Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За камэнтары пра справу Андрэя Зельцара затрымалі маладафронтаўца Арсеня Чыжыка


Арсень Чыжык, архіўнае фота

У Гомельскай вобласьці затрымалі сябра «Маладога фронту» Арсеня Чыжыка, які раней працаваў сьлесарам-рамонтнікам на Петрыкаўскім рудніку і быў звольнены за ўдзел у пратэстах.

Паводле лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, затрымалі Арсеня Чыжыка за відэакамэнтар у справе Андрэя Зельцара, менскага айцішніка, які, паводле вэрсіі беларускіх уладаў, быў забіты пасьля таго, як застрэліў супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка.

Арсеня Чыжыка звольнілі зь Петрыкаўскага рудніка ў канцы жніўня загадам гендырэктара, нібыта за прагул у 13 дзён у ліпені, калі Чыжык адбываў адміністрацыйны арышт пасьля затрыманьня ў Менску.

Арсень Чыжык расказваў, што яго затрымалі сярод дня ў Менску, каля Акадэміі навук.

«Суд быў праз скайп, усе мае хадайніцтвы адхілілі. Казаў, што на маім заплечніку не было „Пагоні“, што яе наляпілі ў міліцыі, каб абвінаваціць мяне ў пікетаваньні, але не захацелі праглядаць відэа», — успамінаў пра сваё затрыманьне Арсень Чыжык. Ён казаў, што ў ізалятары на Акрэсьціна яго білі, у тым ліку па нырках.

Арсеню Чыжыку 26 гадоў, сам ён з Жыткавіч. У 2019 годзе Арсень бараніў Курапаты, браў удзел у пікетаваньні супраць адкрыцьця каля народнага мэмарыялу рэстарацыі «Поедем поедим». У жніўні 2020-га актывіста затрымлівалі на 3 дні за ўдзел у пратэстах.

Пасьля звальненьня зь Петрыкаўскага горнаўзбагачальнага камбінату Арсень Чыжык не плянаваў пакідаць Беларусь. Зьбіраўся знайсьці працу па спэцыяльнасьці, у крайнім выпадку пайсьці валіць лес.

Паводле Сьледчага камітэту, за камэнтары аб здарэньні з удзелам Андрэя Зельцара затрымалі больш за 110 чалавек, ім пагражае абвінавачаньне паводле 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу ў распальваньні варожасьці. Паводле праваабаронцаў «Вясны», значную частку затрыманых у гэтай справе перавялі ў ізалятар у Жодзіна, дзе ўзьніклі праблемы зь перадачай ім сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

Па зьвестках сваякоў Арсеня Чыжыка, яго трымаюць ў Гомельскім СІЗА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG