыёнаў у справе браніраваньня дадатковых магутнасьцяў для транзыту газу праз Украіну на верасень. На іх былі выстаўленыя магутнасьці да 15 мільёнаў кубамэтраў у суткі, але «Газпрам» выкупіў крыху больш за чатыры адсоткі аб’ёму. На аўкцыёне 20 верасьня дадатковыя магутнасьці кампанія браніраваць ня стала.

Гэта дало падставы Эўрапарлямэнту западозрыць расейскую газавую манаполію «Газпрам» у сьвядомым ціску на рынак. Расейскі канцэрн у адказ заявіў, што імкнецца нарасьціць аб’ём паставак. Масква сьцьвярджае, што цэны будуць збалянсаваныя пасьля запуску газаправоду «Паўночны паток — 2».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG