Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк істотна пагоршыў прагноз ВУП Беларусі на 2022 год


Ілюстрацыйнае фота

У восеньскім рэгіянальным аглядзе экспэрты Сусьветнага банку прагназуюць рост беларускага ВУП сёлета ў 1,2%. Аднак на 2022 год яны прадракаюць падзеньне на 2,8%. Ацэнка пагоршылася адразу на 4,7 прагнознага пункта — раней гаварылі пра рост у 1,9%.

Сусьветны банк зьвязвае перагляд прагнозу беларускага ВУП ў 2021 годзе з ростам цэнаў на сыравінныя тавары і актывізацыяй вонкавага попыту. Пры гэтым экспэрты зьвяртаюць увагу на зьніжэньне ўнутранага попыту і інвэстыцыі, а таксама рост бюджэтнага дэфіцыту. У прагнозе на 2021-2023 гады таксама ўлічваюцца сэктаральныя санкцыі Эўразьвязу.

У справаздачы адзначаецца, што летась эканоміка была прастымуляваная адсутнасьцю абмежавальных захадаў, а таксама падтрымкай з боку дзяржавы. У далейшым магчымасьці для фіскальнага стымуляваньня росту будуць скарачацца з улікам выплат замежнага дзярждоўгу, якія ў 2022 годзе ацэньваюцца ў 2,4 млрд даляраў, а ў 2023-м — у 3,3 млрд даляраў. Аналітыкі дапускаюць, што Беларусь можа разьмясціць аблігацыі ў Расеі для рэфінансаваньня доўгу, але доступ да эўрапейскага рынку бондаў закрыты ў выніку санкцый.

Сэктаральныя санкцыі, якія закранаюць сыравінны экспарт, зьяўляюцца сур’ёзным выклікам для краіны, бо могуць закрануць вытворчыя ланцужкі. З прычыны таго, што праца дзеля ліквідацыі структурных слабасьцяў беларускай эканомікі не вядзецца, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве дынаміка ВУП становіцца залежнай ад навакольнага асяродку. Прынамсі хатнія гаспадаркі ўжо дэманструюць пэсімізм, пра што сьведчаць высокія інфляцыйныя чаканьні і адток дэпазытаў у замежнай валюце.

Сусьветны банк чакае, што сэктаральныя санкцыі закрануць сыравінны беларускі экспарт ў 2022 годзе, што прывядзе да зьніжэньня ВУП на 2,8%. Пры гэтым санкцыі падвысяць трансакцыйныя выдаткі ня толькі для экспартэраў, а і для кампаній, якія працуюць на ўнутраным рынку.
Таксама экспэрты банка прагназуюць, што па выніках году інфляцыя ў Беларусі можа скласьці 10,5%.

Паводле афіцыйнага прагнозу, зацьверджанага ўказам Аляксандра Лукашэнкі, беларуская эканоміка сёлета павінна вырасьці на 1,8%. У прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на наступны год урад мае закласьці рост ВУП у 2,9%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG